Аўтапарк упраўлення адукацыі папоўнілі новыя аўтобусы

Образование Общество

 

Два новыя школьныя аўтобусы атрымала ўпраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкама да новага навучальнага года.

Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі, на набыццё адзінак транспарту выдаткавана звыш 175 тысяч рублёў з раённага бюджэту. Новенькія ПАЗы 32-053 на 23 месцы кожны ўжо папоўнілі аўтапарк. Па словах інжынера па транспарце Івана Барткевіча, зараз у ім налічваецца дванаццаць аўтобусаў, якія з першага верасня будуць задзейнічаны на падвозе дзяцей у розныя ўстановы адукацыі нашага раёна.

Акрамя таго, падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года школьныя аўтобусы былі пафарбаваны і адрамантаваны. Своеасаблівы ўнёсак у гэту важную справу зрабіла вучаніца сярэдняй школы №2 г.Ашмяны. «Якім чынам?» — здзівіцеся вы. Не хвалюйцеся, удзелу ў рамонтных работах дзяўчынка, зразумела, не прымала. Яшчэ ў траўні яна паўдзельнічала ў конкурсе «Вясёлая паездка з сябрамі на школьным аўтобусе», які абвясціла ТАА «Русаўтапром». Па звестках арганізатараў, каля 150 малюнкаў даслалі дзеці з розных куткоў Беларусі.

Вучаніца 5 класа СШ №2 Ксенія Хіневіч накіравала ў адрас арганізатараў ажно дзве работы: на адным малюнку яна адлюстравала паездку з паветранымі шарамі на дзень нараджэння, а на другім — займальнае падарожжа па Беларусі.

— Аказваецца, у нас ёсць вельмі цікавыя мясціны, не горшыя, чым Дзіснэйлэнд, — адкрыла для сябе Ксенія, калі вырашыла ўвасобіць на паперы сваю задумку — адлюстраваць своеасаблівую карту падарожніка. На ёй з’явіліся перавернуты дом у Полацку, парк-музей «Сула» каля Мінска, сафары на паравозе і многае іншае.

Па выніках творчага спаборніцтва дзяўчынка заняла першае месца. Пераможцу чакала не толькі асабістая ўзнагарода — смарт-гадзіннік, — але і заахвочванне для школы і ўпраўлення адукацыі. Так, дзякуючы таленавітай вучаніцы СШ №2 атрымала стол для малявання пяском і ноўтбук, а упраўленне адукацыі — сертыфікат на 450 рублёў для правядзення рамонту школьных аўтобусаў.

— Падарункі для школы прыйшліся дарэчы, — расказвае Ксенія. — Мая мама працуе педагогам-псіхолагам і даўно марыла, каб у кабінеце з’явіўся такі стол. Вельмі рада, што яе мара здзейснілася. А яшчэ спадзяюся, што падчас адпачынку бацькоў у нас атрымаецца пабываць хаця б у некалькіх месцах з тых, што я намалявала. Адчуваю, што будзе здорава!

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *