Пры Гальшанскім замку пачаў працаваць візіт-цэнтр

Культура

 

Кожны прыезд на Гальшанскі замак – гэта новыя ўражанні і адчувальныя перамены. Вось і сёння адразу ж звярнулі на сябе ўвагу два збудаванні графітавага колеру замест яшчэ нядаўна размешчаных у левым рагу прызамкавай тэрыторыі каркасаў.

— Гэта візіт-цэнтр, які быў узведзены за сродкі мясцовага бюджэту,- адзначае наш суразмоўца, метадыст раённага цэнтра культуры, дэлегат Усебеларускага народнага сходу Сяргей Жылік. — У адным пакоі ўжо размяшчаецца сувенірная крама, побач – каса, інфармацыйная панэль, дзе турысты змогуць знайсці інфармацыю як аб славутасцях ашмянскай зямлі, так і аб інфраструктуры рэгіёна: адрасы гасцініц, пунктаў грамадскага харчавання, аграсядзіб, банкаў. Для зручнасці наведвальнікаў замкавага комплексу мы ствараем электронны каталог сувенірнай прадукцыі, якую можна набыць на памяць пра гэтыя мясціны.

Сярод сувеніраў значнае месца займае кераміка. Гэта не проста збаночкі, куфлі, сувенірныя талеркі ці магніты-медальёны. Кожны прадмет дэманструе повязь з Гальшанамі, расказвае пра гісторыю замка і яго містычных насельнікаў. Усе работы выкананы майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Мар’янам Козарам, які больш года асвойваў новую для сябе тэхніку на ганчарным крузе, вучыўся асновам высокатэмпературнага абпальвання, працаваў з рознай глінай. Зараз ганчар паставіў перад сабой задачу асвоіць тэхніку палівання (глазуравання) керамічных вырабаў, што падразумявае пад сабой новыя адкрыцці як для сябе, так і для тых, хто гэтай справай цікавіцца.

У візіт-цэнтры ўжо падключана ацяпленне. Актыўна ідзе напаўненне інфармацыйнай базы, працуе інфапанэль, падрыхтавана значнай колькасць друкаванай рэкламнай прадукцыі пра турыстычны складнік рэгіёна.

Другое памяшканне цэнтра адведзена пад санітарныя патрэбы. Работы тут таксама знаходзяцца ў стадыі завяршэння.

Што тычыцца прызамкавай тэрыторыі, то вечарам яна набывае асабліва містычны выгляд. Падсвечваюцца не толькі паўночная вежа, але і захаваныя парэшткі сцен замкавага корпуса і дарожкі, што вядуць да гісторыка-культурнага аб’екта.

Уздоўж іх, дарэчы, бліжэй да візіт-цэнтра, будуць усталяваны лаўкі. На іх можна будзе не толькі адпачыць, але і, набыўшы каву (аўтамат размесціцца ў візіт-цэнтры), пагрузіцца ў сузіранне фантастычнай даўніны, узведзенай у 1610 годзе стрыечным братам канцлера ВКЛ Льва Сапегі – Паўлам.

Работы, распачатыя на замку ў 2017 годзе, працягваюцца. Зараз акцэнт – на ўнутранай аздобе паўночнай вежы, дзе размесціцца музейная “халодная” экспазіцыя. Неабходнае абсталяванне і элементы экспазіцыі ўжо закуплены. Цэнтральнае месца на адным з узроўняў зойме камін, узноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя. Аздоба яго выконваецца з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі – сцюк, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей. Паралельна вядзецца роспіс скляпенняў. У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак. Змаглі мы паназіраць і за тым, як кладзецца напольная плітка. Яна, дарэчы, зроблена па італьянскай тэхналогіі.

Фінансаванне работ на замку вядзецца з некалькіх крыніц: гэта і Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады, і Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, і сродкі раённага бюджэту. За тры гады – каля паўтара мільёна рублёў.

Ёсць надзея, што з падтрымкай фонду Прэзідэнта работы на гісторыка-культурным аб’екце працягнуцца: удасца правесці супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы на паўночна-заходнім корпусе і аднавіць так званы ўнутраны двор, які прылягае да паўночнай вежы.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *