80-гадовы юбілей адзначыла газета “Ашмянскі веснік”

Общество

Сёлетні год на Гродзеншчыне пазначаны цэлым шэрагам юбілейных дат.

Адны з іх – невялікія, іншыя – важкія, аднак усе яны так ці інакш упісаны ў лёсы людзей, устаноў і прадпрыемстваў і ўяўляюць сабой пэўныя вехі ў гісторыі малых і вялікіх калектываў. У чарадзе гэтых слаўных дзён нараджэнняў і 80-гадовы юбілей раённай газеты “Ашмянскі веснік”, які калектыў разам са сваімі чытачамі адзначыў на мінулым тыдні.

Утульная, па-святочнаму прыбраная работнікамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі зала сабрала шмат прыхільнікаў “раёнкі”, як яе ласкава называюць між сабой людзі. Гэта і прадстаўнікі органаў мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, і нашы пастаянныя аўтары, чытачы, і, безумоўна, тыя, хто працаваў і працуе ў газеце зараз.

– Сённяшні калектыў “Ашмянскага весніка” – гэта пятнаццаць творчых, ініцыятыўных, адказных асоб, якія разам з чытачамі вызначаюць твар газеты. Дарэчы, ён у гэтым юбілейным годзе стаў каляровым, — падкрэсліла ў сваім віншаванні галоўны рэдактар Людміла Рыбік. — Да юбілею раёнка падышла з багатым багажом гісторыі і традыцый, закладзеных папярэднікамі. Сённяшні калектыў газеты стараецца шанаваць і прадаўжаць гэтыя традыцыі. І мне прыемна, што надзейнай часткай нашага калектыву з’яўляюцца ветэраны: Іван Высоцкі, Любоў Хацяновіч, Яніна Дорняк, Людміла Лазоўская, Марыя Гіруць, якія прысутнічаюць у нашай зале.

Пісаць сваю гісторыю газета пачала ў 1939 годзе, калі пабачыў свет першы яе нумар. Гэты год і стаў кропкай адліку ў развіцці мясцовага друку. За восем дзесяцігоддзяў на старонках выдання адлюстравалася ўся гісторыя нашага краю. За гэтыя гады не раз змянялася назва газеты, аднак нязменным заставалася яе прызначэнне і тыя задачы, што стаялі перад калектывам. У газеты шмат надзейных і верных сяброў, што пацвердзілі і нашы госці.

Шмат цёплых слоў выказаў калектыву газеты начальнік аддзела па ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі, справах рэлігій і нацыянальнасцей Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Кашкевіч, які ўручыў Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь намесніку галоўнага рэдактара Аліне Санюк, Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі абл­выканкама – спецыялісту па наборы Наталлі Болзан і вадзіцелю Барысу Чаплінскаму.

Заўсёды быць флагманам перадавых ідэй пажадала газеце намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, адзначыўшы вялікую ролю газеты ў інфармаванні жыхароў рэгіёна:

– 80 год – значная веха ў жыцці газеты, доказ таго, што нават у наш перанасычаны інфармацыяй век газета запатрабавана. Вы не толькі асвятляеце актуальныя пытанні і праблемы Ашмяншчыны, але і акрэсліваеце перспектывы развіцця грамадскіх адносін рэгіёна. Жадаю нашай газеце і яе калектыву росквіту, упэўнена крочыць па інфармацыйнай прасторы не толькі Гродзеншчыны, але і рэспублікі.

Наталля Іосіфаўна дапоўніла віншаванне ўзнагародамі. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана шматгадовая плённая праца ў рэдакцыі газеты галоўнага бухгалтара Ірыны Свіла, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – загадчыка аддзела сельскага жыцця Ганны Давідовіч. Падарунак калектыў рэ­дакцыі атрымаў і ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, які кіраўнік арганізацыі ўручыла разам з бухгалтарам Аленай Грышчанка.

Віншаванні прымалі віноўнікі юбілейнай даты і ад райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяна Чэрская ўручыла Ганаровыя граматы абкама прафсаюза рэдактару інтэрнет-рэсурсу Аляксандру Наумчыку і загадчыцы адзела маркетынгу і рэкламы Вользе Неверкевіч. Газета цесна супрацоўнічае з усімі прафсаюзнымі адгалінаваннямі раёна, таму павіншаваць калектыў прыйшла член прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ала Мацукевіч. Падарункамі прафсаюзнай арганізацыі адзначаны загадчыца аддзела сельскага жыцця Ганна Давідовіч і фотакарэспандэнт рэдакцыі Святлана Муцянская.

Віншаванні прымаў калек­тыў газеты ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Галіны Яшынай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярыны Астрамовіч, намес­ніка начальніка ўпраўлення адукацыі Ганны Амбражэвіч, галоўнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юрыя Ларыонава, выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Юліі Субач. Падзякі і падарункі за цеснае супрацоўніцтва з гэтымі арганізацыямі атрымалі за­гад­чыца аддзела пісем Валянціна Драздова, адказны сакратар Антон Мальшэўскі, намеснік галоўнага рэдактара Аліна Санюк, загадчык аддзела грамадска-палітычнага жыцця Кацярына Рудзік, карэспандэнт Інга Гіз. Ганаровай граматай установы “Рэдакцыя газеты “Ашмянскі веснік” узнагароджана  літаратурны рэдактар Жанна Дубнік.

Цёплыя словы калектыву ў сувязі з юбілейнай датай выказалі старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Бельчанка, дырэктар ААТ “Аграпрамтэхніка”, старшыня Савета дырэктараў Генрых Бубен і начальнік участка паштовай сувязі Смаргонскага раённага вузла паштовай сувязі Лілія Сяргей.

Стасункі з калегамі – гэта крыніца каштоўнай дзелавой інфармацыі, дапамога і парада. На працягу 80 год існавання газеты наша раёнка цесна сябруе з майстрамі друкаванага слова з суседніх раёнаў. Таму нядзіўна, што павіншаваць сваіх сяброў прыехалі галоўныя рэдактары “Астравецкай праўды” – Алена Ярашэвіч і смаргонскага “Светлага шляху” – Наталля Антоненка.

Нам было прыемна раздзяліць радасць свята з нашымі пастаяннымі аўтарамі і членамі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі. Паэтычныя падарункі адрасавалі калектыву газеты ў гэты дзень Валянціна Ліштван, Ядзвіга Чаплінская і Тэрэса Адашкевіч.

На святочным мерапрыемстве былі падведзены вынікі юбілейнай віктарыны на тэму “Што вы ведаеце аб раённай газеце?”. Пераможцам конкурсу на веданне гісторыі раёнкі стаў наш пастаянны падпісчык, аўтар крыжаванак, актыўны памочнік газеты Анатоль Кавалеўскі.

Мы шчыра ўдзячны за музычныя падарункі настаўнікам і вучням Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў і народнаму ансамблю народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу.

Сёння мы выказваем падзяку ўсім, хто далучыўся да нашага свята і хто дапамог у яго арганізацыі: калектыву цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і яе дырэктару Ірыне Буйніцкай, работнікам культуры Таццяне Казак, Марце Чарнышовай, Сяргею Жыліку, Сяргею Спірыдонаву, бармену рэстарана «Імперыя» Марыне Жабінскай, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Жупранскай СШ Святлане Шукеловіч, дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыне Белавус.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *