Чым здзівіла сёлеташняя выстава «Паўночны вектар Гродзеншчыны»?

Главное События

Патэнцыял трох раёнаў Гродзенскай вобласці ‑ Ашмянскага, Смаргонскага, Астравецкага ‑ абмяркоўваўся падчас эканамічнага форуму «Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва».

Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стаў удзел прадстаўнікоў Дырэкцыі будаўніцтва Беларускай АЭС і падрадных арганізацый, занятых на ўзвядзенні гэтага важнага аб’екта.

‑ Будаўніцтва АЭС надасць новы імпульс не толькі эканоміцы, але і другім галінам гаспадаркі, ‑ лічыць старшыня Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалька.

Ужо да 2020 года не толькі Астравец, але і паўночны рэгіён у цэлым пераўтворыцца ў адзін з найбольш развітых прамыслова-аграрных. Усе гэтыя пераўтварэнні ўжо сёння прыцягваюць увагу.

Па выніках сустрэч Астравецкі райвыканкам падпісаў пагадненне са спецыялізаваным Фондам упраўлення мэтавага капіталу расійска-беларускага супрацоўніцтва «Белыя Росы» горада Санкт-Пецярбурга, у галіне адукацыі – з Сасноваборскай гарадской акругай Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Прадстаўнікамі нашага раёна падпісаны пратакол намераў аб супрацоўніцтве з самаўпраўленнем г. Бірштонаса Літоўскай Рэспублікі.

Смаргонскім райвыканкамам падпісаны пратакол намераў аб супрацоўніцтве з аўстрыйскай кампаніяй «Кронаспан», прадпрыемствам абмежаванай адказнасці «Белагратэрмінал» (Расія, Нідэрланды).

‑ У нашай вобласці праводзяцца тры эканамічныя выстаўкі «Еўрарэгіён – Неман», «Ліда-Рэгіён» і рэгіянальная «Паўночны вектар Гродзеншчыны». Пасля правядзення кожнай – інтарэс да супрацоўніцтва ўзрастае, з’яўляюцца новыя кантакты, прапановы, дагаворы, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. Усё гэта разам дазваляе ўмацоўваць эканоміку, развіваць сацыяльную сферу, – падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама С.Б. Шапіра.З вопытам развіцця паўночнага рэгіёна Гродзеншчыны пазнаёміліся ўсе кіраўнікі раёнаў вобласці.


На пленарным пасяджэнні эканамічнага форуму з прэзентацыяй патэнцыялу і інвестыцыйных магчымасцяў выступілі намеснікі старшынь райвыканкамаў: У.С. Ластоўскі, Г.С. Люткоўская, В.А. Сівак.

Г.С. Люткоўская:
‑ Ад першага знаёмства з інвестарамі мы перайшлі на новы ўзровень ўзаемадзеяння. Дзякуючы выстаўцы знайшлі партнёраў, з якімі зараз рэалізуем узаемавыгадныя праекты. У раён ужо ўкладзены немалыя інвестыцыі.

Тадэвуш Холка, войт гміны Сувалкі (Польшча):
‑ Чацвёрты год мы цесна працуем з Ашмянскім раёнам. І вынікам такога супрацоўніцтва стаў удзел у трансгранічным праекце «Польшча-Украіна-Беларусь», «Здароўе нацыі – уклад у будучае пакаленне».

У рамках гэтага праекта, рэалізацыя якога намечана на 2013 год, Ашмяны атрымалі €720 тысяч. А ўдзел у цяперашняй выставе і эканамічным форуме стане асновай для далейшых дасягненняў супрацоўніцтва.

Падчас прэзентацыі Г.С. Люткоўская назвала сферы найбольш прыярытэтныя для прыцягнення інвестыцый. Гэта прыдарожны сервіс і будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра, вытворчасць паліўных пелет з торфу, саломы, кастры, тарфянога грунту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з выкарыстаннем натуральнага лёну, будаўніцтва гасцінічнага комплексу ў Ашмянах, перапрафіляванне дражджавога завода, стварэнне вытворчасці святлотэхнічнай прадукцыі з выкарыстаннем святлодыёдных модуляў на ААТ «Радыётэхніка», будаўніцтва комплексу па глыбокай перапрацоўцы кукурузы і іншыя.

У нашага раёна ўзаемавыгадныя адносіны з 17 дзяржавамі свету. Сярод іх самыя актыўныя ‑ з Расіяй, Літвой, Латвіяй, Польшчай, Казахстанам.

На экспарт пастаўляюцца мяса і каўбасныя вырабы, сыр, масла, крухмал, торфабрыкет, запасныя часткі для аўтамабіляў, паддоны з драўніны, сантэхнічныя вырабы. Аб’ём знешняга гандлю за сем месяцаў бягучага года склаў $21,9 млн. У тым ліку экспарт ‑ $13,9 млн.

Прыродна-геаграфічныя асаблівасці паўночнага рэгіёна Гродзеншчыны прадстаўляюць асобны інтарэс для развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў сферы турызму. Гэта пацвердзіў у прэзентацыйных матэрыялах начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама С.В. Шэін. Турызм «Паўночнага вектара Гродзеншчыны» адкрыты для інвестараў, усе пералічаныя накірункі турыстычнай індустрыі будуць мець падтрымку ў райвыканкамах у шматлікіх рамачных, тэматычных, рознафункцыянальных, двухбаковых і шматбаковых праектах партнёраў. У гэтым годзе Ашмяншчына прапануе інвестарам цікавы праект агратурыстычнага комплексу ў былым маёнтку графа Чапскага ў вёсцы Агароднікі.

Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *