Ансамбль народнай песні «Жытніца» адзначыў 20 год

Культура

Сапраўдны творчы злёт калектываў мастацкай самадзейнасці адбыўся ў мінулую суботу ў Кракоўцы. Жыхары і госці аграгарадка атрымалі асалоду ад выступлення народнага ансамбля народнай песні «Жытніца», жаночай вакальнай групы народнага ансамбля песні і танца «Крыніцы», таленавітых выканаўцаў з Граўжышкоўскага і Мураванаашмянкоўскага сельскіх дамоў культуры, а таксама музычна адораных юнакоў і дзяўчат. А нагодай для свята, на якое спяшаліся нават з суседніх вёсак і Ашмян, стаў юбілей народнага ансамбля «Жытніца», добра вядомага не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй Гродзенскай вобласці, Беларусі і нават за яе межамі.

За два дзесяцігоддзі свайго існавання, розных гастрольных тураў калектыў «Жытніцы» склаў сваю геаграфічную карту, у якую ўвайшлі Мір, Навагрудак, Масты, Ліда, Мінск, Орша, Аўцюкі, Масква, Кіеў… Тройчы выступалі нашы выканаўцы на літоўскай сцэне, прадстаўлялі раён і ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Зразумела, што не застаецца ўбаку «Жытніца» і ад святаў, што ладзяцца ў раёне. Ці то працаўнікоў сельскай гаспадаркі трэба павіншаваць, ці то гасцей з замежжа здзівіць мясцовым каларытам, ці то пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў парадаваць – спевакі ўсім дораць добры настрой, з кожным дзеляцца сваім пазітывам, бо не баяцца страціць тое, што дадзена Богам, – талент.


Шчырымі народнымі песнямі сустрэлі ўдзельнікі калектыву ўсіх прыхільнікаў музыкі і на гэты раз. Радасна віталі гасцей Роза Яцуковіч, Валянціна Горыд, Таццяна Чэрская, Віктар Аленскі, Марына Горыд, Валянціна Шукевіч, Наталля Лукашэвіч, Таццяна Усачова, Алена Люткоўская, Аляксандр Кандруцкі, Міхась Свірка, Алена Шэшка, а таксама мастацкі кіраўнік ансамбля Аляксандр Пашкоўскі. Да многагалосага хору далучыліся і ветэраны «Жытніцы» — Крысціна Яблонская, Леанід і Соф’я Канцавыя, Ірэна Гіруць. Менавіта яны разам з такімі ж зацікаўленымі калегамі і першым кіраўніком ансамбля Іванам Барысенкам стаялі ля яго вытокаў. З цягам часу ў калектыў прыйшлі новыя таленты, такія ж апантаныя і творчыя людзі, якія ахвотна прадаўжаюць добрыя традыцыі народнай песні. Дбаюць сённяшнія «жытнёўцы» і пра будучае і ўжо цяпер клапоцяцца, каб падрыхтаваць сабе добрую змену. Таму і арганізавалі пры Кракоўскім Доме культуры дзіцячы ансамбль песні «Жытнічка», кіруе якім Таццяна Чэрская. Дарэчы, віншаванні і музычны падарунак юбілярам адрасавалі дзеці на адбыўшымся свяце.


Шмат цёплых слоў пачулі ўдзельнікі калектыву не толькі ад сваіх калег-артыстаў, але і ад начальніка аддзела культуры райвыканкама Галіны Балінскай, старшыні прафкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Раісы Турлай, старшыні Жупранскага сельскага Савета Андрэя Клышэўскага, а таксама ад аднавяскоўцаў. Сардэчныя пажаданні,  падарункі атрымлівалі віноўнікі ўрачыстасці на працягу ўсяго вечара. Радаваліся святу і жыхары Кракоўкі: пакуль старэйшыя падхоплівалі знаёмыя матывы, малеча штурмавала надуўны атракцыён, ласавалася салодкай ватай і поп-корнам.

Людміла КОЗЕЛ
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *