Дзе будуць працаваць студатрады ў Ашмянскім раёне

Общество

Штогод працаўладкаваннем школьнікаў і студэнтаў ва ўсёй краіне займаецца грамадскае аб’яднанне “БРСМ”. У нашым раёне студатрады таксама запатрабаваны і з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. Бягучы год не стаў выключэннем – аб гэтым кажуць лічбы ахвотнікаў, якія запісаліся на працу падчас традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Выбіраем студатрад”.

Райкам ГА “БРСМ супрацоўнічае з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, якія кожны год выдзяляюць працоўныя месцы для школьнікаў і студэнтаў. З юнакамі і дзяўчатамі заключаюцца дагаворы, а ў якасці заахвочвання студатрадаўцы вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку. У студатрад могуць запісацца школьнікі ад 14 гадоў і навучэнцы сярэдніх спецыяльных і вышэйшых вучэбных устаноў, нават калі вучацца не ў Ашмянскім раёне.

Сёлета ашмянцы будуць шчыраваць у сельскагаспадарчых, будаўнічых і педагагічных атрадах. Працоўныя месцы школьнікам і студэнтам выдзеляць КСУП “Гальшаны”, “Кракоўка”, “Прыгранічны”, “Крэйванцы”, КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”, СУП “АгроМолРай”, ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, РУП ЖКГ, Смаргонскі вопытны лясгас, аграрна-эканамічны каледж і ўпраўленне адукацыі райвыканкама.

Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Працкайла-Місюта адзначае, што праца ў студэнцкім атрадзе – выдатная магчымасць атрымаць дадатковую спецыяльнасць або прафесійныя навыкі, здабыць упэўненасць у сабе і сваіх сілах, атрымаць першы заробак, пазнаёміцца з новымі людзьмі, а таксама цікава і з карысцю правесці летнія канікулы. Вялікая ўвага таксама надаецца выкананню патрабаванняў аховы працы і заканадаўства аб працы пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.

Першы студатрад пачне працу ў чэрвені. Спраў працоўнаму дэсанту хопіць і ў гаспадарках раёна, і на будаўнічых аб’ектах, і на педагагічнай ніве. Сядзець без справы не атрымаецца ні ў аднаго студатрадаўца, а работы хопіць на ўсю змену, упэўнена намеснік дырэктара аграрна-эканамічнага каледжа Марыя Ігнатовіч. Праца ў атрадзе для навучэнцаў каледжа – унікальная магчымасць прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы, дапамагчы навучальнай установе і пры гэтым атрымаць заробак.

Плануецца, што ў аграна-эканамічным каледжы займацца сельскагаспадарчымі і рамонтнымі работамі будзе пяцьдзясят навучэнцаў у трох студэнцкіх атрадах. У гарачую для аграрыяў пару сельскагаспадарчыя атрады стануць актыўнымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі. Навучэнцы спецыяльнасці “вытворчасць будаўніча-мантажных работ”, атрымаюць выдатную мажлівасць замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы, зразумела, што карысці ад такіх работ значна больш, чым ад заняткаў у вучэбных майстэрнях. Тым больш, што разам з падапечнымі будуць працаваць майстры вытворчага навучання.

Дарэчы, многія школьнікі не першы год прыходзяць на дапамогу прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, а для тых дзяцей, якія стаяць на ўліку камісіі па справах непаўналетніх ці выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечнай сям’і, праца ў студатрадзе – выдатная мажлівасць спланаваць свой час і атрымаць заробак. Цікава, весела і пазнавальна праходзіць час пасля працы — для школьнікаў і студэнтаў арганізоўваюцца спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, экскурсійныя праграмы.

Студатрадаўцы ўпэўнены, што вопыт, які ўдаецца набыць тут, абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Гэта не толькі навучанне прафесійнай дзейнасці, але і навыкі работы ў калектыве і ў зносінах з працадаўцамі. Выпусніца СШ № 3 Ульяна Астрамовіч некалькі год запар працавала ў студатрадах у КСУП “Ошмянский рассвет”, РУП ЖКГ і ў школе. У гэтым годзе ўсе сілы дзяўчынка накіроўвае на вучобу і падрыхтоўку да паступлення, таму прызнаецца, што падчас вучобы ва ўніверсітэце абавязкова знойдзе магчымасць працягнуць студатрадаўскую справу, каб паспрабаваць нешта новае і набрацца вопыту.

— Асабліва запомнілася першая праца па зборы яблыкаў, — расказвае Ульяна.- Гэта быў цудоўны працоўны вопыт, знаёмства з рознымі людзьмі і магчымасць любавацца прыгажосцю яблычных плантацый. Працуючы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, мы прыносілі карысць свайму гораду: палолі клумбы, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол дамоў, падмяталі тратуары. Заўсёды прыемна, што работа разнастайная і побач вясёлыя юнакі і дзяўчаты. Праца ў студатрадзе — гэта шанс крыху аблегчыць фінансавыя выдаткі бацькоў. Ды і сядзець тры месяцы без справы – гэта дакладна не пра мяне! Я раю ўсім хоць раз далучыцца да студатрада, таму што аналаг гэтаму вы наўрад ці знойдзеце, а ўражанняў атрымаеце ўволю!

Асабліва шмат водгукаў пасля працы ў педагагічным атрадзе. Змены ў дзіцячым аздараўленчым летніку “Дружба” заўсёды праходзяць цікава і весела. У адзін голас студэнты ГрДУ імя Я. Купалы, БПДУ імя М.Танка, БДУ, БарДУ і маладыя педагогі Ашмяншчыны адзначаюць, што кожны дзень працы з дзецьмі прыносіць новыя адкрыцці, цікавыя знаёмствы і прыемныя эмоцыі. Студатрадаўцы імкнуцца разнастаіць адпачынак школьнікаў: арганізоўваюць мерапрыемствы, праводзяць конкурсы, гульні і спартыўныя спаборніцтвы, увогуле, імкнуцца арганізаваць лагерную змену так, каб яна запомнілася ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам без выключэння.

— Традыцыйна ў нас будуць працаваць студэнцкія атрады маладых настаўнікаў са школ раёна і студэнтаў педагагічных вузаў, — расказавае дырэктар летніка Наталля Фалевіч.- Штогод важатыя адточваюць педагагічнае майстэрства і атрымліваюць неацэнны вопыт працы.

Расказваючы аб важатых, Наталля Анатольеўна адзначае, што ёй пашанцавала з калектывам. Усе актыўныя, старанныя, сур’ёзна і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, лёгка знаходзяць агульную мову з выхаванцамі, з цікавасцю супрацоўнічаюць са старэйшымі калегамі.

Дзе б ні працавалі школьнікі і студэнты, іх занятасць, бясспрэчна, пойдзе на карысць. Яна дасць пэўны вопыт, выхавае правільныя адносіны да працы, навучыць цаніць тое, што створана рукамі іншых і, безумоўна, прынясе фінансавае ўзнагароджанне.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *