Дынастыі чыгуначнікаў быць!

Общество

Чыгуначныя артэрыі, што звязваюць станцыю Ашмяны з іншымі кропкамі на карце краіны і свету, адкрываюць нам, пасажырам цягнікоў
і электрычак, шырокія магчымасці. Бяспечнаму падарожжу па стальной магістралі, транспарціроўцы грузаў спрыяе нябачная праца людзей, якія займаюцца рамонтам і абслугоўваннем чыгуначных пуцей. Сярод іх — брыгадзір пуці Маладзечанскай дыстанцыі пуці Віктар Іванавіч Багдановіч.

На чыгунку Віктар уладкаваўся ў 1996 годзе манцёрам. З цягам часу скончыў курсы брыгадзіраў у Магілёўскай дарожнай тэхнічнай школе, атрымаўшы спецыяльнасць вызваленага брыгадзіра пуці і метрапалітэна, набраўся вопыту і з веданнем справы ў 2017 годзе прыступіў да выканання абавязкаў брыгадзіра пуці Маладзечанскай дыстанцыі пуці. Зараз у брыгадзе Віктара Іванавіча дзесяць чалавек, якія займаюцца ўтрыманнем верхняй будовы пуці і стрэлачных пераводаў.

Падчас нашага візіту на станцыю Ашмяны брыгада Віктара Багдановіча займалася аднаўленчым рамонтам — мужчыны выразалі старыя, дэфектныя рэйкі і замянялі іх на новыя.
— Паколькі рух на чыгунцы распісаны па хвілінах, то наша задача — выканаць запланаваныя работы ў адведзенае «акно». На гэты час пуць зачынены, — расказвае Віктар Іванавіч.
У дапамогу брыгадзе — пуцявая рэйказварачная самаходная машына, што прыйшла з Оршы. Спецыялізаванае абсталяванне ў сукупнасці з прафесіяналізмам і вопытам — гарантыя своечасовага і якаснага рамонту, ад якога залежыць прапускная здольнасць чыгункі, бяспека і дапушчальныя хуткасці руху цягнікоў.

Акрамя рамонтных работ, брыгада пуцейцаў клапоціцца пра чысціню і парадак на сваім участку, а ён цягнецца ад 883 па 889 кіламетр. У спякотныя дні мужчыны па чарзе дзяжураць і па выхадных — чыгуначная магістраль не застаецца без нагляду.

Прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка — у Віктара Багдановіча даўно стала сямейным. Станцыённым рабочым ужо дзесяць год працуе яго жонка Святлана Міхайлаўна. «Чыгуначную» прафесію абраў і сын Уладзіслаў — з 2019 года ён вучыцца ў Аршанскім філіяле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, дзе асвойвае спецыяльнасць «арганізацыя перавозак і ўпраўленне на чыгуначным транспарце».

— Пачатак нашай сямейнай дынастыі паклаў яшчэ мой дзед па лініі маці, які працаваў пуцявым абходчыкам, — зазначае Віктар Багдановіч. — А праз дзесяцігоддзі лёс звязаў з чыгункай ужо наша жыццё.

Дарэчы, аддаўшы стальной магістралі больш за 25 гадоў, мужчына з упэўненасцю сцвярджае, што не памяняў бы яе на іншую працу, бо прывык грунтоўна, адказна ставіцца да справы, а не гнацца за «доўгім рублём». Гэтую якасць Віктара Іванавіча цэніць і кіраўніцтва. Некалькі год таму ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Беларускай чыгункі, а таксама занесены на Дошку гонару арганізацыі.

Прынцыповае стаўленне да прафесіі Віктар стараецца прывіць і сыну, які вучыцца поруч з бацькам самастойнасці, працавітасці і дапытлівасці. Мужскую палову Багдановічаў аб’ядноўвае яшчэ адна сумесная справа — тэхніка. У вольны час Уладзіслаў дапамагае бацьку займацца з трактарам, які Віктар уласнаручна сабраў.

Цяпер Святлана Міхайлаўна можа быць спакойнай — мужчыны і пшаніцу пасеюць, і бульбу пасадзяць, і на агародзе дапамогуць. Зрэшты, не напалохаеш яе памочнікаў і іншымі даручэннямі. Калі пачынаецца ягадная пара, Багдановічы разам адпраўляюцца ў лес і збіраюць чарніцы. Хоць, як шчыра прызнаецца Віктар Іванавіч, без асаблівай асалоды, але прыходзіцца мірыцца і з гэтым заняткам. Куды больш па душы яму ціхае паляванне за грыбамі або рыбалка. Менавіта яны дораць гадзіны сапраўднага адпачынку пасля працоўных будняў.

Людміла РЫБІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *