Жыццёвыя замалёўкі

Ирина Бразовская

 

Што такое гэта ваша разруха? Старая з кульбай? Ведзьма, якая выбіла ўсё шкло, патушыла ўсе лямпы? Ды яе зусім і не існуе. … разруха … у галовах.

                                                                             (з рамана М. Булгакава «Сабачае сэрца»).

 Цяжка не пагадзіцца з гэтымі словамі прафесара Праабражэнскага. Мініяцюры, з якімі пазнаёміцца ​​чытач, не выдуманыя – замалёўкі з жыцця.  Толькі на першы погляд яны пра рэчы, на самой справе – пра людзей і іх учынкі. У той час, як адны будуюць і  упрыгожваюць, другія – разбураюць, не думаючы аб тым, што разбураюць перш за ўсё сябе.

Лаўка

На вуліцы Дружбы, што ў Ашмянах, на аўтобусным прыпынку з некаторага часу з’явілася лаўка – невялікая, зграбная, з драўляным сядзеннем і спінкай, каванымі бакавінкамі. Яна радасна пазірала на свет і ўсім сваім выглядам запрашала палюбавацца ёю і прысесці.  Людзей на ёй памесціцца няшмат – тры, чатыры чалавекі. Але доўгі час   на гэтым аўтобусным прыпынку  наогул нічога не было, дый і пасажыраў тут ніколі не бывае многа. Але нядоўга лаўка радавала сваёй навізной і зграбнасцю – камусьці яны, відаць, не спадабаліся —   літаральна праз два тыдні сядзенне лаўкі ўжо было  сапсавана — яно чамусьці перастала быць гарызантальным, адзін бок уздзіраўся ўверх, была пашкоджана адна з дошчак. Праўда, хтосьці паспрабаваў   выправіць шкоду –   замяніў пашкоджаную дошку — у адрозненне ад астатніх  яна не  пафарбавана і кідаецца ў вочы. Лаўка перастала быць зграбнай, страціла  сваю ўтульнасць і гармонію, стала нейкай разгубленай і вінаватай. Вакол з’явілася смецце – банкі з-пад піва ды  пакеты з-пад чыпсаў. Больш лаўку не псавалі – відаць,  яе новы  “імідж”   цалкам задаволіў шкоднікаў і стаў адпавядаць  іх  унутранаму стану.

Вось і ўзнікае пытанне:    ці дасягне калі-небудзь наша грамадства таго вышэйшага ўзроўню выхаванасці і душэўнай гармоніі, калі шанаваць чужую працу – любую —  стане звыкласцю і унутранай патрэбай?

Ліфт

З нейкага часу ў нашай дзевяціэтажцы з’явіліся нашчадкі вярблюджага племені. Справа ў тым, што дзверы ліфта знутры час ад часу аказваліся літаральна запляванымі. Ездзіць у такім ліфце зусім расхацелася, але падымацца на шосты ці восьмы паверх  пасля работы ды з пакетамі прадуктаў таксама не вельмі ёмка. Аднойчы тыя “вярблюды”  трапіліся мне прама ў рукі – яны якраз выходзілі з ліфта. Дый ніякія не вярблюды – на выгляд звычайныя людзі, падлеткі гадоў дванаццаці, апранутыя ў дабротную вопратку, твары крыху нахабныя, але гэта ад страху, што злавілі на месцы злачынства. Хлопцы былі не з нашага дома, відаць, такога тэхнічнага сродка, як ліфт,   яны не бачылі і прыходзілі да сябра, каб пакатацца ды пабавіць час. Проста ехаць з паверха на паверх было сумна, і ў абмежаванай прасторы кабіны ліфта ўзнікла геніяльная ідэя пляваць на дзверы… Зразумела, была гутарка з бацькамі  аднаго з хлопцаў, які жыве ў нашым пад’ездзе, астатніх яшчэ некалькі разоў бачыла ля дома.

Я не супраць сяброўства і сяброў – толькі ці сапраўдныя сябры тыя, хто, прыйшоўшы ў госці, шкодзяць   маёмасць гаспадара? Шкада, што ў такіх прыгожых і маладых галовах не ўзнікла ні цені сумневу, што яны зрабілі дрэнна, што абразілі не толькі людзей, якія жывуць у пад’ездзе, але і свайго сябра, і яго бацькоў, і, нарэшце, самі сябе. Можа, сапараўды, яна існуе – тая рэінкарнацыя?  І народжаныя ў целе чалавека душы жывёл яшчэ не трансфармаваліся  да канца?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *