Шчасце, памножанае на тры. Сям’я Наталлі і Анатоля Банюшэвічаў

Культура Молодежная политика

 

Гартаючы старонкі ў інтэрнэце, прачытала выказванне аб тым, што чалавек шчаслівы тады, калі ён у добрым настроі ідзе на працу, а пасля з задавальненнем спяшаецца дамоў у сям’ю. А яшчэ ў народзе кажуць, што трывала стаяць можна на зямлі на дзвюх нагах: адна нага – гэта любімая праца, а другая – дружная і моцная сям’я. І першую, і другую аксіёмы можна смела аднесці да шматдзетнай сям’і Наталлі і Анатоля Банюшэвічаў.

Пра Банюшэвічаў мы не раз пісалі на старонках раённай газеты, падставаў таму было шмат. Руплівыя гаспадары Наталля Віктараўна і Анатоль Вацлававіч прымалі ўдзел у конкурсе лепшых кветкаводаў. Яны вырошчваюць на прысядзібным участку ў Повішнях кветкі і ўпрыгожваюць свой дом крэатыўнымі самаробнымі кампазіцыямі. Цяпер у тым доме ніхто не жыве, аднак будынак, нібы ў каляровым акіяне, патанае ў кветках. Наталля Віктараўна расказвае, што паколькі дом незанядбаны, людзі часта стукаюць у дзверы, спадзеючыся, што гаспадары на месцы. Бацькі мужа пакінулі “кветкавы” дом і вырашылі пераехаць у Ралаўшчыну.

Пісалі мы і пра вучня 8 класа сярэдняй школы №1 імя М.М. Гружэўскага Аляксандра Банюшэвіча – удзельніка і пераможцу алімпіяд па матэматыцы. А апошні матэрыял быў прысвечаны цудоўнай нагодзе – шматдзетная сям’я Банюшэвіч занесена на раённую Дошку гонару.

Смела можна сказаць, што ў іх утульнай кватэры пануе атмасфера любові і даверу, а ў любых пачынаннях і справах яны разам – бацькі, дзеці – двайняты Аляксандр і Маргарыта, малодшы Сяргей і кот Маркіз, якога Рыта прынесла шэсць год таму з вуліцы.

Гісторыя іх сям’і пачалася пятнаццаць гадоў таму. Наталля і Анатоль па адным маршруце дабіраліся на працу ў райвыканкам і жыллёва-камунальную гаспадарку. Анатоль ехаў з Ралаўшчыны, а прыгажуня Наталля сядала ў аўтобус на прыпынку ў Кальчунах. Адразу маладыя нават увагі адзін на аднаго не звярталі, а пасля сядалі разам, размаўлялі аб усім на свеце. Бывае, Наталля заходзіць у аўтобус, а Анатоль ужо білет набыў і чакае сваю “суседку”.

— Спачатку не звярталі ўвагі адзін на аднаго, — расказвае Наталля Банюшэвіч. – Але хутка зразумелі, што закахаліся.

Пасля вяселля сям’я жыла ў Повішнях у бацькоў мужа, там нарадзіліся дзеці. Канешне, нялёгка было расціць пагодкаў, але, Наталля Віктараўна прызнаецца, калі бачыш усмешкі дзяцей, то ўсе цяжкасці адразу адступаюць.

— Мы набылі двайную калыску для Маргарыты і Сашы, яшчэ адну — для  малодшага Сяргея, але выходзіць на вуліцу з двума калыскамі было нязручна, таму ўсе трое “ездзілі” на двайной, — усміхаецца Наталля Банюшэвіч.

Наталля на ўласным вопыце пераканалася ў тым, што быць маці траіх дзяцей – трайное шчасце і адначасова няпростае выпрабаванне ў жыцці. Сапраўды, складана ўсё паспяваць, але паступова цяжкасці зніклі, праблемы вырашаліся дзякуючы мужу Анатолю – падтрымцы і апоры ва ўсіх справах.

Цяпер Наталля Віктараўна працуе ў Граўжышкоўскім ВПК настаўнікам–дэфектолагам. Пасля школы жанчына набыла юрыдычную адукацыю ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы, але хутка вырашыла асвоіць новую педагагічную прафесію — скончыла БДУ па спецыяльнасці “беларуская мова і літаратура”. На жаль, на той час не атрымалася знайсці працоўнае месца ў раёне, таму прайшла яшчэ курсы перападрыхтоўкі кадраў і стала настаўнікам–дэфектолагам. Аб выбранай прафесіі жанчына не шкадуе, і на працягу пяці гадоў займаецца з дашкольнікамі і вучнямі Граўжышкоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу.

— У кожнага дзіцяці свой дыягназ, свая праблема, з якой трэба працаваць, — дзеліцца жанчына. — Кожны дзень на працы па–свойму цікавы і адрозны ад папярэдняга, таму  заўсёды адчуваю сябе маладым спецыялістам.

Колькі любові, цярпення і душэўнай цеплыні трэба, каб выхаваць і даць шчаслівы білет сваім дзецям… У кожнай сям’і свой рэцэпт шчасця і ключы ад дзвярэй, за якімі яно знаходзіцца. Для Анатоля і Наталлі галоўнымі таямніцамі сямейнага шчасця з’яўляюцца каханне і павага, уменне пачуць і зразумець адзін аднаго і навучыць гэтаму дзяцей.

— Без дзяцей наша жыццё было б сумным і не такім цікавым, — расказвае маці. – А з Сашай, Рытай і Сяргеем жыццё расквечана яркімі фарбамі.

На паліцах у кватэры мноства фотаальбомаў з дзіцячымі здымкамі. Наталля Віктараўна расказвае, што раней яны стараліся хутка выкарыстаць кожны кадр з плёнкі і хутчэй яе праявіць, каб убачыць, якія моманты захаваліся назаўсёды. Гэта і дні нараджэння з падарункамі для кожнага, і каталіцкія святы, якія ў сям’і Банюшэвічаў заўсёды праходзяць весела і шумна. Дружная кампанія Сашы, Рыты і Сяргея заўсёды знаходзіла занятак, ім ніколі не было сумна дома і не трэба было шукаць сяброў, каб, напрыклад, пагуляць на вуліцы.  Канешне, яны ўжо падраслі – Рыта і Саша васьмікласнікі, а Сяргей наведвае сёмы клас, знайшлі сабе заняткі для душы, нават у школу і са школы ідуць паасобку. Сёлета Саша з Рытай і агульны дзень нараджэння збіраюцца адзначыць паасобку — са сваімі сябрамі.

— Асаблівых сакрэтаў, як выхоўваць дзяцей у мяне няма, — усміхаецца Наталля Банюшэвіч. — Час ідзе хутка, таму нельга марнаваць ні хвіліны, трэба развіваць дзяцей, займацца з імі, шукаць для іх цікавыя заняткі – паспець закласці ў галовы дзетак, як мага больш ведаў.

Заходзячы ў кватэру да шматдзетнай сям’і, здаецца, апынаешся ў спартыўнай зале з сапраўднай баксёрскай грушай, з якой трэніруецца Маргарыта. Усё пачалося з валейбола і гімнастыкі, а затым бацька прапанаваў дзяўчынцы з характарам наведваць трэніроўкі па барацьбе. Адразу Маргарыта скептычна да гэтага аднеслася, а затым атрымала першыя дыпломы і медалі. Каратэ, рукапашны бой, адзінаборствы, панкраціён, бокс… Юная спартсменка ўжо ездзіла на зборы ў Гродна,  а ў наступным годзе працягне навучанне ў школе алімпійскага рэзерву.  Любоў да спорту ў дзяўчынкі з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, матуля ўспамінае, як Рыта стаяла на веласіпедзе, абапёршыся на яго сядзенне адной рукой і паўтарала, што займацца спортам зусім не страшна.

Спартыўную эстафету перахапіў і малодшы Сяргей, наведваў трэніроўкі па пауэрліфтынгу, а пасля перайшоў у секцыю па панкраціёну. А вось Аляксандр захапляецца матэматыкай, паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядах, а дома самастойна шукае рашэнні складаных задач.

…За пятнаццаць гадоў у сям’і Банюшэвічаў нарадзілася трое цудоўных дзяцей, з’явілася ўтульная кватэра, яны разам перажылі шмат радасных момантаў, пераадолелі розныя цяжкасці. Застаецца пажадаць, каб у будучыні ўсё добрае, што ў іх ёсць, толькі памнажалася, а ў доме заўсёды ўладарылі любоў, згода і ўзаемапаразуменне.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *