Пасля чатырохгадовага перапынку ў Гродне пройдзе чарговы XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. З трэцяга па пятае чэрвеня на пляцоўках Гродна і Аўгустоўскага канала (шлюз Дамброўка) свой творчы патэнцыял прадэманструе 31 нацыянальнасць, якая дружна, у ладзе і згодзе, жыве на гасціннай беларускай зямлі.
З культурным, турыстычным і нават кулінарным каларытам прыедуць на маштабнае свята ашмянцы. Работнікі раённага цэнтра культуры, турысцка-інфармацыйнага цэнтра Ашмянскага раёна, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча раскажуць шматлікім гасцям і жыхарам Гродна аб багатай спадчыне і дні сённяшнім нашага рэгіёна.
На пляцоўцы беларускай культуры сваё майстэрства прадэманструе народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”. Традыцыйная песенная праграма калектыву будзе суправаджацца заліхвацкімі харэаграфічнымі замалёўкамі. У незвычайнай форме запросіць турыстаў на Ашмяншчыну філіял краязнаўчага музея “Гальшанскі замак”. Гасцей прывітаюць Ключніца, Соф’я Гальшанская і Ягайла, Белая Панна з Чорным Манахам. Разам з тэатралізаванай пастаноўкай ашмянцы прапануюць наведвальнікам фестывалю багаты інфармацыйны матэрыял з распрацаванымі тэматычнымі экскурсіямі, а таксама пачастуюць славутым гальшанскім пернікам, без якога нельга ўявіць “каменную кветку” Гальшанскага краю.
У нядзелю свята прадоўжыцца на Аўгустоўскім канале. На пляцоўцы “Рамёствы маёй Радзімы” госці свята змогуць набыць вырабы і разнастайныя сувеніры Ашмянскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут жа будуць зладжаны і майстар-класы па ганчарнай справе і пляценні паясоў.
На пляцоўцы “Гасцінец” разгорнецца гастрафэст кулінараў Гарадзеншчыны. Ашмянцы на свой шчодры стол паставяць щупака, прыгатаванага на камянях, хлапунцы з грыбамі і пызы па-ашмянску .
Аліна БЕЛІЦКАЯ.

