На сваёй вуліцы. Ганна Юралевіч

Образование

“Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі…” — гэтыя словы Янкі Купалы з цягам часу сталі самастойным афарызмам. Столькі мудрасці і глыбокага зместу ў іх, бо шчасце заўсёды побач. Родная вёска, першы снег, усмешкі родных і блізкіх людзей складаюць гэта недасяжнае, на першы погляд, пачуццё. Кожны імкнецца быць шчаслівым, шукаючы
добрай долі ў іншым горадзе, краіне. Аднак шчасце заўсёды побач.

Ганна Юралевіч калісьці зачытвалася творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, захаплялася народным побытам і нацыянальнымі звычаямі. Праз творы любімых аўтараў яна паглыбляла веды пра родную Беларусь, яе гісторыю і самабытныя традыцыі. Літаратура вабіла дзяўчыну. Яна заўжды знаходзіла час на любімую кнігу, а пасля заканчэння школы цвёрда вырашыла для сябе стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, вярнуцца ў свой раён і плённа працаваць у галіне адукацыі. Бацькі з радасцю прынялі выбар дачкі і падтрымалі яго. Падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы Ганна зразумела, што з выбарам не памылілася: вялікая колькасць новых твораў, магчымасць займацца даследчай дзейнасцю, кантакт з таленавітымі выкладчыкамі — усё гэта абудзіла жаданне да вучобы. І студэнтка не спынілася на дасягнутым. Пасля атрымання доўгачаканага дыплома яна паступіла ў магістратуру. У свой раён дзяўчына вярнулася з добрай падрыхтоўкай і вялікім творчым запалам. Хацелася дзяліцца ведамі, атрыманымі ва ўніверсітэце, выпрацоўваць неабходныя навыкі, будаваць жывыя зносіны з выхаванцамі.

Першым працоўным месцам маладога педагога стала гарадская гімназія № 1. Творчы і згуртаваны калектыў цёпла і прыязна прыняў маладога спецыяліста. У вырашэнні арганізацыйных пытанняў дапамагала адміністрацыя. Дзяўчына не адчувала ў новым калектыве дыскамфорту, бо, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Настаўніца з першых дзён акунулася ў вір школьнага жыцця: ёй было даручана класнае кіраўніцтва, выкладанне прадмета ў некалькіх класах, упершыню прыходзілася вырашаць самастойна безліч арганізацыйных пытанняў.

— Спачатку было складана знайсці падыход да дзяцей. Вучні прыглядаліся да мяне, а я — да іх. Вельмі хацелася пабудаваць зносіны, заснаваныя на поўным даверы і ўзаемапаразуменні. Замацавана я была за восьмым класам. Школьнікі ў гэтым узросце ўжо маюць свае погляды, прытрымліваюцца пэўных прынцыпаў. Працаваць з падлеткамі заўсёды складана. Аднак з цягам часу праз супрацоўніцтва ўдалося пабудаваць адносіны, заснаваныя на павазе і даверы. Зараз мае вучні ў дзявятым. Іх чакаюць выпускныя экзамены, а кагосьці — паступленне і самастойнае жыццё. Хочацца, каб час, праведзены ў школе, не прайшоў для іх марна.

Хоць працуе Ганна Юралевіч у гімназіі нядаўна, аднак паспела не толькі палюбіцца сваім вучням, аднак яшчэ і праявіць сябе з найлепшага боку. Настаўніца праяўляе актыўнасць у грамадскім жыцці школы, а яе вучні ўдзельнічаюць у творчых конкурсах і алімпіядах. Сама Ганна таксама стараецца павышаць прафесійны ўзровень. Мінулай восенню атрымалася прайсці праграму павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме. У сваёй дзейнасці педагог імкнецца выкарыстоўваць новыя метады, звяртаецца да электронных сродкаў навучання.

— З навучэнцамі трэба размаўляць на зразумелай для іх мове. Камп’ютар, планшэт, смартфон — гэтыя рэчы трывала ўвайшлі ў жыццё школьнікаў, таму нельга цалкам адмаўляцца на ўроках ад гэтых сродкаў. Стараюся шукаць камп’ютарныя адукацыйныя праграмы, а штосьці распрацоўваю сама. У мінулым годзе прыняла ўдзел у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Мой прадукт удзельнічаў у намінацыі “Інтэрактыўны плакат” і атрымаў трэцяе месца.

У вольны час дзяўчына жыве актыўным жыццём: наведвае выставы, сустракаецца з сябрамі, вандруе. Аднак любоў да кнігі засталася і зараз. Яна зачытваецца творамі беларускіх пісьменнікаў, адкрывае для сябе новыя імёны, пастаянна развіваецца. Разам з героямі твораў яна сумуе і радуецца, кахае і марыць, шукае сэнс жыцця. Аднак за гэты час Ганна зразумела для сябе простую ісціну: шчасце заўсёды побач і шукаць яго трэба на сваёй вуліцы.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *