Роспіс на сцяне музея ў Ашмянах вырашылі дапрацаваць

Культура

 

Роспіс на сценах фірменнай крамы ашмянскага мясакамбіната “Пачастунак” і краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча стаў неад’емнай часткай гарадскога пейзажу. Нават і не верыцца ўжо, што першы малюнак, а правільней сказаць першая частка трыпціха “Тры старосты ашмянскія – Радзівіл, Сапега, Агінскі. XVI-XVIII стагоддзі” з’явілася на сцяне крамы ў 2013 годзе.

Праект быў задуманы як частка агульнага музейнага комплексу. Гісторыя Ашмян і знакавыя асобы таго часу ўдала спалучаюцца з сучаснасцю і заклікаюць да знаёмства.

Мікалай Радзівіл Руды ‑ сын легендарнага Юрыя Радзівіла, празванага “літоўскім Геркулесам”, пакінуў у гісторыі след як актыўны абаронца незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага і на сойме, і на полі бітвы. Ён быў адным з наймацнейшых магнатаў свайго часу, таму і Ашмяны пры яго старостве дасягнулі адметнага росквіту.

Сюжэт карціны, што адкрываецца гараджанам і гасцям горада са сцяны крамы, просты і зразумелы: “Староста са сваёй світай едзе з Вільні. Раптам карэта спыняецца. Ён выходзіць на вуліцу ў Ашмянах, каб запытацца ў фурмана, чым выкліканы незапланаваны прыпынак. Аказваецца, наперад выбег сабачка, вось коні ад яго брэху і спыніліся…”.

Другі староста ашмянскі Павел Стэфан Сапега разам з жонкай Альжбетай “аблюбаваў” сцяну краязнаўчага музея ў мінулым годзе. Пра гэтага грамадскага і ваеннага дзеяча ашмянцам расказваць не трэба. Усе мы ведаем яго як уладальніка замка ў Гальшанах. Падканцлер літоўскі, староста ашмянскі і гомельскі зрабіў шмат для развіцця нашай зямлі.

На мінулым тыдні ля гэтай карціны ізноў распачаўся рух. Мінскія мастачкі Ганна Выгонная і Яўгенія Юнашава вырашылі дапрацаваць распачатую ў мінулым годзе работу. Прамаляваныя постаці Паўла Сапегі і яго жонкі адразу ж набралі глыбіню і выразнасць. Адлюстраваныя на выяве дапаўненні – не што іншае, як вадзяныя знакі, якія выкарыстоўваліся для абазначэння гатунку гальшанскай паперы. Дарэчы, у іх склад уваходзілі фрагменты герба Сапегаў “Ліс”. Уважлівыя людзі знойдуць на карціне лацінскія літары Р і S (Павел Сапега), Р і W (падканцлер Вялікага), X і L (Княства Літоўскага), а таксама надпіс AnnoDni (Domini) і лічбы 1627 (год шлюбу Паўла Сапегі) і 1635 (год яго смерці). Яны мелі непасрэднае дачыненне і да вырабу гальшанскай геральдычнай кафлі. Такім чынам, роспіс на сцяне ажывае і падштурхоўвае мінакоў і турыстаў да асэнсавання ўбачанага. Незавершанасць, па словах Ганны Выгоннай – спецыяльна прадуманы ход, магчымасць кожнаму зацікаўленаму чалавеку прыняць удзел у “напаўненні” сюжэта насценнага роспісу.

Адметнай у другой частцы трыпціха з’яўляецца яшчэ адна дэталь: усё той жа сабачка, які “перабег” праз вуліцу Савецкую (Жупранскую) і апынуўся на другой карціне. Кажуць, што і ў трэцяй частцы трыпціха ён таксама будзе фігураваць.

На музейнай сцяне, побач з выявай старосты Паўла Сапегі прымацавана шыльда-анатацыя, дзе можна прачытаць дадатковую інфармацыю аб сэнсе адлюстравання і яе героях. Такая ж шкляная шыльда просіцца і на сцяну “Пачастунка”, каб распавесці жыхарам і гасцям горада пра Радзівіла Рудога.

Трэцяя сцяна пакуль што вольная. Яна чакае свайго часу, каб ажыць разам са старостам Андрэем Агінскім, бацькам знакамітага кампазітара, аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага. Сюжэтная карціна з гэтай выбітнай асобай – ваяводам трокскім, упаўнаважаным паслом Рэчы Паспалітай у Пецярбурзе і паслом у Вене – будзе намалявана на сцяне крамы, якая знаходзіцца побач з музеем (былым “Гурманам”).

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *