Нашы краязнаўцы – лепшыя

Культура События

Краязнаўчая секцыя навуковага аб’яднанне “Эрудыт” сярэдняй школы № 2 стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу лепшых летапісаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў намінацыі “Гарады раённага падпарадкавання”. Трэба заўважыць, што сярод 30 конкурсаў акцыі менавіта гэты вылучаўся сваёй аб’ёмнасцю, бо прадстаўляў сабой усебаковае даследаванне свайго населенага пункта. Крытэрыямі ацэнкі конкурсных работ былі культурныя і гістарычныя асаблівасці сабранага матэрыялу, яго арыгінальнасць, храналагічная паслядоўнасць, навуковасць і аналітычны падыход, якасць.

Навуковае аб’яднанне школьнікаў “Эрудыт” узнікла ў СШ № 2 шмат гадоў таму і было першым ў раёне аб’яднаннем такога роду. Першая спроба напісання навучэнцамі школы навуковых работ адносіцца да пачатку 90-х гадоў. З таго часу ў скарбонцы юных гісторыкаў назапашана шмат цікавых і карысных для гісторыі роднага краю фактаў. Наогул таварыства “Эрудыт” падрыхтавала 22 грунтоўныя работы па краязнаўстве. Некаторыя з іх перамагалі на розных спаборніцтвах і нават залічваліся пры паступленні ў ВНУ. Дзякуючы сабранай “эрудытамі” інфармацыі, ўдалося адкрыць і школьны музей.

Летапіс, прадстаўлены на конкурс, налічвае каля 600 старонак. Работа над ім працягвалася з красавіка да снежня. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі Любові Пятровай і Інэсы Барысевіч школьнікі па крупінах збіралі інфармацыю. Матэрыялы для летапісу гісторыкі шукалі паўсюль – гутарылі са старажыламі, шукалі ў бібліятэках, у краязнаўчым музеі, ды нават і ў інтэрнэце. Да слова, менавіта на адным з замежных сайтаў быў знойдзены ўнікальны кінаролік пра жыццё нашага горада ў 20-я гады 20-га стагоддзя – адна з самых важкіх знаходак юных гісторыкаў.
Трэба сказаць, што аб’ём і ўнікальнасць ашмянскага летапісу не проста ўразілі членаў журы, яны адзінагалосна аддалі яму першае месца. Цяпер каштоўны гістарычны фаліянт будзе захоўвацца для нашчадкаў, а юныя гісторыкі з новымі сіламі прыступілі да пошуку інфармацыі аб роднай старонцы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *