Ошмянские поэты приняли участие в международном фестивале «Весна поэзии» в Литве

События

Польскі паэт-эмігрант, Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш пісаў пра Літву так: “Гэта казка, сюжэт якой залежыць ад таго, хто расказвае!” У гэту казку акунуліся і ашмянскія паэты, якія наведалі краіну-суседку дзякуючы міжнароднаму праекту па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны “Два бакі – адна гісторыя і культура”. Ажыццяўляецца ён праз праграму трансгранічнага супрацоўніцтва Літва-Латвія-Беларусь Ашмянскім райвыканкамам з аднаго боку, з другога – самакіраваннем Вільнюскага раёна. У рамках праекта прадугледжана правядзенне сумеснага літоўска-беларускага фестывалю “Вясна паэзіі”, які і прайшоў у апошнія дні мая на літоўскай зямлі.

Дзень першы. Знаёмства.

Якая Літва зараз, больш чым праз дваццаць гадоў, што не толькі трывала раздзялілі нашы краіны надзейнай мяжой, але і раз’ядналі нас? Гэтыя думкі лезлі ў галаву не толькі мне. Большасць удзельнікаў паездкі не былі тут пасля распаду Савецкага Саюза. Хацелася як мага хутчэй пабачыць яе, адчуць свежае дыханне калісьці блізкай дзяржавы і падзівіцца на ўсё той жа казачна прыгожы Вільнюс. Прызнаюся, была ў душы нейкая трывога, што могуць не апраўдацца нашы спадзяванні.

Аднак усе нашы хваляванні ў міг рассеяліся, калі мы перасеклі аддзяленне пагранічнага кантролю “Каменны Лог” і ўсяго праз нейкіх хвілін трыццаць, мінуўшы Меднікі і Рукойні, пад’ехалі да ўмоўленага месца сустрэчы – у Барэйкішкі (Барэйкаўшчызну), мястэчка, дзе на месцы былога фальварка беларускага, польскага і літоўскага паэта Уладзіслава Сыракомлі зараз знаходзіцца музей. Сустрэла нас галоўны спецыяліст аддзела культуры, спорту і турызму самакіравання Вільнюскага раёна Гражына Галубоўска, і разам з літоўскімі паэтамі мы накіраваліся да пункта нашага пражывання. Знаёмства адбылося ў дарозе. Адразу ж загучала беларуская, польская і літоўская мовы, перасыпаныя вершамі Уладзіслава Сыракомлі і Адама Міцкевіча. Мы і не заўважылі, як перастаў дождж, і прыгожая і ўтульная сядзіба Карклены сустрэла нас добрым надвор’ем і шырока расчыненымі варотамі. Райскі куточак, што раскінуўся побач з невялікім лесам, ствараў атмасферу супакаення і размеранасці. Вабны, дагледжаны, з еўрапейскім мінімалізмам аформлены дворык адразу ж выклікаў прыхільнасць, а невялічкая сажалка за домам прываражыла безліччу апалонікаў і прыгожымі чырвонымі рыбкамі, якім мы напрыканцы паездкі нават напісалі вершаванае прысвячэнне.

За вячэрай адбылося больш блізкае знаёмства. Дырэктар музея Уладзіслава Сыракомлі Гелена Бакула зрабіла гэта ў гульнявой форме, і мы нават не заўважылі, як на працягу пары хвілін расказалі аб сабе і сваіх захапленнях. А пасля ўсе разам спявалі пад гітару “Вінаградную костачку” Акуджавы і дарылі адзін аднаму падарункі, зробленыя тут жа, за сталом, уласнаручна, з фольгі.


Дзень другі. Вільнюс – горад-казка.

І хаця раніца аказалася не зусім удалай: беспрасветныя шэрыя хмары зацягнулі ўсё неба, мы ўсё роўна накіраваліся ў сталіцу. Па праграме знаходжання ў Літве нас чакала пешая экскурсія па Вільнюсу, разлічаная ажно на цэлы дзень.

Адразу літаратары апынуліся ў зарэчнай частцы горада, дзе трапілі ў старажытнае прадмесце Ужупіс, называемае мясцовымі жыхарамі рэспублікай. На адной са старажытных вулак, на каменнай агароджы змешчана канстытуцыя Зарэчча. Жартоўная, перакладзеная на некалькі моў свету, яна ўсім прыйшлася даспадобы і расказала аб людзях, якія тут пражываюць. Вось некалькі пунктаў гэтага дакумента: чалавек мае права быць адзіным і непаўторным; чалавек мае права на памылкі; чалавек не мае права дзяліцца тым, чаго не мае. Правамі і абавязкамі згодна з канстытуцыяй надзелены і блізкія сябры чалавека – сабака і кошка. Напрыклад, сабака мае права быць сабакам альбо кошка не абавязана любіць свайго гаспадара, але ў цяжкую хвіліну абавязана прыйсці яму на дапамогу. Такая вось дзяржава!


Вільнюс – адзіная еўрапейская сталіца, размешчаная там, дзе сыходзяцца дзве старажытныя цывілізацыі – лацінская і візантыйская. Таму ў горадзе са шматвяковай гісторыяй і культурай пануе атмасфера цярпімасці ў адносінах да розных народаў і рэлігій. Гэта адчуваецца перш за ўсё у помніках архітэктуры. Адзін з самых велічных ‑ касцёл святой Ганны, што размясціўся побач з манументальным Бернардзінскім храмам. Менавіта адсюль пачалося наша падарожжа па Старым горадзе Вільнюса, які, дарэчы, занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Незабыўныя ўражанні атрымалі мы ад наведвання Віленскага ўніверсітэта, шматлікія пабудовы якога нагадваюць мастацкую галерэю. Бібліятэка, “белая” зала, абсерваторыя, назіральная пляцоўка, касцёл святых Іаанаў, дзе ладзяцца спецыяльныя службы для студэнтаў, трынаццаць унутраных дворыкаў, кожны з якіх захоўвае сваю непаўторную гісторыю, знакамітыя на ўвесь свет асобы, што напаўнялі сваёй прысутнасцю гэтыя велічныя сцены – сведчанне таго, што ўстанова ‑ сапраўдная скарбніца навукі і мастацтва, без якой уявіць Вільнюс немагчыма.


Цікавы аповед нашага экскурсавода Ганны прывёў нас на Кафедральную плошчу, дзе размешчаны архікафедра святых Станіслава і Уладзіслава і капліца святога Казіміра, заступніка Літвы. На фасадзе капліцы гадзіннік, які працуе, але не мае мінутнай стрэлкі. Ён напамінае гараджанам і шматлікім турыстам аб тым, што не трэба спяшацца. Лепш няспешным крокам прайсці, напрыклад, да вежы Гедзіміна, альбо падзівіцца на Прэзідэнцкі палац, у якім і сёння працуе прэзідэнт краіны, знаходзіцца яго канцылярыя і праходзяць пратакольныя сустрэчы.

Адзін з сімвалаў Вільнюса – Вострая Брама. У ХVII стагоддзі з боку горада да брамы была прыбудавана капліца, а ў ёй змешчаны цудадзейны абраз Дзевы Марыі. Гэта самы вядомы ў Літве твор жывапісу эпохі Рэнесансу. Цудадзейны абраз называюць яшчэ вільнюскай Мадоннай. Мы ж яго на польскі лад завём абразам Маткі Боскай Вастрабрамскай. Яго ўшаноўваюць людзі розных веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, уніяты. Бясконцай плынню ідуць яны, каб пакланіцца Дзеве Марыі і папрасіць аб спаўненні запаветных мараў і падзякаваць за цуды, якіх, кажуць, шмат адбываецца з божай ласкі.

Завяршальным акордам экскурсіі стала наведванне могілак Роса. Тут пахавана шмат нашых слынных землякоў. Мы мелі магчымасць пастаяць у задуменні ля надмагілля Чэслава Янкоўскага – ураджэнца в. Паляны, аўтара чатырохтомніка “Павет Ашмянскі”, схіліць галаву ля магілы Уладзіслава Сыракомлі…

Вечарам літаратараў чакалі паэтычна-музычныя спатканні ля кастра. У госці завітаў літоўскі паэт і перакладчык Аляксандр Снежка, які зараз займаецца перакладам на польскую мову твораў Уладзіміра Высоцкага. Некаторыя з іх мы паслухалі. Пад гітару ізноў усе разам спявалі песні разам з Геленай Бакула і чыталі свае вершы на польскай, беларускай і літоўскай мовах. Са сваёй творчасцю пазнаёмілі літоўскіх калег па пяру Ядзвіга Чаплінская, Ігар Спірыдовіч, Эдвард Сяргей, Наталля Грыгор’ева, Дзмітрый Радкевіч.


Дзень трэці. Музей Уладзіслава Сыракомлі.

Напоўнены прыемнымі сюрпрызамі быў яшчэ адзін наш дзень на літоўскай зямлі. У музеі Уладзіслава Сыракомлі мы паслухалі змястоўнае выступленне выкладчыка Літоўскага эдукалагічнага (педагагічнага) ўніверсітэта Галіны Туркевіч аб гісторыі літаратуры ў Літве, аб слынных паэтах, якія нарадзіліся ў літоўскім краі. Не засталіся ў даўгу і мы: расказалі аб культурным і літаратурным жыцці нашай Ашмяншчыны, пачынаючы са старажытнасці і да сённяшніх дзён. Разам з супрацоўніцай музея Мартай Сурвіла прыемна было стаць удзельнікамі майстар-класу па каліграфіі. Пісалі мы не толькі металічнымі пер’ямі, якія яшчэ год пятнаццаць назад актыўна выкарыстоўваліся і ў нас, яле і пер’ямі гусінымі. Прызнацца, урок гэты быў не з лёгкіх. Амаль як у дзіцячым вершыку: “Распачаў Пятро работу, ажно лоб змакрэў ад поту…”. Вынікам нашых старанняў сталі ўласнаручна напісаныя імёны на падрыхтаваных   бэйджах.

Пасля абеду Юзаф Шастакоўскі – доктар гуманітарных навук, выкладчык Віленскага педагагічнага ўніверсітэта правёў змястоўную экскурсію па музеі Сыракомлі і расказаў аб паэце з беларускімі каранямі шмат цікавых гісторый. А яшчэ мы паглядзелі фільм аб нашым земляку, створаны на кінастудыі “Беларусьфільм”, а таксама паспрабавалі крыштальнай калодзежнай вады са студні на тэрыторыі музея.

Дзень чацвёрты. Свята паэзіі і музыкі.

“Ліра Сыракомлі” – так называецца штогадовае свята паэзіі, якое праходзіць у музеі паэта. Сюды прыязджаюць творчыя людзі не толькі з Вільнюскага раёна, але і з ўсёй Літвы. Традыцыйна свята аб’ядноўвае маладых і ўжо сталых паэтаў, дае магчымасць для наладжвання стасункаў, дазваляе абмяняцца вопытам на ніве творчасці, адкрыць новыя таленты і проста знайсці роднасныя душы. Дзякуючы праекту “Дзве стараны – адна гісторыя і культура” гэтыя магчымасці павялічыліся. Паэзія сцерла паміж дзвюма краінамі межы.

Сцэнарый мерапрыемства быў састаўлены так, што вядучыя прадстаўлялі абодва бакі. Марта Сурвіла – з літоўскага, Наталля Грыгор’ева – з беларускага. Удзельнікаў урачыстасці павіншаваў са святам ратны самакіравання Вільнюскага раёна Міхал Трашчынскі. Ад гасцей-ашмянцаў слова ўзяў спецыяліст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Сяргей Жылік. Так як свята было аб’яднана імем Уладзіслава Сыракомлі, яго вершы гучалі ў перакладзе на літоўскую, польскую, беларускую і рускую мовы.


Паэзія і музыка заўсёды жывуць побач, таму заканамерна была прысутнасць на імпрэзе мастацкага калектыву школы мастацтваў Вільнюскага раёна, а таксама спявачкі Любы Назарэнкі. Але ўсё ж такі перавага была аддадзена вершам. Яны гучалі ў выкананні Рэгіны Пшчалоўскай, Рэнаты Пшчалоўскай, Войцеха Пятровіча, Аляксандра Лявіцкага, Томаса Тамашунаса, Нерынгі Янушавічэне,Тарэзы Матыевіч, Дарыюша Каплеўскага.

Прыгажосць зямлі ашмянскай, яе слаўных людзей услаўлялі ў сваіх вершах удзельнікі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты Ядзвіга Чаплінская, Тамара Савіцкая, Ірына Ізбіцкая, Дзмітрый Радкевіч, Наталя Грыгор’ева, Аліна Санюк. Дзмітрый Радкевіч выканаў песню ўласнага сачынення “Я люблю Беларусь!”, якую падпявала ўся зала.

Дамоў мы вярталіся той дарогай, па якой больш за 150 гадоў назад падарожнічаў Уладзіслаў Сыракомля. У сваіх “вандроўках па былых ваколіцах” ён узгадваў Меднікі і Рукойні, Каменны Лог і Ашмяны, Жупраны і Нарбуты. Сёння мы дзякуем нашаму слаўнаму земляку за пакінутую літаратурную спадчыну і за тое, што праз стагоддзі яго імя яднае паэтаў дзвюх, не ‑ нават трох краін. Аўтар знакамітага верша “Когда я на почте служил ямщиком” падараваў магчымасць размаўляць на мове паэзіі, пасябраваць і наладзіць трывалыя стасункі. Так, трывалыя, бо нашы сувязі не закончыліся. У жніўні мы чакаем да сябе літоўскіх сяброў на фестываль “Гальшанскі замак”. А яшчэ вынікам вясновага паэтычнага фестывалю “Вясна паэзіі” стане выданне сумеснага зборніка паэзіі літоўскіх і нашых мясцовых аўтараў, прэзентацыя якога запланавана ў Ашмянах у жніўні.

Аліна САНЮК, удзельніца фестывалю “Вясна паэзіі”, кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі.

Фота аўтара.



2 комментария по теме “Ошмянские поэты приняли участие в международном фестивале «Весна поэзии» в Литве

  1. Ну, а теперь очередь международного театрального проекта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *