Калі справа для школьнікаў цікава

Образование

Эдэмскі сад, казачны куток, астравок прыгажосці – усе гэтыя вобразныя вызначэнні  адносяцца да прышкольнай тэрыторыі Гальшанскай сярэдняй школы. Кожная кветка і кусцік тут на сваім месцы. Трапіўшы сюды, наведвальнікі акунаюцца ў атмасферу хараства і гармоніі. Уся гэта стракатая  прыгажосць вырошчваецца ў школьных цяпліцах. Ва ўстанове арганізаваны невялікі бізнес, значная частка атрыманай прадукцыі рэалізуецца.

А пачалося ўсё ў 2017 годзе. Менавіта тады школа прыняла ўдзел у міжнародным праекце “Дапамажы людзям”, атрымала першую партыю прафесійнага насення ад буйной фірмы і пачала вырошчваць гародніну. Спроба была ўдалай. Адміністрацыя школы прыняла рашэнне развівацца ў гэтым накірунку, павялічваць маштабы, паглыбляць веды ў дадзенай галіне. Пакрысе пачало з’яўляцца і новае абсталяванне: устаноўкі для дадатковага асвятлення, сістэма паліву, новыя цяпліцы. Марына Віктараўна Гайдукевіч, дырэктар Гальшанскай школы, аднойчы прапанавала пашырыць межы і пачаць вырошчваць яшчэ і кветкі. Ужо на наступны год яркія кусты браткаў, рамонкаў і стакроткаў упрыгожвалі школьны двор, а разам з кветкамі заквітнела і школьная бізнес-кампанія Flores.

Зараз прадукцыя юных бізнесоўцаў з Гальшан добра вядома не толькі на тэрыторыі раёна, але і за яго межамі. З часам сфарміравалася і кола кліентаў — установы адукацыі раёна, сельскі выканаўчы камітэт, мясцовая амбулаторыя, крухмальны завод сталі набываць дэкаратыўныя расліны. Жыхары аграгарадка таксама сочаць за навінкамі, набываюць расаду і кветкавую прадукцыю.

Аднак дзейнасць кампаніі была б немагчымай без руплівай працы супрацоўніц школы Ганны Тадэвушаўны Траймак і Ніны Валянцінаўны Саладзінскай. Менавіта на іх далікатных плячах ляжыць асноўны клопат аб утрыманні цяпліц. Падвязка таматаў, перцаў, пікіроўка расады, падтрыманне аптымальнай тэмпературы – гэта толькі невялікая частка іх абавязкаў. Нават у святочныя дні жанчыны сочаць за сваімі гадаванцамі, стараюцца стварыць для іх камфортныя ўмовы.

Не застаюцца па-за працэсам вырошчвання і вучні школы. Яны разам са сваімі класнымі кіраўнікамі актыўна далучаюцца да працы: ажыццяўляюць праполку, пікіроўку, паліў раслін. Многія захапляюцца справай, пераймаюць вопыт, а пасля дапамагаюць працаваць на агародзе бацькам. Праца кампаніі выклікае і навуковы інтарэс. Вучні школы шматразова ажыццяўлялі даследаванні, а пасля абаранялі гонар школы на семінарах і навукова-практычных канферэнцыях.

У працэсе вырошчвання раслін важнае месца займае экалогія. З дзіцячых гадоў школьнікі вучацца правільна выкарыстоўваць другасную сыравіну, быць гаспадарлівымі і клапатлівымі. Многія расліны “пасяляюцца” не ў пластыкавых кантэйнерах, а ў пакетах з-пад малака, якія працаўнікі школьнай кухні старанна захоўваюць для гаспадарчых мэт. Дзяўчынкі на ўроках працоўнага навучання шыюць баваўняныя торбачкі для насення. У такіх торбачках насенне не псуецца і добра захоўваецца на працягу доўгага часу.

Кампанія Flores – прыбытковы праект. Штогод, дзякуючы яе зладжанай працы, школа атрымлівае значны прыбытак і мае магчымасць папоўніць сваю матрыяльна-тэхнічную базу.

Зараз тры вялізныя цяпліцы ўпрыгожваюць школьны гарод. Стройнымі калонамі ўзвышаюцца цыбатыя таматы, уздымаюць галоўкі да сонца перчыкі, незвычайнай прыгажосцю зіяюць кветкі. Самшыт і маладыя кусцікі лаванды ажыўляюць тэрыторыю каля цяпліц. Іван Баляслававіч Каспяровіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і па сумяшчальніцтве настаўнік біялогіі, захоплена расказвае, што з кожным годам школа набывае новыя віды насення гародніны і кветак, эксперыментуе з кустарнікамі.  Разнастайнасць раслін можна назіраць і ў прышкольным парку, які ўпрыгожваюць кусты дэкаратыўнай каліны, маладыя туі, вербалозы, стройныя яблынькі.

Бізнес-кампанія выхоўвае школьнікаў, вучыць іх любіць працу, з адказнасцю ставіцца да прыроды,  быць сапраўднымі гаспадарамі і атуляць клопатам расліны. Хтосьці з выбітных людзей сказаў: “Рукі чалавека могуць спяліць сады і рукі чалавека могуць спапяліць гарады”. Рукі вучняў Гальшанскай школы заўжды заняты жыццястваральнай працай, якая прыносіць карысць людзям.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *