Гальшанскі замак: вяртанне праз стагоддзі

Культура

 

Гальшанскі замак апошнія два гады на слыху не толькі ў турыстаў, якія з усіх куткоў Беларусі і не толькі імкнуцца наведаць гістарычную славутасць нашай зямлі, але і сярод будаўнікоў і рэстаўратараў. Рэстаўрацыйныя работы, якія вядуцца на аб’екце згодна з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады і пры фінансаванні фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва, блізяцца да свайго завяршэння. У гэтым годзе на захаванне гісторыкакультурнай каштоўнасці фондам выдаткавана 498 тысяч рублёў. Адзіная з чатырох захаваных вежаў – паўночная, а таксама тэрыторыя вакол яе ўжо цешаць вока шматлікіх турыстаў, прыхільнікаў краязнаўства і мясцовых жыхароў. Праектам прадугледжаны ўнутранае аздабленне вежы, стварэнне экспазіцыі, вонкавае асвятленне, відэаназіранне і адкрыццё візіт-цэнтра: адміністрацыйныга будынка з неабходнымі ўмовамі для наведвальнікаў.

Як адзначыў метадыст па музеях і гісторыкакультурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, сёння стаіць задача – унутраныя работы ў вежы максімальна завяршыць у кастрычніку.

Зараз актыўна ідуць работы па музеефікацыі скляпення і трох паверхаў-узроўняў.

Згодна з распрацаванай канцэпцыяй найбольш прыцягальным павіннна атрымацца скляпенне. Адной з фішак гэтага ўзроўню стане шкляная падлога-вітрына. У дадатак да ўсяго яна будзе выплываць з дапамогай спецыяльных механізмаў, дэманструючы турыстам элементы гальшанскага скарбу і розных артэфактаў эпохі Сапегаў. Празрыстая падлога возьме на сябе функцыю асвятлення памяшкання, у якім “ажывуць” прывіды Чорнага манаха і Белай дамы. Містычнасці гэтаму месцу дададуць таямнічыя гукі, што будуць раздавацца ў скляпенні.

На першым паверсе вежы размесцяцца археалагічныя знаходкі, адшуканыя падчас даследаванняў на замку і раскопак на Гальшанскім гарадзішчы. Тут жа будзе размешчаны камін строгіх формаў. Наогул, па задумцы, гэта гаспадарча-бытавое памяшканне павінна асацыіравацца ў наведвальнікаў з месцам для асоб, якія займалі пэўныя пасады пры замку: ключніцы, эканома.

Графічная выява каміна на другім паверсе вежы

Работы на другім, самым шыкоўным паверсе, ужо блізяцца да завяршэння. Упрыгожаннем параднага памяшкання стане камін эпохі Сапегаў з элементамі аздобы. Распрацаваны яго дэкаратыўныя элементы, ахоўны экран, дрывотня, каваны набор для распальвання. Тут жа размесцяцца крэсла і табурэт. Уразіць турыстаў роспіс на столі. Асноўная частка яго будзе выканана ў графічным шэрачорным варыянце. Важным момантам стане зандаж, які перадасць роспіс у колеры. Дарэчы, зандажы будуць на кожным узроўні.

У параднай зале частка падлогі выкладзена аўтэнтычнай пліткай, знойдзенай падчас археалагічных даследаванняў на замку.

Трэці паверх адкрые перад наведвальнікамі замак у перспектыве часу: праз інтэрактыўнасць і магчымасці сучаснай тэхнікі. Перад турыстамі праз падзорную трубу адкрыецца панарама сучасных Гальшан. А вось узнавіць у памяці старажытныя Гальшаны і сам замак дапаможа дэкаратыўнае пано, якое размешчана па перыметры памяшкання. На ім размесцяцца карты і выявы замка, якія дайшлі да нас дзякуючы Напалеону Ордзе, Альбрэхту Адаму і Язэпу Драздовічу. Тут жа будзе прадстаўлены макет замка ў разрэзе і галерэя партрэтаў роду Сапегаў.

Паралельна са стварэннем экспазіцыі зараз вядуцца работы па падсвятленні вежы, разводцы электрычнасці па паверхах і ўсталяванні відэаназірання.

— Любы музей і гістарычны аб’ект павінен быць прыцягальным для турыстаў, мець сваю прывабнасць і свае фішкі, якія будуць яго адрозніваць ад іншых, — заўважыў Сяргей Жылік. — Нашымі сумеснымі намаганнямі шмат зроблена для таго, каб турыстам хацелася наведаць менавіта Гальшанскі замак. У гэтым яны змогуць упэўніцца зусім хутка, напрыканцы гэтага года.

Аліна САНЮК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *