Таццянін Дзень студэнтаў

 

Таня, Танечка, Таццяна, Танюша… Прыгожае імя, якое, на жаль, апошнім часам становіцца даволі рэдкім. Так, нам давялося добра пастарацца, каб знайсці ў студэнцкім асяроддзі дзяўчыну з такім іменем. Знаёмцеся, Таццяна Цяслюк – студэнтка першага курса Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа.

– Таццяна, калі ласка, раскажы крыху пра сябе.

– Асабліва расказваць няма чаго. Я сама са Смаргоні, пасля дзявятага класа вырашыла паспрабаваць паступіць, прайшла ўсе іспыты і вось ужо паўгода як вучуся на повара-прадаўца.

– У многіх падлеткаў у жыцці бывае перыяд, калі ім не падабаецца іх уласнае імя. Ці было ў цябе такое?

– Мне маё імя вельмі падабаецца. Хаця падманваць не буду, быў час, калі мне хацелася, каб мяне звалі Веранікай. Але гэта прайшло, я лічу, што маё імя вельмі падыходзіць мне, а я адпавядаю яму.

– Як бацькі аднесліся да твайго паступлення?

– Паступаць я вырашыла сама, а яны маё жаданне падтрымалі. Разумелі, што калі будзе складана, то заўсёды можна вярнуцца ў школу. Ну, а калі ўсё будзе добра і я буду добра вучыцца, то гэта першы крок да добрай работы.

– Як даецца вучоба? Складаней, чым у школе?

– Нешта складана, з першага разу не зразумелае, нешта, наадварот, прасцей. Я ўвогуле люблю вучыцца, асабліва калі прадмет мне падабаецца. Вось беларуская літаратура мне лёгка даецца, а над некаторымі спецыялізаванымі прадметамі даводзіцца пакарпець. Да таго ж, выкладчыкі ў нас у параўнанні з маімі школьнымі настаўнікамі не такія прыдзірлівыя.

– Ну і якое яно, студэнцкае жыццё?

– Шчыра кажучы, я пакуль яшчэ не вельмі разабралася. Часам прасцей, чым у школе, часам складаней, гэткая свабода ў разумным абмежаванні. Нечым нагадвае дарослае: інтэрнат – вучоба – інтэрнат. Мой дзень праходзіць прыкладна па такім раскладзе: прачынаюся, снедаю, з 9 да 16 гадзін – вучоба, потым – гурткі па інтарэсах. Я хаджу на вакальны гурток “Капель” – ужо нават некалькі разоў выступала на святочных мерапрыемствах – і на гурток малявання. Прыкладна ў восем пачынаецца самападрыхтоўка. Потым – вольны час, і ў 22.30 – адыход да сну.

Са мной у пакоі ў інтэрнаце зараз жывуць добрыя дзяўчыны Аляксандра, Зарына і Злата. Яны крыху старэйшыя, таму даволі часта дапамагаюць мне, раяць разумныя рэчы, заступаюцца. З Зарынай і Златай мы ўвогуле знаёмыя яшчэ са школы.

– Якія планы на Дзень студэнтаў?

– Пакуль што ніякіх планаў няма. Аляксандра – на канікулах, Зарына – дома на самаізаляцыі. Напэўна, купім са Златай торцік і на свята з’ядзім яго з гарбатай.


З гісторыі

23 студзеня 1755 года ў дзень памяці святой пакутніцы Таццяны і ў дзень імянін маці Івана Шувалава, расійская імператрыца Лізавета Пятроўна зацвердзіла прашэнне Івана Шувалава і падпісала ўказ аб адкрыцці Маскоўскага ўніверсітэта, які стаў адным з цэнтраў перадавой культуры і грамадскай думкі ў Расіі.

Па захаваўшыхся ўспамінах, Шувалаў знарок выбраў гэты дзень для паднясення гаспадарыні праекта – дзень імянін сваёй маці Таццяны, якую ён хацеў узрадаваць сваім новым прызначэннем на пасаду куратара рускага ўніверсітэта.

Свята было ўстаноўлена ў 1850 годзе. Першапачаткова ў ім прымалі ўдзел толькі студэнты Маскоўскага ўніверсітэта, а пасля яно распаўсюдзілася і на студэнтаў іншых навучальных устаноў.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля