Каму барунскі “скарб”, а каму столінскія журавіны! Восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах

События

Традыцыйны восеньскі кірмаш у другі раз паклікаў ашмянцаў за пакупкамі. Гараджан і вяскоўцаў чакалі багатыя гандлёвыя палаткі, машыны сельгаспрадпрыемстваў раёна і фермерскіх гаспадарак, а таксама гаспадары, якія прывезлі на продаж лішкі вырашчанай на сваіх участках садавіны і гародніны.

За пакупкамі запрашалі не толькі гандляры, але і народны ансамбль народнай песні “Крыніцы” раённага цэнтра культуры. Падчас канцэртнай праграмы людзі забываліся нават пра запасы на зіму, за якімі яны найперш і прыйшлі.

Што набывалі ашмянцы на кірмашы? Многіх цікавіла бульба. Куплялі яе цэлымі мяхамі. Дэмакратычны кошт дазваляў гэта зрабіць без урону для ўласнага кашалька. У сярэднім прапаноўвалі “другі хлеб” па 50-60 капеек за кілаграм. “Перабівалі” цану” барунскія аграрыі. Сетку “скарбу” ў 30-32 кг работнікі эксперыментальнай базы “Баруны” прапаноўвалі за 15 рублёў. Бойка ішоў гандаль і ў фермера Ігара Пратаковіча. Кошт фермерскай бульбы быў такім жа. КСУП “Гальшаны” за свой “скарб” прасіў 50 капеек. Ашмянскі філіял абласнога спажывецкага таварыства прыцягваў увагу рэдкімі гатункамі “паролі”, “вега” і “гала”. Закупленую ў насельніцтва бульбу спажывецкае таварыства прапаноўвала па 60 капеек.

Канец кастрычніка – час квасіць капусту. Адборныя качаны можна было набыць па цане ад 50 да 70 капеек. Якая ж капуста без журавінаў! Літар карыснай балотнай ягады прапаноўвалі па 7 – 8 рублёў. А вось смаргонская абляпіха каштавала 10 рублёў за літровы слоічак. Разышлася яна ў імгненне вока. Актыўна куплялі ашмянцы глог (баярышнік) і каліну. Прыглядаліся да не так распаўсюджанага, але вельмі смачнага кізілу.

Цікавіліся пакупнікі салодкім балгарскім перцам, цыбуляй і буйным часнаком. Шмат было і памідораў. За гэтыя апошнія восеньскія дары чырвонага колеру ў сярэднім прасілі па два рублі. Жоўтыя таматы цану сваю трымалі высока – ад трох з паловай рубля за кілаграм.

Попытам карысталіся саджанцы пладовых дрэў і кустоў, а таксама рознай экзотыкі накшталт актынідыі, ягад годжы і буякоў. Куплялі ашмянцы саджанцы варшаўскага фундука, грэцкага арэха, персіка і абрыкоса, якія прыехалі да нас з расліннага пітомніка ў Дзяржынску. Шмат пакупнікоў было ў Вольгі з Ракаўцаў, што на Смаргоншчыне.

— Часта прыязджаю ў Ашмяны. Мясцовыя гаспадары мяне добра ведаюць. Часта прыходзяць не толькі за саджанцамі, але і за парадай. У мяне вялікі вопыт у развядзенні розных дэкаратыўных раслін. Наш сад налічвае больш за 50 гатункаў розных дрэў і кустоў. Шмат кветак, якія цвітуць з ранняй вясны і ажно да маразоў. Ашмянцы актыўна купляюць зараз мяцельчатую гартэнзію, — адзначыла Вольга.

Шмат было на кірмашы хрызантэмы – восеньскай кветкі, якая не перастае нас радаваць яркімі колерамі ў пахмурныя шэрыя дні.

На гэты раз практычна не было збожжа. Толькі ашмянка Галіна прадавала жыта па цане 50 капеек за кг. Вочы разбягаліся ад вялікага асартыменту яблыкаў. Смаргонец Аляксандр па два рублі за кілаграм прапаноўваў гатункі “аўксіс, “церамок” і “прамяністы”. Традыцыйна хутка разыходзіліся антонаўка і салодкія каштэлі. Некаторыя гатункі яблыкаў гандляры не хацелі аддаваць танней, чым за тры рублі, а грушы даходзілі і да пяці рублёў.

Ураджэнец Барун Сяргей прывёз на кірмаш трусоў і курэй. За вялікага пярэстага гадаванца прасіў гаспадар сорак рублёў, за чорнага маленькага – дваццаць.

— Маленькі таксама хутка вырасце. Некаторыя асобіны дасягаюць у вазе да васьмі кілаграмаў. Развядзеннем жыўнасці з сям’ёй займаемся даўно, хаця акцэнту на пэўнай пародзе не робім. Сваю пароду мы называем хатняй, — смяецца Сяргей. – Куры нясуцца ў нас круглы год. Каб яйкі былі і ўзімку, неабходна асвятленне: вось і ўсе сакрэты.

У гарадскім скверы разгарнулі продаж народныя ўмельцы. Біжутэрыя ручной работы, посуд, прадметы хатняга побыту, кашалькі, цацкі, пернікі – выбар быў вялікі. Вырабы народных майстроў прапаноўваў і аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК.

Ніхто не пакідаў кірмашу з пустымі рукамі. Падсілкавацца і купіць прадукты да абедзенага стала можна было ў палатцы філіяла спажывецкага таварыства. Пірагі з рознымі начынкамі, булачкі, мясныя рулеты і каўбасы разыходзіліся хутка. Каб купіць свежамарожаную і салёную рыбу, трэба было аддстаяць у чарзе хвілін трыццаць. Куплялі ашмянцы і жывую рыбу, прывезеную з Солаў. Разам з традыцыйным карпам прасіліся ў торбу шчупак, амур і таўсталобік.

Гандлявалі ў гэты дзень цёплымі курткамі і паліто, вязанымі шапкамі і шалікамі, рукавіцамі і шкарпэткамі. Уцяпліцца маглі тут нават патрабавальныя модніцы. Палатка “Міру моды” са Ждановічаў не пуставала ні на хвіліну.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *