У Барунах сустрэлі вясну

События

Гэта свята прыйшло да нас з часоў сівой даўніны. Яшчэ нашы продкі ўшаноўвалі сонейка як бажаство. Менавіта ў падзяку яму за цеплыню і магчымасць працягваць чалавечы род на зямлі, шанаваць усё жывое нашы дзяды спачатку пяклі круглыя, як сонца, праснакі, а потым — бліны. З’еўшы гэты блін, нашы прапрабабулі і прапрадзядулі верылі, што разам з ім яны атрымоўваюць часцінку сонечнага цяпла і святла. З цягам часу праваслаўная царква надала новы статус провадам зімы і Масленіца стала тыднем, які папярэднічаў посту.

У гэтыя дні веруючыя займаліся прымірэннем з блізкімі, дараваннем крыўдаў. Гэта лічылася вельмі важнай і абавязковай падрыхтоўкай да Вялікага паста, ачышчэннем душы. Таму на Масленіцу святкаванне цягнулася цэлы тыдзень.

Да таго ж Масленіца была багатай на прысмакі, бо наперадзе вернікаў чакаў строгі 40-дзённы пост.

У мінулую нядзелю на пляцоўцы каля Барунскага цэнтра культуры і вольнага часу шматлікія жыхары аграгарадка сабраліся на вялікае народнае гулянне: усе, ад малога да вялікага, святкавалі Масленіцу. Весела, ярка, запамінальна і вельмі цікава барунцы правялі лютую надакучлівую зіму.

Яшчэ здалёк, на падыходзе да цэнтра, было чутно, як самадзейныя артысты з дзіцячага драматычнага гуртка «Вытокі» хораша і па-заліхвацку клікалі ўсіх-усіх, каб правесці зіму і ўсім разам дружна сустракаць прыход доўгачаканай госцейкі ‑ вясны.

Пятрушка (Алег Прыгодскі) першым выйшаў да шматлікіх гледачоў, каб павітацца і расказаць, чаго сюды ўсіх паклікалі. Якая ж Масленіца без бліноў абыходзіцца?! Гарачыя, смачныя, духмяныя бліны на свята прынёс Івашка (Андрэй Свірыда).

Падчас Масленіцы Зіма (Алена Лоўчая) з Вясною (Алеся Міхневіч) сустракаюцца, каб першая сястра перадала свой пасад і паўнамоцтвы другой. На свяце дзве пары года зразумелі, што людзям надакучылі маразы, вецер і холад. Усе барунцы дружна падтрымалі прыход Вясны, працавітай гаспадыні, якая нясе з сабою цяпло і радасць.

Завіталі на ўдалую барунскую Масленку і дзве сястрыцы-ласухі Алёна (Кацярына Страхель) і Насцёна (Вераніка Прыгодская). Шумныя гарэзы, нераўнадушныя да салодкіх прысмакаў, ад душы павесялілі ўсіх гасцей і жыхароў аграгарадка і правялі цікавыя конкурсы. Самыя актыўныя ўдзельнікі пайшлі дадому з прызамі.

Як Масленіца не бывае без бліноў, так ніводнае мерапрыемства ў аграгарадку Баруны не праходзіць без жартаў, конкурсаў і жартоўных тэатральных замалёвак. Менавіта апошнія надаюць непаўторны каларыт барунскаму гумару, паўней раскрываюць унутраны свет жыхароў.

Гэтаму пацверджанне ‑ пацешная і ў той жа час павучальная сустрэча Зяця (Вадзім Новік) з Цёшчай (Таццяна Чарняўская), якая выдатна павесяліла шматлікіх гледачоў. Падчас невялікай гумарэскі яны расказалі пра існаванне аднаго з найгалоўнейшых дзён падчас Масленічнага тыдня ‑ прабачальнай нядзелі, нагадалі, што ўвесь Масленічны тыдзень дзеліцца на два перыяды: Вузкая Масленіца і Шырокая Масленіца.

Вузкая Масленіца ‑ першыя тры дні: панядзелак, аўторак і серада, калі можна займацца гаспадарчымі справамі. Шырокая ж Масленіца займала апошнія чатыры дні: чацвер, пятніцу, суботу і нядзелю. Менавіта ў гэты перыяд людзі перастаюць займацца гаспадарчымі справамі і пачынаецца гулянне.

Святкаванне Масленіцы, патрабуе, каб паміж нявесткай і свякроўкай былі добрыя адносіны. Як наладзіць прыяцельскія адносіны паміж сабой, прадэманстравалі Свякруха (Наталля Трот) і Нявестка (Жанна Чарняўская).

Напрыканцы традыцыйнага свята да барунскіх жыхароў завітала прыгажуня-Масленіца (Алена Альшук), якая павіншавала з надыходам вясны, пачаставала блінамі, якія сама з любоўю выпякала перад святам, і заклікала ўсіх у карагод вакол спаленага чучала Зімы.

Усім прысутным былі раздадзены рознакаляровыя стужкі, якія сімвалізавалі людскія няўдачы, няшчасці, хваробы, слёзы і непрыемнасці. Прывязваючы іх да самаробнай лялькі, Масленіца (Алена Альшук) заклікала кожнага забыцца пра свае нягоды, якія здарыліся напрацягу года.

Сваіх суседзяў прыехаў павіншаваць вакальны гурт Гальшанскага Дома культуры «Зараніцы». Беларускія народныя песні, мілагучныя і жартоўныя, былі падораны ў той дзень удзячным гледачам. Ніхто не мог устаяць на месцы пад гукі «Полькі», ногі самі прасіліся ў скокі.

Пасля завяршэння тэатралізаванай часткі ўсе госці і жыхары аграгарадка мелі магчымасць паласавацца блінамі. Якіх толькі начынак да іх не прыдумала гаспадыня-Масленіца! Са згушчонкай, маслам, смятанай і варэннем! Было так весела і смачна, што галоўныя атрыбуты свята разляцеліся «на ўра».

У дадатак да бліноў быў завараны чай на травах. Не пакрыўдзілі і самых маленькіх ласуноў-барунцаў: арганізатары для іх наладзілі продаж салодкай ваты і пап-корна.

З вялікім задавальненнем сваю прадукцыю прывёз на Масленку мясцовы магазін «Родны кут».

Трэба адзначыць, што ўсе, хто разыходзіўся пасля ўдалага гуляння, былі ў выдатным настроі і ні на хвіліну не пашкадавалі, што наведаліся на традыцыйнае веснавое свята.

У Барунах умеюць сябраваць і ў патрэбную хвіліну падставіць сваё плячо. Шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства адміністрацыя цэнтра выказвае Івану Кунюце за падрыхтоўку вогнішча, Антону Міхалёнку ‑ за наладжаныя разнастайныя спартыўныя гульні, Вераніцы Вярбіцкай ‑ за музычнае афармленне і кіраўніцтву эксперыментальнай базы «Баруны» ‑ за прадастаўлены транспарт для расчысткі імправізаванай тэатральнай пляцоўкі.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
На здымках: падчас Масленіцы ў Барунах.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *