«Зорны паход» у чарговы раз прайшоў па Ашмяншчыне

Культура

Другі год запар наш раён прымаў студэнтаў з БДПУ імя Максіма Танка. Сёлета «зорныя» атрады пабывалі на Міншчыне, Магілёўшчыне і дзякуючы дэпутату Наталлі Кучынскай у трох раёнах Гродзенскай вобласці: Ашмянскім, Лідскім і Іўеўскім.

Лагічны працяг «Зорнага паходу» – падвядзенне вынікаў, на якое па традыцыі запрашаюцца прадстаўнікі кіраўніцтва раёнаў, начальнікі аддзелаў адукацыі. У апошні дзень лютага старшыня Ашмянскага райвыканкама Ю.У. Адамчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.Г. Кучынская, начальнік аддзела адукацыі С.М. Баркоўская, загадчык сектара выхаваўчай работы К.А.Астрамовіч, дырэктар СШ № 1 М.М. Гружэўскі прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве. 48-ы злёт студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ даў магчымасць прысутным акунуцца ў атмасферу творчасці, драйву і юнацкага пазітыву, а таксама дазволіў пераканацца ў неабходнасці такой прафарыентацыйнай работы.

‑ Я добра ведаю патрэбу ў педагагічных кадрах у рэгіёне, – адзначыла падчас урачыстасці дэпутат Наталля Кучынская. – Яшчэ калі працавала начальнікам Ашмянскага аддзела адукацыі, на свае вочы бачыла, што прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца студэнтамі-«танкаўцамі», не фармальная, а вельмі крэатыўная і выніковая. Дарэчы, пасля мінулагодніх выступленняў каманды «Дзеці Эйнштэйна» са школ Ашмянскага раёна на педагагічныя спецыяльнасці мэтанакіравана паступіла 15% выпускнікоў устаноў адукацыі, мы падрыхтавалі 35 мэтавых дагавораў.

Звяртаючыся да студэнтаў, дэпутат выказала спадзяванне, што, пабываўшы ў лідскіх, іўеўскіх і ашмянскіх школах, яны вернуцца сюды ў якасці настаўнікаў.

Адчуванне добрай і патрэбнай справы – «Зорных паходаў» – пацвердзілі і ўзнагароды, якія атрымалі прадстаўнікі кіруючых органаў Ашмяншчыны падчас сустрэчы ва ўніверсітэце. За плённую працу ў вобласці грамадзянска-патрыятычнага выхавання і садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы з удзельнікамі 48-га паходу на тэрыторыі трох раёнаў Гродзенскай вобласці (Ашмянскага, Іўеўскага, Лідскага) Ганаровай граматай БДПУ імя М.Танка ўзнагароджана Н.Г.Кучынская. За значны ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і за высокі ўзровень арганізацыі 48-га паходу на тэрыторыі Ашмянскага раёна старшыні Ашмянскага райвыканкама Ю.У.Адамчыку ўручана Ганаровая грамата. Падзяку ад рэктара БДПУ імя М.Танка атрымала начальнік аддзела адукацыі С.М. Баркоўская.

«Зорным» удзел ашмянцаў у мерапрыемстве стаў і дзякуючы канцэртнай праграме амаль для 600 гледачоў-студэнтаў універсітэта – такой ганаровай місіі былі ўдастоены ўстановы адукацыі нашага раёна. У падрыхтоўцы праграмы прымалі ўдзел загадчык сектара выхаваўчай работы К.А.Астрамовіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 К.У.Асмольская, музыкальныя кіраўнікі М.П. Федарэнка, В.І. Федарэнка, Г.С. Раманькова (СШ № 1), Л.М. Эмір (СШ № 3), Дз.У. Якаўлева (СШ № 2).

Канцэртная праграма пазнаёміла ўсіх прысутных са знакамітымі гістарычнымі мясцінамі Ашмяншчыны, дазволіла паразважаць аб сутнасці настаўніцкай прафесіі, адзначыць яркасць студэнцкага жыцця.

Яскравае выступленне ўзорных калектываў «Эфект», «Палёт» СШ № 1, танцавальнага калектыву «Супер-дзеткі» СШ № 2, сольных выканаўцаў СШ № 1, СШ № 2, СШ № 3, Гальшанскай гімназіі ў поўнай меры прадэманстравала прафесіяналізм ашмянскіх артыстаў, а Вікторыя Барысевіч і Вадзім Лукашэвіч у чарговы раз пацвердзілі сваё майстэрства ў ролі вядучых.

На працягу дзвюх гадзін не сціхалі апладысменты, якімі студэнты і выкладчыкі БДПУ імя М. Танка сустракалі нашых артыстаў. Энергетыка зала ў чарговы раз пераканала: Ашмяны – лепшыя.

Людміла КОЗЕЛ




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *