Васьмідзясяты юбілей адзначыла жыхарка Гальшан Марыя Ягораўна Селядцова

Общество

Першага лістапада адзначыла свой васьмідзясяты юбілей жыхарка аграгарадка Гальшаны Марыя Ягораўна Селядцова. З гэтай нагоды жанчыну павіншавалі старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай, старшыня прафкама КСУП “Гальшаны” Тамара Жызнеўская, намеснік старшыні гаспадаркі Сяргей Балай і кіраўнік спраў сельскага Савета Жанна Садоўская. У гэты светлы лістападаўскі дзень жанчына пачула шмат цёплых слоў і пажаданняў і ад сваіх самых родных і блізкіх, якія заўсёды побач.

Марыя Ягораўна Селядцова нарадзілася ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў 1939 годзе напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Жудасныя падзеі таго часу, як той калючы дрот, урэзаліся ў памяць маленькай чатырохгадовай Марыйкі, якая страціла два гады жыцця ў германскім канцэнтрацыйным лагеры. Здаецца, ніколі ўжо не сцерці з памяці жанчыны абпаленыя вайной гады і часы пасляваеннай разрухі.

Азіраючыся на мінулыя дзесяцігоддзі, Марыя Селядцова ні аб чым не шкадуе і дзякуе лёсу, што пяць дзясяткаў год таму прыехала на Гальшаншчыну і засталася тут назаўсёды. Яе жыццё складалася са шматлікіх падзей і клопатаў, кахання, мар і расчараванняў, дома і сям’і, паўсядзённай працы… Сапраўды, толькі праз дзесяцігоддзі чалавек можа зразумець і падсумаваць свае жыццёвыя здабыткі, ацаніць пражытыя гады.

Нялёгка даводзілася часам Марыі Селядцовай і яе сям’і. Нават праз столькі гадоў перад вачыма паўстаюць цяжкія ўспаміны аб вайне, аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі… У 1986 годзе муж Марыі Ягораўны працаваў у Чарнобылі, а калі вярнуўся дамоў, яму далі першую групу па інваліднасці. Але атрымаць пенсію мужчына не паспеў — не дазволіла доза выпраменьвання, якая аказалася смяротнай.

Руплівая гаспадыня Марыя Ягораўна разам з сынам Сяргеем доўгія гады зай­малася добраўпарадкаваннем свайго дома – усё тут зроблена іх працавітымі рукамі. Сцены ўпрыгожваюць вялікія карціны з камянёў і дрэва. Сяргей — сапраўдны майстар на ўсе рукі, нават мэблю ў доме ён сканструяваў. Марыя Ягораўна падтрымлівае сына і, не зважаючы ні на ўзрост, ні на жыццёвыя акалічнасці, стараецца зрабіць прыгожым і ўтульным кожны куточак вакол сябе.

Жанчына ганарыцца сваімі ўнукамі Паўлам і Аляксеем, праўнукамі Іліянай і Маркам, якія стараюцца як мага часцей завітаць у госці да жыццярадаснай бабулі.

У свае восемдзесят гадоў Марыя Ягораўна ніколі не сядзіць на месцы: займаецца хатнімі клопатамі, летам працуе на агародзе, збірае ягады і грыбы, а зімой стараецца звязаць шкарпэткі і рукавіцы не толькі блізкім, але і знаёмым. Заўсёды ў Марыі Ягораўны знойдзецца час схадзіць да сябровак у госці і прыняць іх у сябе, а таксама прачытаць чарговую кнігу ці разгадаць сканворд.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *