Доржы. Вёска на мяжы Беларусі і Літвы

Культура

 

Кожная вёска, як і чалавек, мае сваю непаўторную гісторыю. Яе жыццё, нібы шырокая дарога, убірае ў сябе мноства звілістых і вузкіх, вытаптаных і, часам, непрыкметных, але цесна звязаных між сабой сцежак.

Так і лёсы аднавяскоўцаў могуць быць злучаны між сабой. На карце Ашмяншчыны сотні маленькіх шляхоў-дарог, аб існаванні якіх мы ведаем зусім няшмат…

Вёска

Наш шлях пралёг праз вёску Доржы, якая месціцца ў паўднёва-заходняй частцы Ашмянскага раёна недалёка ад літоўскай мяжы. Ідучы па доўгай вуліцы, абапал якой параскіданы драўляныя дамы, ловіш сябе на думцы: якая тут неверагодная прыгажосць і цішыня. У паветры лунае лёгкі пах кветак, здалёк даносіцца звон касы, і зусім блізка — шум машын, якія, нібы пчолы, снуюць праз вёску ў багатыя ягадамі і грыбамі мясцовыя лясы.

Па ўспамінах месцічаў, да вайны акрамя галоўнай вуліцы тут была яшчэ і вулачка, якая цягнулася ў бок Падгаяў, а дамы былі больш раскінуты па тэрыторыі, чым цяпер. Аднак, гледзячы на апусцелыя двары, міжволі думаеш, што пакуль у вёсцы ёсць хоць адзін чалавек, пакуль вёска ў памяці тых, хто тут нарадзіўся, яна жывая. Не падману, калі скажу, што прыгранічным Доржам у гэтым плане яшчэ пашанцавала – сёння тут жыве шаснаццаць чалавек. Малодшаму даржанцу Валерыю Навіцкаму сорак восем гадоў, а самы старэйшы, Станіслаў Шымакоўскі, у чэрвені размяняў дзявяты дзясятак.

Праўду кажуць, біяграфія кожнай вёскі складаецца з лёсу людзей. Блукаеш па Доржах, спыняешся каля прыгожа ўбранага кідкімі стужкамі крыжа, адчыняеш веснічкі ў дагледжаны двор і абавязкова даведваешся, хто дзе жыў, чым займаўся, чым быў адметны…

Наша паездка ў гэты цудоўны куточак не атрымалася б такой цікавай і насычанай без мясцовага жыхара, краязнаўцы і гісторыка Валерыя Навіцкага. Падчас экскурсіі па вёсцы Валерый Эдвардавіч расказаў амаль пра кожную сям’ю, якая жыве тут цяпер і жыла раней. Цікава было даведацца і пра гісторыю вёскі, каменныя курганы, якія высяцца непадалёк ад мястэчка, аб Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах, якія не абмінулі Доржы і, канешне, аб тым, як жыве населены пункт зараз.

Гісторыі іх жыцця

Куды б ні закінуў лёс чалавека, зямлі, лепшай за родную старонку, яму не знайсці нідзе. Можа таму ўраджэнцы Доржаў, як бы далёка не жылі, не забываюцца пра сваю малую радзіму. Яны стараюцца як мага часцей прыехаць сюды з розных куткоў Беларусі і Літвы, каб разам, сапраўды вялікай і дружнай сям’ёй адзначыць свята вёскі, шчыра прызнацца ў любові да людзей, якія тут жывуць, і маляўнічых мясцін, што раскінуліся навокал.

У цені векавых дрэў за шчодра накрытым сталом яны збіраюцца і абмяркоўваюць навіны, слухаюць песні, якія саграваюць душы кожнага, хто звязаны з гэтай зямлёй. Тыя, хто з маленства звязаны лёсам з Доржамі і ведаюць багатую гісторыю вёскі і біяграфіі яе жыхароў, заўсёды з захапленнем дзеляцца ўспамінамі. Вось толькі свята вёскі з-за пандэміі сёлета прыйшлося адкласці, але вяскоўцы не сумуюць і спадзяюцца, што наступны год прынясе доўгачаканую сустрэчу з землякамі.

Мы прыселі на лавачцы каля дома аднаго з доўгажыхароў вёскі Канстанціна Антонавіча Лосіка. Ён разам з жонкай Янінай Пятроўнай, дапаўняючы і ўдакладняючы адзін аднаго, расказалі пра сваю вёску. Даржанцы ўжо больш за шэсць дзясяткаў гадоў разам.

— Калі я быў хлопцам, — пачаў свой аповед Канстанцін Антонавіч, — у вёсцы было дваццаць шэсць юнакоў і столькі ж, а можа нават і болей, дзяўчат. А як разам з вяскоўцамі выходзілі ў поле, то звон косаў разносіўся рэхам за некалькі кіламетраў… Цікавае было жыццё ў Доржах раней, хораша адпачывалі – на святы ўсе разам. Вяселле ці праводзіны ў войска было вялікай падзеяй для ўсіх вяскоўцаў без выключэння.

Яніна Пятроўна сваю працоўную біяграфію пачала ў калгасе, затым каля трыццаці гадоў аддала культуры – узначальвала клуб у Шчапанавічах, а пазней  — у Доржах.

— У даржанскім клубе мы сабралі жаночую вакальную групу, — успамінае гаспадыня. – Выступалі не толькі ў вёсцы, але і ездзілі з канцэртамі ў Каменны Лог, Клявіцу, Граўжышкі і Гальшаны. Гэта цяпер клуб зачынены, а будынак амаль ра­забраны, а раней – гэта было месца для сустрэч з вяскоўцамі. Кожнае свята адзначалі ў яго сценах. Добра жылі ў вёсцы, для спрэчак і плётак не было часу – усе былі занятыя сем’ямі, работай і хатніх клопатаў шмат мелі – у кожным двары была жывёла.

— Заехаў у Доржы на дзядзькаву зямлю і пабудаваўся, — расказвае мужчына. – Тут усё спалена было пасля вайны… Сваімі рукамі дом паставіў, лазню, хлеў і свіран. Часта ўспамінаю вяскоўцаў і падлічваю, што было ў нашай вёсачцы восем­дзесят тры дамы, а цяпер у пяці жывуць па два чалавекі і ў шасці — па аднаму.

Напэўна, каб занатаваць гісторыю жыцця спагадлівых і руплівых гаспадароў Лосікаў, не хапіла б і альбома з сотняй старонак. Такое яно было насычанае падзеямі і цікавае. Доўга не хацеў нас адпускаць Канстанцін Антонавіч, але час рушыць далей… Ідзем па вуліцы, заўважаем, што цяжка адрозніць нежылыя дамы ад жылых – кожны двор абкошаны і абнесены роўным плотам. Вось толькі бачна, што некоторых дамоў на вуліцы не хапае, між будынкамі – пустэчы: аказваецца, што некаторыя з іх прыйшлі ў заняпад, і гаспадары іх разабралі, а другія проста перавезлі бліжэй да аграгарадка.

Душа Рэгіны Барысевіч

Скрыпнулі веснічкі, з дому, што патанае ў стракатых кветках, на вуліцу сустракаць гасцей выйшла Рэгіна Уладзіславаўна Барысевіч. Гаспадыня любіць збіраць зёлкі і частаваць гасцей сваёй фірмовай гарбатай з чабаром і мелісай. Пакуль мы размаўляем з жанчынай, на сонейку грэецца любіміца жанчыны — котка Рыска.

Працавітая рука гаспадыні адчуваецца ва ўсім: на двары — чысціня і парадак, вока радуе вялікі кветнік пад вокнамі, за домам – дагледжаныя агароды… Тут няма ніякіх сакрэтаў і таямніц – яна, нягледзячы на ўзрост, робіць усё з душой, таму і атрымоўваецца прыгожа.

Рэгіна Уладзіславаўна нарадзілася ў вёсцы Малыя Вайшнарышкі, а пасля вяселля пераехала да мужа ў Доржы.

— Цікавае жыццё ў вёсцы было, шмат моладзі — гучна і весела, а зараз спаць толькі хочацца, гледзячы на гэту вёску, — дзеліцца жанчына. – Старэйшыя памерлі, а маладыя тут жыць не хочуць. Добра, што Валерый Навіцкі тут застаўся, мы, калі што, бяжым да яго ці ў добрым, ці ў дрэнным, ён дапамагае заўсёды па-суседску.

Цяпер жанчына жыве адна, але заўсёды да яе спяшаюцца дзеці і ўнукі. На святы ў бацькоўскім доме збіраецца дзесьці дваццаць чалавек. Але жанчыне не прывыкаць – на ўсе вясковыя святы (а іх у той час было вельмі шмат) яе запрашалі поварам не толькі ў Доржы, але і ў Гродзі, і ў Вайшнарышкі.

Доўгажыхар Станіслаў Шымакоўскі

Пра прыезд аўталаўкі ў вёску абвяшчае зацяжны гудок. Пустая вуліца адразу ажыўляецца. Каля прылаўка суседзі любяць абмеркаваць апошнія навіны і нават успомніць маладосць. Дарэчы, цяпер бліжэйшы магазін знаходзіцца ў Шчапанавічах, што ў чатырох кіламетрах ад Доржаў, а аўтамагазін курсіруе некалькі разоў на тыдзень. Два разы на тыдзень, у чацвер і ня­дзелю, ходзіць і рэйсавы аўтобус. Вось толькі з мабільнай сувяззю не абыходзіцца без праблем — за некалькі гадзін нашай паездкі ні адзін з нашых тэлефонаў так і “не злавіў” сетку.

— Раней чалавек не чакаў аўтамагазіна, — расказвае старэйшы жыхар Станіслаў Шымакоўскі. – У кожнай хаце ўсё сваё было – малако, масла, мяса… Некаторыя гаспадыні нават духмяны хлеб пяклі. Амаль у кожнай хаце быў свой невялічкі бровар.

У ранейшыя часы жыхары вёскі часцяком выраблялі жытнёўку (пароўку) — алкагольны напой з жытняй ці з трыцікалевай мукі двайнога перагону. За “даржанкай”, асабліва перад святамі ці нейкімі важнымі падзеямі, прыязджалі пакупнікі з усяго раёна.

Нягледзячы на ўзрост, мужчына сам ездзіць на аўтамабілі і выконвае розныя работы каля дома. А яшчэ паспявае штодня з’ездзіць у пачатак вёскі, каб карміць бяздомных кацянят, якія, праўда, ужо паспелі здзічэць.

Большую частку жыцця мужчына працаваў у калгасе шафёрам. Пасля вучобы аўтамабільнай справе ў Вільні, як ні ўгаворвалі яго застацца ў суседняй краіне, вярнуўся дамоў.

— Вёска наша каталіцкая, але так было не заўсёды, — расказвае мужчына. – Раней тут жыло больш праваслаўных вернікаў, пры Польшчы, а можа яшчэ і да Польшчы ім давалі зямлю, каб яны пераходзілі на “польскую” веру. Толькі адзін даржанец застаўся праваслаўным. Пасля разам з каталікамі адзначаў і нашыя святы.

Памяць

Так склалася, што Доржы адносіліся да Нарвілішскай парафіі, якая пасля развалу СССР адышла да Літвы. Адлегласць ад Доржаў да Нарвілішкаў усяго пяць кіламетраў, але цяпер яе не пераадолець, таму што касцёл і могілкі аддзелены пагранічнай сеткай. Гэта сапраўды стала вялікай трагедыяй для людзей з беларускага боку.

На могілках узвышаюцца помнікі з выбітым імем і прозвішчам памерлага, напрыклад, мужа. На помніку побач напісаны прозвішча і імя, год нараджэння жонкі, а за рыскай — нічога… Пасля смерці жонку не змогуць пахаваць каля мужа і дапісаць год смерці. Граніца раздзяліла сем’і даржанцаў. Таму яны вымушаны хаваць нябожчыкаў у Граўжышках. Увосень, на Дзяды, можна наведаць могілкі ў Нарвілішках праз пункт спрошчанага пропуску ў Пяцкунах Іўеўскага раёна толькі па візах.

— На могілках у Нарвілішках пахаваны мой бацька, дзядзя, — расказвае Валерый Навіцкі. – Калі не чакаць свята Усіх Святых, то трэба рабіць візу і тады ехаць праз Вільнюс у Нарвілішкі.

Сястра Валерыя Навіцкага зараз жыве ў Ашмянах, а паколькі гэта не пагранічная зона, то яе могуць не пусціць на могілкі праз Пяцкуны. Здавалася б, да Нарвілішкаў рукой падаць – усяго пяць кіламетраў, да пагранічнага пункта наўпрост дзесьці шэсць кіламетраў, трохі больш праз Гальшаны, Трабы ці Сурвілішкі.

Сяброўкі і суседкі

Ірына Барысевіч прыехала ў Доржы ў маладосці, выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася тут назаўсёды. Але жыццё яе ніколі не было простым, лёс падрыхтаваў для яе шмат выпрабаванняў – памерла яе маленькая дачка, муж рана пайшоў з жыцця, чатыры гады таму загінуў сын.

— І маці, і дачка, шмат блізкіх пахавана ў Нарвілішках, — дзеліцца Ірына Антонаўна. – Даўно там не была, не робім візы. Дачка візу робіць і ездзіць туды, даглядае за могілкамі, а я толькі ў Пяцкуны з’езджу, пасяджу там, успомню сваіх родных…

Мы доўга размаўлялі аб яе жыцці, жанчына дзялілася з намі, чужымі людзьмі, асабістымі і шчырымі ўспамінамі, перажываннямі, якія на ўсё жыццё пасяліліся ў душы. Сумаваць і “падарожнічаць” па лабірынтах успамінаў Ірыне Антонаўне не дае суседка Марыя Кілдановіч, дом якой месціцца праз дарогу. Часта яны адна ў адной гасцююць (бывае, некалькі разоў на дзень), а за кубкам гарбаты  і час хутчэй бяжыць.

Пакуль сын Марыі Мікалаеўны Іван закатвае кампот на зіму, жанчыны ўладкаваліся на прызбе каля яркіх буйных ружаў, якія так любіць гаспадыня, і пачалі ажыўлена расказваць аб сваёй долі. У шчырых успамінах старонка за старонкай перагортваюць пройдзеныя шляхі, дарагія і незабыўныя. Добрасумленныя, працавітыя жанчыны ўсюды паспявалі: і дома, і на працы.

Размаўляючы з сяброўкамі, разумееш, як у глыбіні іх душы цепліцца любоў да жыцця, да роднай вёсачкі… На пытанне, ці паехалі б у горад жыць, яны адказваюць: «У горад не паехалі б ні тады, ні цяпер. А навошта?!».

— Маці амаль ўсё жыццё з вёскі не выязджала, а калі я служыў на Украіне ў Закарпацці, брат з мамай прыехалі да мяне цягніком, — расказвае Іван Кілдановіч. – Гэта было неверагоднае падарожжа для мамы. Прайшло шмат гадоў, а яна ўспамінае, як не прысела ў цягніку, а толькі глядзела на дарогу, назірала за высокімі гарамі і, як дзіця, захаплялася чыгуначнымі тунэлямі.

Марыі Мікалаеўне ў студзені спаўняецца 90 гадоў. І цяпер, калі яе жыццёвы метраном адлічвае амаль дзевяць дзясяткаў, калі можна ўжо спакойна жыць і нікуды не спяшацца, сярод складаных падзей свайго няпростага жыцця яна ўспамінае ваеннае ліхалецце…

Вайна

27 чэрвеня 1941 года вёска Доржы была акупіравана нямецка-фашысцкімі захоп­нікамі. Толькі 8 ліпеня 1944 года пасля вызвалення Гальшан 83-я гвардзейская стралковая дывізія ў 5 гадзін раніцы дасягнула вёскі Шчапанавічы, дзе вымушана была затрымацца, спаткаўшы моцнае супраціўленне. Фашысты контратакавалі пяхотай і танкамі з боку Мачул, а таксама вялі артылерыйскі і мінамётны агонь з боку вёскі Доржы. Падчас бою за вёску немцы яе падпалілі. Агонь знішчыў 34 дамы, а да вайны ў вёсцы быў 41 дом і пражывала 127 жыхароў.

— Я ўжо нарадзіўся ў гэтым доме, — расказвае Іван Кілдановіч. – А брат яшчэ ў хляве, дзе была “арганізавана” хатка з печчу. Разам з намі там размясціліся і вяскоўцы, у якіх нават і хлявоў не засталося. Пяць гадоў жылі мы ў такіх умовах, пакуль дом не пабудавалі. А яшчэ расказвалі, што бліжэй да лесу былі вырыты вялікія акопы, у якіх людзі ўсёй вёскай хаваліся. Жудасны быў час…

Пасля вайны, у 1950 годзе быў створаны калгас “Прамень”. Час быў цяжкі, заробкі  вельмі малыя, а працы было шмат. Месцічы спяшаліся адбудоўвацца пасля пажару. У першую чаргу будавалі хлявы для жывёлы, там рабілі каморы, у якіх жылі самі, а затым ужо ў 50-я гады будавалі, на той час, вялікія, прасторныя, светлыя дамы. Вёска займала 1-е месца ў раёне ў конкурсе на добраўпарадкаванне населенага пункта.

Усіх мясцовых жыхароў спрадвечна адрознівала асаблівае стаўленне да парадку. Так было ў даўніну, так застаецца і зараз. Працавітыя, руплівыя людзі імкнуліся да годнага жыцця. У першую чаргу займаліся жывёлагадоўляй. Гадавалі для продажу кароў, быкоў, свіней, авечак. Цяпер ніхто не вядзе сельскую гаспадарку, на выгане пуста, але не могуць даржанцы сядзець склаўшы рукі, пакуль яшчэ хоць трохі ёсць сілы.

У 1965 годзе вёска была электрыфікавана. У гэты час пабудавалі новы магазін і клуб. Да 1978 года ў вёсцы дзейнічала пачатковая школа.

А як раней дзеці весела жылі: зімой пастаянна бавілі час на сажалцы і ладзілі хакейны турнір паміж вёскамі. Даржанскія дзеці збіраліся гуртом, каб паганяць на веласіпедзе, пагуляць у пікера. А па футбольным полі мяч маглі ганяць да цемры.

— Раней амаль у кожным доме быў матацыкл, — дзеліцца Іван. – Я на ім дабіраўся ў Ашмяны, дзе вучыўся ездзіць на тым самым матацыкле. Аднойчы на пад’ездзе да горада спыніла машына ДАІ: “Вашы правы!”, а ў мяне іх няма, даішнік паглядзеў і адпусціў вучыцца.

— Вось так і жыццё прайшло, — расказвае Ірына Антонаўна. – Як адзін дзень. Цаніце маладосць, любіце сваё жыццё, бо яно хутка праходзіць: і ў добрым, і ў дрэнным. Вось, здаецца, так дрэнна, немагчыма далей жыць, перажывеш і ўсё вытрымаеш…

…Прыйшоў час, калі змоўклі галасы ў хатах, на дзвярах некаторых з’явіліся вялікія замкі, час тут вядзе адлік інакш, чым у горадзе… Кожны чалавек, якога мы сустрэлі на сваім шляху, –  цэлы свет, і пасля размовы нават з адным можа не хапіць газетнай старонкі. А што тады гаварыць пра вёску, якая аб’яднала дзясяткі чалавечых лёсаў!?

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *