У Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе прайшла інфармацыйная гадзіна “Сімвалы нашай краіны”

Общество

 

Выхаванне грамадзяніна і патрыёта — адна з галоўных мэт выхаваўчай работы любой навучальнай установы. Пачуццё любві да  Радзімы з’яўляецца не аднамаментна, а пачынаецца з любві да сваёй сям’і, бацькоўскага дому, школы, горада або вёскі, гонара за сваіх сяброў і землякоў, ведання гісторыі сваёй сям’і і населенага пункта. Важным момантам  у фарміраванні грамадскай свядомасці з’яўляецца выхаванне павагі да нацыянальных сімвалаў  краіны.

Напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе вучні 4-га класа пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Жанны Віктараўны Свірскай у час правядзення інфармацыйнай гадзіны “Сімвалы нашай краіны” знаёміліся са значэннем кожнага элемента беларускіх герба і сцяга, іх гісторыяй, вучыліся адрозніваць беларускія нацыянальныя сімвалы ад сімвалаў іншых краін.

Дзеці з цікаўнасцю слухалі аповед настаўніка і аднакласнікаў пра значэнне колераў і сімвалаў нацыянальных герба і сцяга, выказвалі свае меркаванні і тлумачэнні. Актыўна і дружна працавалі чацвёртакласнікі ў групах над канструяваннем герба нашай краіны і з гонарам дэманстравалі вынік сваёй працы сябрам. Настаўнік ускладніў вучням працу, прапанаваўшы лішнія дэталі, але ніхто не памыліўся. З вялікай адказнасцю дзеці расфарбоўвалі графічныя выявы беларускага сцяга, падрыхтаваныя і прапанаваныя настаўнікам.

У час інфармацыйнай гадзіны гучалі вершы славутых нацыянальных паэтаў і запісы беларускіх песень. На мульцібордзе дэманстравалася прэзентацыя, якая дапамагла дзецям атрымаць яскравыя зрокавыя вобразы. Вельмі захапіў іх фільм пра ўрачыстае адкрыццё ў Мінску плошчы Дзяржаўнага сцяга.

Вучні Навасёлкаўскага ясляў-сада ганарацца сваёй школай. Пра гэта сведчыць і тое, як яны расказвалі пра герб сваёй установы і з якой любоўю гаварылі пра сваю першую настаўніцу і дырэктара Наталлю Аляксандраўну Трот. Ведаюць яны і пра тое, што ўстанова стала школай узорнай якасці і парадку па выніках 2020 года, пра абеліск воінам-землякам, загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны.

У такія хвіліны разумееш, што маленькія беларусы стануць сапраўднымі і шчырымі людзьмі, з якіх складаецца беларускі народ, роўны іншым народам зямлі, што юныя грамадзяне нашай краіны любяць і шануюць сваю краіну, а, значыць, у яе ёсць будучыня.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *