Репортаж: в Ошмянах отметили День Независимости

События

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Яно адзначаецца менавіта 3 ліпеня – у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сталіцы яго галоўным мерапрыемствам становіцца ўрачысты вайсковы парад, які напамінае аб тым, што беларускі народ цаной неймаверных страт адстаяў свабоду Радзімы і ў далейшым не ўступіць ні адной пядзі сваёй незалежнасці.

Жыхароў Ашмяншчыны свята Незалежнасці традыцыйна збірае ў гарадскім парку. Сюды з самай раніцы прыходзяць у адзіночку і сем’ямі, з дзецьмі, сябрамі, калегамі, каб аддаць даніну павагі тым, хто не дачакаўся гэтых шчаслівых мірных хвілін і аддаў жыццё за нашу свабоду; тым, хто і сёння не можа забыць той жудаснай вайны, якая прынесла столькі страт і забрала столькі жыццяў, а таксама парадавацца за  ашмянцаў, якія сёння нястомнай працай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй спрыяюць развіццю нашага рэгіёна.


Урачыстае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі лепшыя працаўнікі розных сфер народнай гаспадаркі раёна: Эдвард Грышкойць – загадчык вытворчага ўчастка СВК “Граўжышкі”, Мікалай Леановіч – слесар механазборачных работ  ААТ “Радыётэхніка”, Яўген Еўчыц – урач-тэрапеўт, загадчык аддзялення дзённага знаходжання  раённай паліклінікі, Таццяна Пясецкая – кладаўшчык  ДБУ -28.

Кветкі і вянкі кладуцца ля падножжа помніка загінуўшым землякам у парку. У хвіліну маўчання ўрываюцца аўтаматныя залпы – напамін нам, сучаснікам, захоўваць памяць аб вайне і ніколі не дапусціць яе паўтарэння.

Віншаванні ашмянцы прымаюць ад старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай.


Стала добрай традыцыяй на свяце Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прысуджаць званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны” заслужаным людзям нашага краю. У гэтым годзе такое званне рашэннем раённага Савета дэпутатаў прысвоена Івану Голубу – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Мікалаю Праўко – старшыні СВК “Гальшанскі” і Валянціне Лузінай – дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Валянціну Міхайлаўну ў гэты дзень чакала яшчэ адна ўзнагарода – нагрудны знак “За  заслугі ў развіцці фізічнай культуры і спорту”.


Апладысментамі віталі ашмянцы сваіх землякоў, якія плённай працай у розных галінах народнай гаспадаркі ўмацоўваюць дабрабыт нашай Радзімы. Па выніках работы галіны жывёлагадоўлі за зімовастойлавы перыяд Дыпломамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны СВК “Гальшанскі” (старшыня Мікалай Праўко) – першае месца, СВК “Ашмянскі Світанак” (старшыня Васіль Міхнавец) – другое месца, КРСУП эксперыментальная база “Баруны” (дырэктар Сяргей Мядзвецкас) – трэцяе месца.  Сярод прадпрыемстваў раёна лепшых эканамічных  паказчыкаў па выніках першага паўгоддзя дасягнулі: ААТ “Радыётэхніка” (дырэктар Іван Шырэйка), філіял “Аўтамабільны парк №13” ААТ “Гроднааблаўтатранс” (дырэктар Віктар Скаскевіч), ААТ “Будаўнік” (дырэктар Аляксандр Сазановіч), філіял “Гравійна-сартавальны завод “Баруны” ААТ “Дарбудіндустрыя” (дырэктар Пётр Каморнік).

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і  творчыя калектывы ўстаноў культуры, якія ладзяць для нас святы і без якіх не праходзіць ні адно мерапрыемства ў раёне. Гэта народны ансамбль песні і танца “Крыніцы” раённага Дома культуры (кіраўнік Вольга Чаплінская, балетмайстар  Марына Шурбак), народны ансамбль народнай песні “Жытніца” Кракоўскага СДК (мастацкі кіраўнік Аляксандр Пашкоўскі), вакальная група “Зараніца” Гальшанскага СДК (хормайстар Марына Гайдановіч).

Дзякуючы паспяховаму выступленню нашых спартсменаў на спаборніцтвах рэспубліканскага, еўрапейскага і сусветнага ўзроўню пра невялічкі гарадок Ашмяны ведаюць у многіх краінах свету, таму Дыпломы раённага выканаўчага камітэта і прэміі заслужана былі ўручаны Ігару Юзэпчуку – неаднаразоваму прызёру чэмпіяната Еўропы па паўэрліфтынгу, абсалютнаму чэмпіёну рэспублікі ў сілавым трохбор’і; Анатолю Жабінскаму – неаднаразоваму прызёру міжнародных спаборніцтваў па гэтым відзе спорту, чэмпіёну Рэспублікі Беларусь і іх трэнеру  Міхаілу Станкевічу – старшаму трэнеру юнацкай зборнай РБ па паўэрліфтынгу, трэнеру міжраённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў “Вымпел”.

На свяце ўзнагароды атрымалі і работнікі арганізацый раёна, якія аказвалі дапамогу гаспадаркам у правядзенні вясенняй пасяўной кампаніі. Падарункі ад СВК “Ашмянскі Світанак”, “Прыгранічны”, “Граўжышкі”, “Гальшанскі” атрымалі  вадзіцелі Тадэвуш Лісоўскі (аўтапарк №13), Юрый Кандратовіч (ДЭУ -57), Аляксандр Нікадон (РВЭС), Мечыслаў Мігановіч (ДБУ-28), Эдуард Размысловіч (ДРБУ -190), механізатары Міхаіл Гайдукевіч (ДРБУ-190), Віктар Мікішка (ДБУ-28), Уладзімір Мінгіновіч (ДЭУ-57).

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі свята сцэна ператварылася ў канцэртную пляцоўку для калектываў мастацкай самадзейнасці і лепшых выканаўцаў раёна. У госці да нас завіталі ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя росы” з Гродна, народны ансамбль “Чабарок” з Іўя. У раённым Доме культуры  музычную камедыю “Прымакі” прадставіў наш народны тэатр.

Вечарам канцэртная праграма прадоўжылася выступленнем удзельнікаў народнага тэатра песні і танца “Імпульс” раённага Дома культуры. Завяршылася свята традыцыйнай рэспубліканскай акцыяй “Спяваем гімн разам” і святочным феерверкам, які тысячамі агеньчыкаў расквеціў мірнае неба над Ашмянамі.

Аліна САНЮК
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *