Напярэдадні Новага года на Ашмяншчыне святочныя віншаванні і падарункі прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны

Культура

У апошнія дні 2019 года ў госці да ветэранаў завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч, старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Галіна Яшына, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч і старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Юрый Карповіч.

Сапраўднае навагодняе свята ветэранам падарылі загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Станіслава Сырамалот, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН Аксана Бітэль і яе малодшы сын Міхаіл, якія пераапрануліся ў касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі і Снегавіка.

У гэты дзень прымалі віншаванні Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі і Браніслаў Іванавіч Шагідзевіч. З цеплынёй сустрэла ў сваёй кватэры частых гасцей Таццяна Мягкова. Прыемную навіну Таццяна Сцяпанаўна атрымала ад Аляксандра Маркевіча. Разам са старшынёй рэспубліканскага Фонду міра Максімам Місько яны выканалі просьбу жанчыны. У царкве Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага паставілі свечку і пагутарылі з настаяцелем храма, які распавёў, што хутка там пачнецца рэканструкцыя.

Справа ў тым, што гэты храм адыграў вялікую ролю ў лёсе Таццяны Мягковай і нават выратаваў ёй і шматлікім людзям жыццё. Падчас мінулай сустрэчы з дэпутатам жанчына падзялілася, што ў мінскім храме у гады ваеннага ліхалецця было створана сховішча для шматлікіх мінчан, якім пагражала перамяшчэнне ў Германію разам з адыходзячай нямецкай арміяй. Царкоўныя сцены сталі для іх надзейнай абаронай, а ў падвале дома яны знайшлі прытулак, так як і Таццяна Сцяпанаўна. Пасля вызвалення Мінска 3 ліпеня 1944 года выраратаваныя людзі са слязьмі на вачах пакідалі храм і віталі воінаў – ратавальнікаў, якія прыбылі на ваенныя могілкі, каб пахаваць баявых таварышаў, загінуўшых у гэты дзень…

Далей святочны дэсант адправіўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у вёсках. Шчыра сустракалі Дзеда Мароза са Снягуркай у Гальшанах у сям’і ветэрана Эдуарда Антонавіча Сарокі, у Жупранах у сям’і Уладзіміра Уладзіміра Лашкевіча, а ў  Кастэчыне іх вітаў Казімір Іванавіч Заблоцкі.

Ветэраны падзякавалі шматлікім гасцям за ўвагу і клопат, а таксама расказалі аб тым, як жывуць сёння. У перадсвяточныя дні яшчэ раз пераконваешся, такія сустрэчы – гэта не толькі падцвярджэнне таго, што нашчадкі памятаюць аб подзвігах герояў вайны, але і клапоцяцца аб іх. Няхай гэта толькі маленькая сустрэча з чароўным, але пажылым людзям яна запомніцца назаўсёды, таксама, як і неабыякавым людзям, якія яе арганізавалі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *