Камунія і Пятроўскі фэст запрасілі парафіян у Баруны

Культура

Свята апосталаў Пятра і Паўла — адно з галоўных у Каталіцкай царкве. Дата 29 чэрвеня, прынятая Рымскай Царквой, звязаная з перанясеннем у гэты дзень мошчаў святых у 258 годзе з месцаў першапачатковага пахавання ў катакомбы. Затым іх вярнулі назад — мошчы апостала Пятра — ў Ватыкан, а мошчы апостала Паўла — у Рым, у базіліку за мяжой горада. Дзень памінання апосталаў Пятра і Паўла маюць самы высокі літургічны статус — Урачыстасць.

Для касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах гэта свята – асабліва важнае. Менавіта таму ў гэты дзень месцічы Барун, а таксама жыхары навакольных вёсак і госці з розных куткоў Ашмяншчыны, ды і не толькі, сабраліся ля касцёла, дзе гучала музыка, працавалі гандлёвыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны. Кожны ў гэты дзень імкнуўся пабываць на святочным канцэрце, накупіць сабе і сваякам прысмакаў у выглядзе пеўняў і салодкіх пернікаў – галоўных сімвалаў любога касцельнага фэсту, і, канешне, пабываць на набажэнстве.

Кірмаш і культурная праграма сталі дапаўненнем святочнага фэсту. Зладзіць мерапрыемства Алене Альшук, загадчыцы мясцовага аддзела культуры і вольнага часу, дапамаглі госці з вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна, батлейка з Залесся, што ў Смаргоньскім раёне, і работнікі культуры з Гальшан.

Пачалося свята тэатралізаваным пралогам “З вытоку цудадзейнай крыніцы”, што вельмі сімвалічна. Справа ў тым, што ў падвале касцёла б’е сапраўдная крынічка. Існуе цікавая  легенда, якая апісвае цуды, ёй створаныя.

Мікалаю Песляку з вёскі Казякаўшчына мінчанін перадаў ікону. Пасля таго, як гаючая ікона выратавала яго ад цяжкай хваробы і вылечыла паралізаванага сына, Мікалаю Пясляку ў сне прыйшла Маці Божая. Яна папрасіла занесці яе ў Вільню, да Маці Божай Вастрабрамскай. Загарнуў ён вечарам абраз у ільняную тканіну, паклаў у торбу і, падсілкаваўшыся, раніцай, рушыў у дарогу. Прайшоў крыху, вырашыў адпачыць і — прыснуў. У сне яму зноў з’явілася Маці Божая, якая сказала, што ён ўжо прыйшоў да месца і патрэбна пакінуць абраз менавіта тут. Калі ён расплюшчыў вочы, праз лісце на яго глядзеў лік самой Маці Божай. Што ж рабіць? Не пакідаць жа ікону на зямлі. Зняў дзягу, адчапіў ад пражкі іголку і вырашыў выкарыстаць яе замест цвічка, ды не ўтрымаў, упусціў. А тут якраз па дарозе ішоў жабрак. Не азіраючыся, Мікалай папрасіў яго знайсці і падаць цвічок. Прахожы, хоць быў сляпы, паслухаў і стаў на кукішках разграбаць траву і лісце, каб адшукаць цвічок. Рукі наткнуліся на струменьчык вады. Прахожы абмыў твар і адразу знайшоў той цвік.

Па легендзе гаючая сіла крынічкі стварыла цуд — вярнула сляпому зрок. Святы абраз мужчыны павесілі на дрэва. Людзі сталі ісці да гэтага месца, каб папрасіць у Маці Божай дапамогі і апекі. Зараз на гэтым месцы ў Барунах і стаіць касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Да святога абраза ідуць пілігрымы, з розных напрамкаў едуць людзі, каб пакланіцца абразу маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных і наталіцца гаючай вадою.

Гістарычныя звесткі ўзнікнення крыніцы, касцёла, каплічкі былі адлюстраваны ў праграме свята. Арганізатары стварылі тэматычную фотазону са збанамі, у якіях была набрана вада з той самай цудадзейнай крынічкі. Кожны жадаючы мог паспрабаваць яе.

Настаяцель касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла ксёндз Павел Паўлюкевіч звярнуўся да наведвальнікаў фэста і падзякаваў парафіянам і гасцям за ўвагу.

— Памятайце, что гэта цудадзейная крынічка заўсёды рада кожнаму з вас. Прыемна, што сённяшняя ўрачыстасць нас тут сабрала. Добрага свята, добрага фэсту і добрага адпачынку, — сказаў ксёндз Павел.

Дарэчы, фэст стаў галоўным, але не адзіным касцельным святам у Барунах напрыканцы червеня. У нядзелю сакрамэнт Першай Камуніі прайшлі чацвёра маленькіх парафіян Барун. Да гэтай важнай падзеі яны доўга і адказна рыхтаваліся, наведваючы ўрокі рэлігіі і святыя службы ў касцёле.

У святочны дзень дзяцей прыйшлі падтрымаць іх бацькі – кроўныя і хрышчоныя, сябры, родныя і знаёмыя. Хваляванне і ўрачыстасць падзеі чыталася на тварах дзяцей, і гэта зразумела, бо у той дзень яны далі абяцанне выконваць Божыя запаведзі не сабе, не маці і тату, а Богу.

Інга ГІЗ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *