Антон Таўгень. “Ліквідатар” з Ашмян

Общество

З кожнай гадавінай чарнобыльскай трагедыі памяншаюцца ў Беларусі рады ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Больш за 114 тысяч налічвалася іх у самым пачатку – тых, хто “варыўся” ў радыяцыйным пекле з 1986 па 1989 год. Гэта былі самыя розныя людзі: не толькі пажарныя, якія працавалі непасрэдна на атамнай станцыі. Шматлікія спецыялісты выконвалі работы па эвакуацыі, адсяленні, дэзактывацыі, будаўніцтве, жыццезабеспячэнні насельніцтва пацярпелых раёнаў.

У тыя складаныя дні, месяцы і гады яны не маглі доўга знаходзіцца ў зоне. Работа вялася вахтавым метадам: адны прыязджалі, другія – ад’язджалі.

Нягледзячы на тое, што Ашмянскі раён аддзяляе ад той трагічнай мясцовасці дзесьці шэсць соцень кіламетраў, работнікі многіх нашых арганізацый накіроўваліся туды на “барацьбу” з радыяцыяй. Адной з такіх арганізацый была МПМК-77 (зараз ААТ “Будаўнік”).

Менавіта тут спачатку трактарыстам, а затым вадзіцелем працаваў на той час Антон Таўгень. Усё жыццё тады было ў яго наперадзе. Маладому хлопцу, ураджэнцу вёскі Паляны, толькі споўнілася дваццаць шэсць. Пасля заканчэння мясцовай васьмігодкі ён паступіў у Ашмянскае ССПТВ-18, дзе атрымаў дзве спецыяльнасці – трактарыста і слесара. Затым была служба ў арміі. У Барысаве Антон Таўгень асвоіў навыкі яшчэ адной спецыяльнасці, вайсковай – старшы механік-вадзіцель танка.

Вярнуўшыся з войска, уладкаваўся на працу ў будаўнічую арганізацыю, а праз пару гадоў прапанаваў руку і сэрца дзяўчыне Станіславе з Ягелаўшчыны, з якой былі знаёмы з дзяцінства, бо вёскі знаходзіліся побач. Нягледзячы на тое, што хадзілі яны ў розныя школы – Стася пачатковую адукацыю атрымала ў Ягелаўшчыне, а пасля, як адчынілася ў горадзе трэцяя школа, прадоўжыла вучобу ў Ашмянах, – аднак “перасякаліся” вельмі часта. У Стасіных бацькоў была вялікая гаспадарка. Аднак так атрымалася, што рана пайшоў з жыцця бацька. Дзяўчынка тады яшчэ хадзіла ў чацвёрты клас. Маці часта хварэла, і калі прыходзіў час сенаваць, яна прасіла людзей пакасіць, а пасля і адвезці сена ў гумно. Ніколі не адказваў у гэтай справе працавіты і спрытны Антон, якога ўсе ў акрузе называлі чамусьці Толікам. Такая блытаніна ўзнікла з-за неадпаведнасці запісаў у сельсавеце і пры хрышчэнні ў касцёле. Але яна не перашкаджала хлопцу ў жыцці. Толік быў адкрытым і спагадлівым, заўсёды прыходзіў на дапамогу, нават зусім чужым людз­ям.

— З ім было вельмі лёгка, — адзначае ў размове Станіслава Іванаўна. – Жарты сыпаліся з яго штохвіліны. Вельмі падабаўся Толік маёй маме. Яна ўвесь час мне казала, што за ім я буду, як за каменнай сцяной.

Маладая сям’я пасялілася ў Ягелаўшчыне. Хутка на свет з’явіўся першынец Андрэйка – бацькава радасць і прадаўжальнік роду Таўгеняў. А ў 1986 годзе нарадзілася Ала, якую ўсе ласкава называлі Алінкай. Жыццё працягвалася. Сям’я строіла новыя планы, спадзявалася пераехаць у горад.

Калі “ўзарваўся Чарнобыль”, дзесьці праз месяц хлопцаў з МПМК, дарэчы, як і з іншых арганізацый раёна, пачалі накіроўваць туды ў камандзіроўку. Антону Таўгеню такая прапанова паступіла ў чэрвені.

— Я нават і не ведаю, ці мог ён тады адмовіцца, — заўважае Станіслава Іванаўна. – Памятаю толькі, што прасіла перанесці тую паездку. Не так з-за радыяцыі, мы роўным чынам нічога аб яе наступствах не ведалі, а таму, што на руках была трохмесячная Аліна. І я не паспявала спраўляцца з гаспадаркай. Але Антон мяне не паслухаў, сказаў, што ўсё роўна прыйдзецца ехаць – не сёння, дык заўтра.

Накіроўвалі Антона ў камандзіроўку на некалькі тыдняў, але прабыў ён у зоне ажно да восені. Толькі адзін раз на некалькі дзён прыязджаў на пабыўку, каб пабачыць дзяцей і жонку. У тыя камандзіроўкі ездзілі хлопцы на сваёй тэхніцы. Антону якраз далі новенькага ЗІЛа. Пакінуўшы машыну на Гомельшчыне, ён увесь час перажываў, што без гаспадара даб’юць яе за некалькі дзён. Да тэхнікі, як і да ўсяго, ён ставіўся адказна, не мог дазволіць зрабіць нешта абы з рук, кінуць і пайсці дамоў. Часта прападаў на працы пасля работы, клапаціўся аб тым, каб усё было зроблена як мае быць. Так вучылі яго бацькі, так пасля, на ўласным прыкладзе, выхоўваў ён і сваіх дзяцей.

З Грушаўкі, Забалоцця і Насовічаў, дзе брыгада з пятнаццаці ашмянскіх хлопцаў здымала і вывозіла забруджаны цэзіем-137 грунт (яго шчыльнасць дасягала ад 15 да 40 кюры на квадратны кіламетр!), ляцелі ў Ашмяны тэлефонныя званкі і пісьмы.

Пра самаадчуванне Антон амаль ніколі не казаў. Затое ўвесь час расказваў пра прыроду. Не мог надзівіцца ён тымі краявідамі — так хораша было наўкол! Вось толькі перажываў, што людзі вымушаны пакінуць гэты багаты і прыгожы край, абжытыя мясціны. Але ж гэта на непрацяглы час, думалася тады ўсім.

Цяпер, калі прайшло трыццаць чатыры гады і навукоўцы больш-менш дакладна вызначылі маштаб той трагедыі і яе наступствы, цяжка ўявіць, як праходзіла ліквідацыя радыяцыйнай аварыі ў час, калі насельніцтва аб гэтым нябачным і жудасным “ворагу” практычна нічога не ведала.

Малады арганізм Антона не адчуваў яе і фізічна. Толькі часам з’яўляўся прысмак жалеза ў роце, слабасць і ламата ў суставах. Ён не разумеў, што гэта ўсё вылезе пасля, праз гады… І бяспечна еў з сябрамі чарнобыльскія яблыкі, піў мясцовую ваду, збіраў у лесе ягады. А якія грыбы вырасталі тады ў зоне! Заўзяты грыбнік, ён ні адзін з іх не мог абмінуць. А яны лезлі з зямлі, крамяныя, вялікія, як тая радыяцыя з разбуранага выбухам рэактара. Хлопцы збіралі тыя грыбы і елі!

Вярнуўшыся з камандзіроўкі, Антон прадоўжыў работу ў будаўнічай арганізацыі. Жыццё працягвалася, падрасталі дзеці. Да ўрачоў ён нават і не звяртаўся, не было ў гэтым патрэбы. І толькі калі праз гады пачалі захворваць камандзіраваныя хлопцы з яго брыгады, унутры пасяліўся страх. Аднак ён адганяў дурныя думкі – ён жа яшчэ такі малады!

Захварэў Антон неяк раптам. Стаў жаліцца жонцы на тупы галаўны боль і слабасць. Вердыкт урачоў быў несуцяшальны – анкалогія. З гэтым дыягназам Антон Таўгень пражыў крыху больш за тры месяцы. У лістападзе 1996 года яго не стала. Яму было ўсяго толькі трыццаць шэсць гадоў.

Годам раней у Беларусі пачалася перарэгістрацыя ліквідатараў, у выніку якой многія страцілі тыя нешматлікія льготы, прызначаныя ім дзяржавай. Антон так яе і не прайшоў, як і не паспеў скарыстацца тымі “прывілеямі”. На памяць аб бацьку дзецям застаўся толькі нагрудны знак у чырвонай скрыначцы, які выдаваўся калісьці ліквідатарам разам з пасведчаннем. І абрыўкі-ўспаміны, як татка прывозіў з камандзіроўкі “зайчыкаў хлеб” і згушчанае малако, як высока паднімаў малых угору, а яны радаваліся і рагаталі.

Яшчэ і сёння жывуць у Палянах састарэлыя бацькі Антона Таўгеня. Жывуць з невылечным болем ад таго, што страцілі зусім маладым свайго адзінага сына. Іван Іосіфавіч быў таксама ў чарнобыльскай зоне ў камандзіроўцы. Але яму прыйшлося працаваць вадзіцелем на больш чыстай тэрыторыі – у вёсцы Жгунь Добрушскага раёна. Былі яны на Гомельшчыне ў камандзіроўцы ў адзін час і нават сустракаліся. Каб бацька ведаў тое ліха, дык памяняўся б тады з сынам месцамі.

Час ідзе. Ужо выраслі дзеці. Дачка Ала ўзначальвае сёння камунальнае прадпрыемства “Ашмяны-быт”. Сын Андрэй пасля заканчэння Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа працуе механікам у гэтай жа арганізацыі. У Станіславы Іванаўны пяцёра ўнукаў.

— Шкада толькі, што Толік гэтага не пабачыць. Ён бы ганарыўся сваімі дзецьмі, бо яны вельмі падобныя да яго: такія ж адказныя, працавітыя і спагадлівыя, як быў іх бацька, — са шкадаваннем адзначае Станіслава Іванаўна.

Аліна САНЮК.

Фота з архіва сям’і Таўгень.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *