Гарадская бібліятэка адзначыла 70-гадовы юбілей

Культура

Самы дзейсны метад палепшыць жыццё людзей – гэта атрымаць належную адукацыю. А яна немагчыма без кніг. Тых, якія падказвае нам наша сэрца, якія прымушаюць думаць, дапамагаюць развівацца і ісці ўперад, узбагачаюць духоўна і садзенічаюць выхаванню лепшых чалавечых якасцей.

Багаты той чалавек, які трымае ў руках кнігу. Зусім не важна якую: друкаваную ці яе электронны варыянт, набытую ў краме альбо скачаную з інтэрнэта, узятую ў бібліятэцы ці ў свайго сябра.

— Людзі не сталі чытаць менш, — адзначыла падчас святкавання 70-гадовага юбілею гарадской бібліятэкі яе загадчыца Людміла Зарэцкая. – Больш за 2100 карыстальнікаў бібліятэчнай установы рэгулярна бяруць тут мастацкую літаратуру і неабходныя дапаможнікі, прыходзяць пагартаць перыядычныя выданні, абмеркаваць кніжную навінку ці літаратурную падзею. Штогод папаўняюцца фонды гарадской бібліятэкі. Яны, дарэчы, налічваюць 22145 асобнікаў. Карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў “абменнік”, створаны самімі наведвальнікамі ўстановы.

Аб тым, што гарадская бібліятэка не страціла сваёй папулярнасці сярод ашмянцаў, сведчыць і яе багатая гісторыя: семдзесят год яна спатольвае прагу гараджан, якія жывуць ва ўсходняй частцы горада, у чытанні. Шмат іх завітала на святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да юбілейнай даты. Чытачы, ветэраны бібліятэчнай справы, калегі, сябры бібліятэкі сабраліся, каб выказаць сваю ўдзячнасць работнікам установы, разам успомніць гісторыю яе ўзнікнення, паразважаць аб будучым.

Адна з задач сённяшняга дня – захаваць бібліятэкі, знайсці такія формы работы, каб яны адпавядалі сучасным патрабаванням і былі цікавымі для рознай аўдыторыі, асабліва для дзяцей і моладзі, бо гэта зачын на будучае.

Росквіту і новых цікавых праектаў пажадалі бібліятэцы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус, загадчык дзіцячай раённай бібліятэкі Гелена Гардзей, калегі Ядзвіга Кімса і Кацярына Гарлуковіч, бухгалтар раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Алена Грышчанка, намеснік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Александровіч.

За сямідзесяцігадовы адрэзак часу гарадская бібліятэка не раз мяняла месца жыхарства. Шмат загадчыкаў і шараговых бібліятэкараў прайшлі тут сваё станаўленне, выраслі прафесійна. Экскурс у гісторыю, зроблены вядучымі – вучнямі СШ №2 Андрэем Бубенам і Максімам Мальцавым, у чарговы раз пацвердзіў, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. З цеплынёй узгадваліся яны прозвішчы людзей, якія пакінулі добры след у памяці чытачоў мікрараёна: гэта Ксенія Іванова, Аляксандра Клінцэвіч, Фацінія Шымко, Валянціна Красоўская, Аляксандра Бухоўская, Ванда Гуманюк. З гарадской бібліятэкай звязана працоўная дзейнасць Вольгі Швец, Алены Калыбінай, Алены Шэшкі, Ірыны Ізбіцкай, Любові Шляхціч, Кацярыны Рагінскай, Канстанціна Яраша…

З 1993 года працуе ў бібліятэцы Людміла Зарэцкая. Гаспадыня кніжнага царства заўсёды з павагай ставіцца да кожнага наведвальніка. Ніводзін чалавек не павінен пакінуць ўстанову без кнігі — такога прынцыпу прытрымліваецца Людміла Аркадзьеўна ў сваёй працы. Гэтаму вучыць яна і маладых спецыялістаў, якія пасцігаюць азы прафесіі “пад крылом” граматнага і патрабавальнага настаўніка. Сярод іх і Ірына Палазок, якая другі год працуе ў гарадской бібліятэцы пасля заканчэння Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Цесныя сувязі падтрымлівае бібліятэка з прадпрыемствамі, а таксама з установамі адукацыі, якія размяшчаюцца ва ўсходнім мікрараёне Ашмян. Таму на свята павіншаваць свайго “сябра” прыйшлі Аксана Юшко і Аксана Логінава з ААТ “Будаўнік”, Іраіда Макась з вучнямі СШ №2, спецыяліст сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ганна Зышчык з выхаванцамі дома сямейнага тыпу, былы дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк, дырэктар гімназіі Вольга Саванец.

Юбілей бібліятэкі – гэта свята не толькі тых, хто тут працаваў і працуе, але і яе шматлікіх чытачоў. Шмат сярод іх і тыя, хто заслужана атрымаў у гэты дзень званне “Лепшы чытач”. Рэгулярна наведваюцца ў бібліятэку Наталля Ванзонак, Уладзімір Карасёў, Марыя Тамашэвіч, Лідзія Яцкова, Тамара Пількоўская, Тэрэса Адашкевіч, Іван Траймак, Гелена Скавінская, Ігар Ціханскі, Клаўдзія Сівец, Ксенія Мажэйка.

Да шматлікіх пажаданняў, што на працягу вечара гучалі ва ўтульнай зале бібліятэкі, далучылі словы падзякі работнікам бібліятэкі Наталля Ванзонак, Марыя Тамашэвіч, Аліна Санюк, Тэрэса Адашкевіч, якая кіруе аматарскім аб’яднаннем пры бібліятэцы пад назвай “Поговорим по душам”. Гасцям свята паэтка падарыла свой верш.

Музычныя падарункі гучалі ў гэты творчы і ўтульны вечар у выкананні Канстанціна Яраша, Віталя Юрэвіча і Яўгеніі Уласік.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *