Мастак дзвюх культур

Главное

Ашмянская зямля славіцца вялікімі людзьмі: пісьменнікамі, публіцыстамі, мастакамі, грамадскімі дзеячамі і нават  вядомымі вучонымі. Адны з іх тут нарадзіліся, другія жылі, трэція – знайшлі спачын у нашым краі. У сваіх працах яны так ці інакш узгадваюць ашмянскія слаўныя мясціны, якія сталі роднымі і ўзгадавалі іх талент. Сёння аб гэтых людзях сведчаць іх грунтоўныя працы, рэшткі сядзіб, дзе яны пэўны час жылі і тварылі ці надмагіллі на вясковых пагостах.


Енджэй Снядэцкі, Зігмунт Мінейка, Крыштаф Монвід Дарагастайскі, Чэслаў Янкоўскі, Францішак Багушэвіч, Юльян Карчэўскі. Гэтыя імёны – наша гісторыя і наш гонар, наш абавязак, як сучаснікаў, памятаць аб сваёй спадчыне. Гэта магчымасць далучыцца да кагорты слынных творцаў, адораных Богам унікальнымі здольнасцямі і талентам.

Час не стаіць на месцы і, дзякаваць Богу, сёння мы можам прадоўжыць спіс слынных асоб Ашмяншчыны.

Сяргей Шэмет нарадзіўся ў Ашмянах, вучыўся ў СШ №3. Быў звычайным хлопчыкам, можа, хіба што крыху больш, чым іншыя, задуменным і ўразлівым, бо бачыў і чуў тое, што было непадуладна іншым. Таму ў адзінаццацігадовым узросце, пасля паспяховай здачы ўступных іспытаў, ён пайшоў вучыцца ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і мастацтве, што ў Мінску. Сёння мастак нізка кланяецца за гэта бацькам, якім складана было прыняць такое нялёгкае рашэнне і адправіць у свет яшчэ зусім малога сына.

Пасля была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, якая стала не толькі трывалым падмуркам ў спасціжэнні мастацтва, але і падаравала цікавыя знаёмствы з калегамі і незабыўныя падарожжы па Беларусі і Расіі. Музеі, культавыя збудаванні, краявіды сталі для маладога мастака крыніцай творчых ідэй і натхнення.

Сяргей Шэмет ніколі не спыняўся на дасягнутым. Яму хочацца спасцігнуць як мага больш, таму ў 1992 – 1998 гадах ён вучыцца на аддзяленні жывапісу ў Беларускай акадэміі мастацтваў у Мінску, прымае актыўны удзел у рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Іх вынік – узнагароджанне дыпломам Міністэрства культуры Беларусі за выдатныя поспехі ў навуцы і творчасці. За гэты час Сяргей наведаў Аўстрыю і Італію, дзе пазнаёміўся з работамі вялікіх італьянскіх, французскіх і нідэрландскіх мастакоў. Уражанні, атрыманыя падчас наведвання мастацкіх галерэй, захаваліся не толькі ў памяці мастака, сляды іх можна знайсці і ў яго работах, у колеравай гаме і кампазіцыйным рашэнні. Падарожжа па Еўропе і знаёмства з шэдэўрамі сусветнага мастацтва дазволіла маладому мастаку па-новаму асэнсаваць сваю творчасць.

Яшчэ адзін важны момант у творчай дзейнасці мастака ‑ выкладанне малюнка, жывапісу і кампазіцыі ў мастацкім вучылішчы імя Глебава. На працягу двух год ён быў асістэнтам у Беларускай акадэміі мастацтваў. У гэты ж час займаўся ў майстэрнях жывапісу і скульптуры пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам прафесара, мастака Міхася Савіцкага.


Жыццё і творчасць Сяргея Шэмета цесна звязаны з Польшчай. У 2006 годзе ён становіцца стыпендыятам спецыяльнай праграмы Міністэрства культуры і народнай спадчыны Рэспублікі Польшча “Caude Polonia”. Затым разам з прафесарам Лешкам Місяком працуе ў Акадэміі мастацтваў у Кракаве, дзе пад яго кіраўніцтвам абараняе доктарскую работу “Пошук свету – мастацкая інтэрпрэтацыя ў біблейскім сюжэце”. Да нядаўняга часу ён выкладаў жывапіс студэнтам ва ўніверсітэце Іаана Паўла ІІ ў Кракаве.

Прызнанне Сяргея Шэмета як мастака адбылося, бадай, у 14 год. Менавіта тады ён атрымаў сваю першую ўзнагароду – дыплом 3 ступені Акадэміі мастацтваў СССР за лепшую кампазіцыю на ўсесаюзным конкурсе мастакоў. З таго часу работы мастака не раз адзначаліся на самым высокім узроўні. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях музея сучаснага мастацтва Беларусі, у музеі Іаана Паўла ІІ ў Кракаве, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Германіі, Ізраілі, Вялікабрытаніі, ЗША.

Першая персанальная выстава мастака адбылася ў Ашмянах. Праз год яго запрасілі ў творчую галерэю імя Адама Міцкевіча ў Вільнюсе, дзе была наладжана выстава да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Чарговая выстава была арганізавана пасольствам Рэспублікі Беларусь ў Літве ў галерэі Дзяржаўнай бібліятэкі імя Мажвідаса ў Вільнюсе. Яна насіла назву адной з работ Сяргея Шэмета – “У пошуках Сіняй птушкі”. Гэтую ж выставу маглі пабачыць пасля і гродзенцы ‑ у галерэі Тызенгауза. Самая вялікая выстава жывапісу мастака адбылася ў Архіепіскапскім музеі кардынала Караля Вайтылы ў Кракаве. Тут было прадстаўлена звыш 70 карцін рознай тэматыкі і тэхнікі выканання. Людзі былі ўзрушаны ўбачаным. Асаблівую цікавасць творчасць Сяргея тады выклікала ў студэнтаў. Гэта быў вялікі і сур’ёзны поспех маладога мастака. Яго работы былі не толькі заўважаны мастацтвазнаўцамі, але і прызнаны выдатнымі творамі. Да іх, без сумневу, былі прылічаны “Цудоўны лоў”, “Благавешчанне”, “Нараджэнне Хрыстова”, “Па дарозе ў Егіпет”.

Не так даўно ў Кракаве пры садзейнічанні Архіепіскапскага музея кардынала Караля Вайтылы пабачыў свет альбом Сяргея Шэмета, дзе змешчаны не толькі звесткі пра  мастака, але і  яго работы. Гартаючы старонкі выдання, міжволі трапляеш разам з  аўтарам у Гальшаны (“Аранжавы вечар”, “Гальшаны вечарам”, “Гальшаны, касцёл”), сядзіш у задуменні на  беразе  Ашмянкі (“Ашмяны над ракой”), захапляешся мясцінамі Багушэвіча (“Жупраны. Красавік”), ціха ступаеш, каб не патрывожыць памерлых, да каплічкі, што ў Гародніках (“Капліца ў Гародніках”). Пад пэндзлем сапраўднага творцы вобразы на карцінах ажываюць і дыхаюць ў такт разам з намі (“Маці Божая Будслаўская”, “Вербная нядзеля”, “Яблыневы сад”, “Вячэрні свет”). Хочацца не губляць веры ў Сінюю птушку (“У пошуках Сіняй птушкі”), якая абавязкова прынясе нам шчасце, толькі трэба для гэтага прыкладваць намаганні і часцей углядацца ў неба. Яно ж таксама сіняга колеру!

Аліна САНЮК.

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з альбома і асабістага сайта мастака www.shemet-art.com



2 комментария по теме “Мастак дзвюх культур

  1. Краявід Жупранаў (у гэтым артыкуле няма, але неяк раней быў) у яго шалёна прыгожы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *