У раёне прайшла канферэнцыя, прысвечаная памяці Францішка Багушэвіча

Главное

Побач з вялікім святам у Жупранах, прымеркаваным  да юбілею Францішка Багушэвіча, у  раёне прайшло яшчэ адно мерапрыемства – канферэнцыя “ Багушэвіч – гонар і годнасць беларусаў”. Як і папярэдняе,  яно было арганізавана работнікамі культуры раёна і сабрала вакол сябе шмат неабыякавых і творчых людзей: краязнаўцаў, настаўнікаў, вучняў, бібліятэчных  і музейных работнікаў,  мясцовых паэтаў.

Канферэнцыя адбылася ў раённым краязнаўчым музеі  імя Багушэвіча. Пачалася яна   адкрыццём выставы “Шануем памяць аб табе, наш славуты зямляк”, з экспанатамі якой пазнаёміла навуковы супрацоўнік музея  Вераніка Рэмізевіч. Затым гаспадыня і вядучая мерапрыемства Жанна Іванова прадставіла ўдзельнікаў канферэнцыі.  Рады ўсе былі сустрэчы з шаноўным госцем, даследчыкам жыцця і творчасці паэта, аўтарам шматлікіх кніг Уладзімірам Содалем, а таксама калекцыянерам, паэтам і даследчыкам ашмянскай шляхты, ураджэнцам Ашмян Васілём Юршам. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец і начальнік аддзела культуры Галіна Балінская.

Цікавыя і змястоўныя работы — даследаванні жыцця і творчасці Багушэвіча падрыхтавалі вучні школ раёна. Па  жыццёвых сцежках паэта падарожнічалі  ўдзельнікі і госці свята разам  з Насцяй Бенедзісюк, вучаніцай СШ №1. Аб творчасці  паэткі з Міхайлоўшчыны Валянціны Гіруць-Русакевіч  падрыхтавала паведамленне  Юля Балейка з СШ №3. Дзяўчынка не проста расказала аб сваёй зямлячцы, але і правяла паралель паміж яе творчым шляхам і Францішка Багушэвіча, які, дарэчы, з’яўляецца далёкім сваяком паэткі. Вялікую  даследчыцкую работу   правялі разам са сваімі настаўнікамі Ганна Багдановіч, вучаніца Гродзіеўскай БШ (“Паўстанне ў лёсе Багушэвіча”), Надзея Станчык, вучаніца Клявіцкай БШ (“Народны адвакат”), Анастасія Дзятловіч, вучаніца Граўжышкоўскага НПК (“Паэтычная творчасць”), Марта Буйноўская, вучаніца Анжадаўскай БШ (“На радзіме Багушэвіча”), Вольга Аўсюкевіч і Юля Клушэўская, вучаніцы Кальчунскай СШ (“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…”).

З навуковай работай “Жыць, служыць і тварыць для народа” выступіла  супрацоўнік  раённага краязнаўчага музея Ірына Бусловіч. Бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі Вольга Швец правяла агляд літаратуры па творчасці і жыцці Багушэвіча, пазнаёміўшы як з кнігамі пра паэта, так і артыкуламі з перыядычных выданняў, якія можна праглядзець у нашай бібліятэцы. Цікавыя звесткі пра радавод Багушэвіча сабраў  наш зямляк Васіль Юрша. Шмат якія  з іх удзельнікі канферэнцыі пачулі ўпершыню. З новай сваёй кнігай пра паэта —  “Блаславёныя Кушляны” прыехаў  у госці Уладзімір Содаль. Ён  быў вельмі   ўзрушаны цёплай сустрэчай і гасціннасцю арганізатараў свята. Даследчык выказаў падзяку усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы мерапрыемства, хто   беражліва і з павагай  ставіцца да   нашай літаратурнай  спадчыны. Уладзімір Ільіч выступіў  з даследаваннем па тэме “Жан Беранжэ ў Кушлянах”.

На канферэнцыі было прачытана  нямала вершаў Багушэвіча, а таксама прысвячэнняў у гонар паэта. Пётр Шакола шмат паэтычных радкоў склаў аб нашым слаўным земляку. Узнёсла і трапна гучалі “Яго дудка”, “Іду к Багушэвічу”, “Францішак Багушэвіч і Жупраны”     падчас мерапрыемства. Свой верш паэту прысвяціла і вучаніца Клявіцкай школы  Надзея Станчык.

Віртуальную экскурсію па  школьным музеі імя Багушэвіча правяла настаўніца беларускай мовы, кіраўнік музея Жупранскай СШ Галіна Лукша.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *