Рэбрэндзінг у мінулае. У Ашмянах побач з сучаснымі назвамі вуліц з’явiлiся шыльды з іх гістарычнымі эквівалентамі

Культура

 

Згодна з абласным планам па развіцці трансгранічнага турызму ў Гродзенскай вобласці на 2019-2021 гады побач з сучаснымі назвамі вуліц у нашых населеных пунктах будуць прымацаваны шыльды з іх гістарычнымі эквівалентамі. Жыхары Ашмян, напэўна, ужо звярнулі ўвагу на новыя аншлагі на некаторых будынках горада.

Адпаведную інфармацыю аб ранейшых найменнях вуліц райцэнтра падрыхтаваў краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча.

— Новыя шыльды (побач з існуючымі) з’явяцца на адзінаццаці ашмянскіх вуліцах і плошчы 17 Верасня, — патлумачыла дырэктар краязнаўчага музея Алена Жасткова. Сістэматызаваная і абагуленая супрацоўнікамі музея інфармацыя лягла ў аснову таблічак, распрацаваных аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвынкама. Выраб іх прафінансаваны згодна з Дзяржаўнай праграмай “Беларусь гостеприимная” на 2016 — 2020 гады.

Шыльды з гістарычнымі назвамі ўжо ўсталяваны на вуліцы Савецкай, якая ў свой час называлася Жупранскай і Пілсудскага.

Экскурс у гісторыю можна будзе здзейсніць, наведаўшы і іншыя вуліцы Ашмян. Адна з самых старых вуліц, Замкавая, якая ўзгадвалася ўжо ў XV стагоддзі разам з Кірмашовай (Гарадской, Базарнай, Рыначнай, Тадэвуша Касцюшкі) плошчай, цяпер носіць назву Першамайскай. Яна таксама некалькі разоў змяняла сваё імя. У XIX стагоддзі яе называлі Казначэйскай, а пасля ўзвядзення касцёла Святога Міхаіла Арханёла — Касцёльнай. Не ўсе ашмянцы ведаюць, дзе пралягала вуліца Водная, а дзе – Жалігоўскага і Міхайлаўская. Адказ на гэтыя пытанні можна будзе знайсці на новых шыльдах.

Хочацца адзначыць, што на Ашмяншчыну праз гады вярнулася імя Чэслава Янкоўскага, паэта, публіцыста, гісторыка, аўтара грунтоўнай працы «Павет Ашмянскі. Матэрыялы для гісторыі зямлі і людзей», які нарадзіўся ў вёсцы Паляны. У 20-30 гады яго імя насіла цяперашняя вуліца Піянерская. Сёння наш зямляк “перасяліўся” ў новы мікрараён Ашмян, які раскінуўся ўздоўж вуліцы Барунскай.

— Дапоўніць сучасныя назвы вуліц шыльдамі з іх гістарычнымі эквівалентамі і выявай геральдычнага герба горада – гэта толькі частка запланаванай на бліжэйшы час работы ў турыстычным накірунку, – падкрэсліла загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Ангеліна Жук. – У цэнтры горада будуць устаноўлены інфармацыйныя тумбы і слупы з навігацыяй у выглядзе стрэлак – для пешых прыхільнікаў гістарычнага мінулага. З’явіцца таксама некалькі краязнаўчых банераў. Мажліва, гэта дробязі, аднак менавіта з іх — разам са славутасцямі краю — складваецца турыстычная прывабнасць Ашмяншчыны.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *