У Ашмянскі раён прыйшло працаваць 27 маладых настаўнікаў

Образование

Зусім нядаўна яны жылі іншым жыццём: экзамены, залікі, практычныя заняткі, курсавыя работы – усё гэта займала большасць вольнага часу маладых людзей. Студэнцкія гады – час сяброўства, адкрыццяў, мар і планаў, час трансфармацыі, зменаў у светапоглядзе. Гады вучобы памянялі кожнага, падаравалі не толькі новыя веды, але і іншыя погляды на жыццё. Студэнты ператварыліся ў маладых спецыялістаў, якія праз лічаныя дні ўпершыню прыступяць да працы. Гэта хвалюючая падзея для кожнага. Першае месца працы, першы калектыў, першая зарплата – гэтыя рэчы запомняцца на ўсё жыццё. На плячах выпускнікоў педагагічных навучальных устаноў ляжыць большая адказнасць, яны яшчэ больш хвалююцца і непакояцца. У іх руках – жыцці маленькіх людзей. За плячыма – шумныя выпускныя, а ў кішэні – доўгачаканыя дыпломы. Аднак кожнага з іх чакае яшчэ адзін не менш важны дакумент.

Урачыстае ўручэнне працоўных кніжак маладым спецыялістам стала добрай традыцыяй на Ашмяншчыне. Мерапрыемства не толькі падрэслівае важнасць гэтага дакумента для кожнага, але яшчэ дае магчымасць маладым людзям бліжэй пазнаёміцца і пасябраваць. У гэтым годзе наш раён папоўніўся 27 маладымі спецыялістамі. Прыгожыя, таленавітыя, яны толькі пачынаюць свой прафесійны шлях, вучацца самастойнасці і адказнасці. На тварах – прыгожыя ўсмешкі, а ў душы – безліч мрояў і планаў. У кожнага свая спецыяльнасць, аднак іх аб’ядноўвае жаданне працаваць з дзецьмі, вучыць і выхоўваць маленькіх асоб. На гэты раз маладых спецыялістаў запрасілі гасцінныя Гальшаны.

Гальшанская школа здзівіла прысутных прыгожай і чыстай тэрыторыяй. Будынак патанае ў каляровых кветках і зелені. Гасцей сустрэла цёплай усмешкай Марына Віктараўна Гайдукевіч, дырэктар установы. А перад уваходам маладых настаўнікаў чакалі выхаванцы школы. Яны кожнаму ўручалі каляровыя паштоўкі.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч. Яна павіншавала кожнага з новым статусам, пажадала  прытрымлівацца выбранага шляху, старацца быць апорай і падтрымкай для сваіх выхаванцаў, з годнасцю выконваць абавязкі. Наталля Іосіфаўна выразіла спадзяванне, што маладыя людзі і пасля адпрацоўкі застануцца працаваць у нашым раёне. Начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская таксама прывітала  маладых спецыялістаў. Яна выразіла надзею, што ўсе планы маладых людзей апраўдаюцца, яны стануць сапраўднымі прафесіяналамі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксей Дэрвіс падкрэсліў, што кожнаму будзе аказана падтрымка і дапамога. Выхаванцы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў падаравалі прысутным невялікі музычны нумар.

Нязмушаная атмасфера дапамагала бліжэй пазнаёміцца, абмяняцца кантактамі і пачаць сябраваць. Настаўнікі музыкі, замежнай мовы, біялогіі, матэматыкі, пачатковых класаў, фізічнай культуры, выхавальнікі дашкольных устаноў – усе такія розныя, але аб’яднаныя агульнай вялікай справай.

Вось падышоў самы хвалюючы момант – уручэнне працоўных кніжак. З гонарам і хваляваннем маладыя людзі атрымлівалі важны дакумент з рук Наталлі Станкевіч і  Святланы Баркоўскай. Хтосьці выбраў педагагічную прафесію самастойна, а для кагосьці прыкладам сталі бацькі-педагогі. Прыклад бацькі натхніў Юлію Чаплінскую, настаўніцу замежнай мовы СШ №3. Яе бацька ў свой час быў дырэктарам школы ў Граўжышках, выкладаў біялогію і хімію. Прафесія захапіла дзяўчыну, яна цвёрда вырашыла для сябе таксама стаць настаўніцай. І яе мара збылася. Юлія выступіла з прывітальным словам. Яна звярнулася да сваіх калег і павіншавала з пачаткам новай старонкі ў жыцці, пажадала быць адказнымі, стараннымі і сумленнымі.

Ксенія Зянкевіч прыйшла працаваць у гімназію нашага горада ў мінулым годзе. Год таму яна сама атрымлівала працоўную кніжку, а ў галаве было шмат пытанняў. Зараз, адпрацаваўшы адзін год, яна можа з упэўненасцю сказаць, што з прафесіяй яна не памылілася. Дзяўчына зазначыла, што былі розныя моманты, не ўсё ішло заўсёды гладка і прыгожа, аднак яна заўжды імкнулася не адступаць ад выбранага шляху. Ксенія перадала маладым спецыялістам, якія папоўнілі наш раён, кубак – своеасаблівы сімвал повязі паміж маладымі педагогамі Ашмяншчыны.

Кажуць, што ў школы жаночы твар. З гэтым меркаваннем цяжка не пагадзіцца. Педагагічную прафесію ў сваёй большасці выбіраюць дзяўчаты. У гэтым годзе заканамернасць таксама спрацавала. Аднак шэрагі маладых педагогаў папоўнілі і мужчыны. Яўгеній Спірыда будзе працаваць у Крэйванцах. Малады настаўнік спадзяецца знайсці кантакт з выхаванцамі, дапамагчы ім развіваць іх музычныя таленты. Ён з аптымізмам глядзіць на жыццё і спадзяецца, што першае месца працы прынясе яму толькі станоўчыя эмоцыі.

Традыцыйна выпускнікі зрабілі сумеснае фота. Знаходзячыся ў Гальшанах, немагчыма не наведаць замак, таму пасля ўрачыстай часткі маладыя людзі здзейснілі вандроўку да сцен старажытнага замка. Кожны меў магчымасць пазнаёміцца з багатай экспазіцыяй, пабываць на аглядавай пляцоўцы, паслухаць аповед экскурсавода і проста сфатаграфавацца.

Маладосць – час новых адкрыццяў, рупнай працы і самарэалізацыі. Менавіта ў маладыя гады здзяйсняюцца самыя неверагодныя задумы і рэалізуюцца рызыкоўныя планы. Нельга занядбаць гэты час. Гэта разумеюць і маладыя людзі, якія пачынаюць свой прафесійны шлях. На іх дарозе – безліч цікавага, прыгожага, чыстага. А складанасці, якія будуць сустракацца, заўжды можна пераадолець, бо для маладосці няма нічога немагчымага.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *