Музычны вечар кампазітара Аляксандра Якіменкі адбыўся ў клубе «Сустрэча»

Культура События


Клуб “Сустрэча”, што дзейнічае ўжо не адзін год пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, сабраў на гэты раз прыхільнікаў музыкі, бо ў госці да ашмянцаў завітаў кампазітар і музыкант з Астраўца Аляксандр Якіменка. Выпускнік аддзялення народных інструментаў Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры, зараз ён працуе акампаніятарам народнага хору ветэранаў, а ў вольны час піша музыку да вершаў, якія кранаюць яго душу. А гэта і паэзія класікаў – Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча і Максіма Танка, і вершы паэтаў, з якімі наладзілася сяброўства падчас творчых сустрэч і незабыўных падарожжаў.

Шмат песень узнікла ў астравецкага кампазітара ў творчым тандэме з сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасём Паздняковым. Ёсць у яго і песні, напісаныя з ашмянскім паэтам Эдвардам Сяргеем. Аб тым, як адбылося знаёмства двух таленавітых людзей, расказаў сам Эдвард. А ўсё было банальна і проста. У час паездкі ашмянскіх паэтаў у Астравец Эдвард Сяргей атрымаў запрашэнне ад мясцовай бібліятэкі прыняць удзел у мерапрыемстве. Там і згледзеў Аляксандр Якіменка нашага паэта, а пасля напісаў некалькі песень на яго словы. Яны асабліва прыйшліся па душы наведвальнікам клуба “Сустрэча” і былі адзначаны бурнымі апладысментамі.

Творчая гасцёўня ў бібліятэцы на гэты раз нагадвала канцэрт. Аляксандр спяваў свае песні і ў перапынках расказваў аб тых момантах, якія спрыялі стварэнню музычных кампазіцый. Лірычныя і напеўныя, рытмічныя і вясёлыя, удумлівыя і шчымлівыя, песні разляталіся па бібліятэцы і цёплым душэўным адбіткам клаліся на твары прысутных. Музыка нікога не пакінула раўнадушным, асабліва бібліятэкараў, бо спецыяльна для іх Аляксандр Якіменка напісаў у сааўтарстве з Міхасём Паздняковым песню, якая можа стаць гімнам бібліятэчных работнікаў.

У знак удзячнасці ад ашмянцаў мясцовы паэт Пётр Шакола прысвяціў госцю верш і падарыў зборнік сваёй паэзіі. Цёплыя словы падзякі Аляксандру Якіменку былі выказаны і бібліятэчнымі работнікамі, якія ладзілі сустрэчу, і ўсімі, хто, адклаўшы штодзённыя клопаты, завітаў у той дзень у храм кнігі.

Аліна САНЮК.
Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *