Ансамбль “Жытніца” падчас жніва выступае з канцэртамі ў полі

Общество

Жніво – самая адказная пара для аграрыяў. Вырашчаны ўраджай неабходна сабраць у тэрмін, скарыстаўшы кожную пагодную хвіліну. У гэты час прыходзіцца працаваць з раніцы да змяркання і без выхадных. Невялікія перапынкі на абед і падвячорак крыху адганяюць стому, дадаюць сіл, каб упэўнена трымацца за штурвалам камбайна ці стырном аўтамабіля на перавозцы збожжа да зернесушылкі.

На дапамогу механізатарам падчас уборачнай кампаніі прыходзяць работнікі культуры. У абедзенны час яны прыязджаюць з канцэртамі наўпрост на поле. Заўсёды рады мясцовым артыстам, народнаму ансамблю народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу, аграрыі КСУП “Кракоўка”. У гэтыя выхадныя яны “падбадзёрылі” сваімі песнямі механізатараў, занятых на ўборцы рапсу на ўчастку ля вёскі Клеі.

Прыемны сюрпрыз чакаў камбайнера Паўла Аўсюкевіча, які ў гэты дзень адзначыў 30-гадовы юбілей з дня нараджэння. У падарунак ён прымаў не толькі кветкі і цёплыя словы, але і шчырыя песні кракоўскага калектыву.

Да віншаванняў далучылася выконваючая абавязкі дырэктара гаспадаркі Святлана Аўсюкевіч.

Пасля такіх канцэртаў працуецца лягчэй, заўважаюць механізатары. Стома кудысьці знікае, а новыя сілы з кожнай хвілінай набліжаюць доўгачаканыя дажынкі.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *