Сцяжынкамі Мацея Бурачка

Культура

У Жупранах звоняць званы.

Ашмянкі плынь халадзее.

На чатырох вараных

вязуць Бурачка Мацея.

Якая высокая сіла

асвечвае сумны абрад —

сармацкі звычай ці сімвал?

Мужыцкі быў адвакат!

Такімі шчымлівымі радкамі заканчвалі калісьці мы, вучні старэйшых класаў,  экскурсію ў літаратурным музеі Жупранскай сярэдняй школы. Прайшлі гады, памянялася не адно пакаленне экскурсаводаў, але справа працягваецца – дзякуючы апантанаму чалавеку, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, загадчыку музея Галіне Лукшы вывучэнне і захаванне фактаў пра жыццё і дзейнасць Францішка Багушэвіча не спыняецца.

Пра Мацея Бурачка, Сымона Рэўку з-пад Барысава ў Жупранах ведае бадай кожны, як і галоўны наказ, які пакінуў нашчадкам паэт-дэмакрат: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.

З асалодай адзначыла, што пра яго, як і пра славутага земляка, памятаюць. У мінулую суботу з нагоды 180-й гадавіны з дня нараджэння Францішка Багушэвіча ў Жупранскай сярэдняй школе прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя “Ён быў мужыцкі адвакат”. Цёплай сустрэчы ў літаратурным музеі папярэднічаў мітынг ля помніка Багушэвічу, дзе вучні прыгадалі найважнейшыя старонкі з жыцця грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка.

З прывітальным словам да вучняў звярнуўся старшыня Жупранскага сельвыканкама Андрэй Клышэўскі, які адзначыў важкі ўнёсак Францішка Багушэвіча ў фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, а таксама ролю кожнага з нас у прадаўжэнні традыцый.

Даніна памяці земляку – гэта не толькі вечарыны і імпрэзы, экскурсіі і аповеды, гэта і добраўпарадкаванне знакавых месцаў, звязаных з Ф. Багушэвічам. Прыемна, што дзякуючы сумесным намаганням апошнімі гадамі сучасны выгляд набыў сквер у Жупранах, дзе ўсталяваны бюст паэту, а таксама магіла пачынальніка новай беларускай літаратуры. Месцам прыцягнення цікавасці да роднай мовы і асобы Багушэвіча застаецца і сядзіба паэта ў Кушлянах, куды ахвотна наведваюцца дарослыя і  дзеці.

Напрыканцы мітынгу да помніка паэту па традыцыі былі ўскладзены кветкі. Сапраўдным падарункам у гэты юбілейны дзень стала літаратурна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі. Пранікнёна гучалі вершы, не менш шчыра ліліся матывы беларускіх песень – школьнікі ў народных строях так ужыліся ў ролі Францішка Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага, тагачасных сялян, што, здавалася, усе прысутныя апынуліся ў XIX стагоддзі, пачулі той гучны кліч змагацца за гонар і волю.

Францішка Багушэвіча нездарма называюць паэтам-дэмакратам. У сваёй творчасці, а таксама падчас юрыдычнай практыкі ён выступаў як абаронца правоў простага люду, наказваў шанаваць сваю, мужыцкую мову. Думы і памкненні народа, блізкія песняру,  знайшлі адлюстраванне ў паэтычных зборніках “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, аб гісторыі стварэння якіх можна даведацца ў музеі. Тут з радасцю распавядуць пра кожны экспанат, кожны фотаздымак і дакумент, дапамогуць пазнаёміцца з радаводам Багушэвіча, няпростым лёсам яго нашчадкаў.

…Загадчык музея Галіна Брані­славаўна Лукша сыпле і сыпле цікавымі фактамі, яе захапленне непрыкметна перадаецца наведвальнікам, для якіх раскрываюцца таямніцы жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча – асобы, якой па праву ганарацца беларусы.

Людміла КОЗЕЛ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *