Незвычайны чалавек. Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі

75 лет Гродненской области Общество

Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі ўзначальваў сярэднюю школу №1 з ліпеня 1987 года па верасень 2018-га. 1 верасня 2018 года ён прымаў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года. Праз два дні, нечакана для ўсіх, аб’явіў аб заканчэнні сваёй прафесійнай дзейнасці, а літаральна праз 19 дзён, 22 верасня, яго не стала.

Было Міхаілу Мар’янавічу толькі 63 гады.

Мінуў ужо год, як мы назаўсёды развіталіся з таленавітым педагогам, кіраўніком высокага інтэлекту і эрудыцыі, а ўсё не верыцца, што яго няма. Здаецца, вось адчыняцца дзверы ў настаўніцкай, — і ўвойдзе ён, высокі, статны, прыгожы мужчына. Прывітаецца, пажартуе, абавязкова заўважыць і пахваліць чыюсьці абнову ці прычоску. Быццам дробязі, аднак гэта падбадзёрвала, паднімала настрой жанчын, бо наш педкалектыў складаецца ў асноўным з іх. А ўвага жанчынам заўсёды даспадобы.

За час дырэктарства Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага сродкі масавай інфармацыі змяшчалі шмат матэрыялаў аб працоўных дасягненнях педкалектыву СШ №1 і аб яе кіраўніку. Яскравымі сведкамі поспехаў з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды былога дырэктара: ордэн Францыска Скарыны, званні “Выдатнік адукацыі”, “Заслужаны настаў­нік Рэспублікі Беларусь”, мноства грамат і падзяк.

Неаднаразова адзначалася і праца педкалектыву. Так, з 2010 па 2015 год навучальная ўстанова з’яўлялася пераможцам раённага конкурсу “Школа ўзорнай якасці і парадку”, была занесена на Дошку гонару. Двойчы — у 2010 і 2015 гадах — была пераможцам конкурсу “Брэнд сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці”.

Але я ў сваім артыкуле, мабыць, апошняй даніне памяці ў СМІ гэтаму светламу чалавеку, хачу спыніцца на тых накірунках дзейнасці былога дырэктара, якія па розных прычынах засталіся незаўважанымі, паказаць веліч яго душы, расказаць пра значны паэтычны талент Міхаіла Мар’янавіча.

Дарэчы, пашчасціла мне працаваць поруч з ім амаль трыццаць гадоў.

…Памяць вяртае ў канец змрочных 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. Былы будынак школы знаходзіўся амаль у аварыйным стане, а будаўніцтва новага, якое пачалося ў 1990, ніяк не завяршалася. Штораніцы, “зняўшы шапку” (па яго выразу) Міхаіл Мар’янавіч абыходзіў усе інстанцыі, але зрухаў не было. I тады кіраўнік прымае смелае і разам з тым вельмі рызыкоўнае рашэнне: перавесці ў “даўга­буд” пачатковыя класы. Час паказаў, што гэтае рашэнне было правільным: грошы на заканчэнне будаўніцтва знайшліся даволі хутка. Ужо ў лістападзе 1997 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка школы. Колькі турбот было ў Міхаіла Мар’янавіча перад гэтай падзеяй — не злічыць. Прыходзілася праводзіць шматлікія “суботнікі” і “нядзельнікі”, часам суткамі не пакідаць працоўнае месца, начамі выклікаць бацькоў вучняў і настаўнікаў, бо будаўнічыя матэрыялы і мэблю прывозілі чамусьці менавіта ў гэты час.

Пераход у новы прыгожы будынак не зменшыў колькасці праблем. Выявілася шмат будаўнічых “недаробак”, якія трэба было завяршаць сваімі сіламі.

Да таго, ж востра паўстала пытанне з так званымі неблаганадзейнымі сем’ямі, іх на ўліку ў школе было больш за дзесяць. Галоўная прычына неблаганадзейнасці — п’янства бацькоў. I Міхаіл Мар’янавіч ставіць перад сацыяльна-псіхалагічнай службай неадкладную задачу: схіліць п’яніц да лячэння ад алкагольнай залежнасці. Мноства разоў выклікалі такіх гора-бацькоў на пасяджэнні савета прафілактыкі, на гутаркі да дырэктара, сацыяльнага педагога і псіхолага, звярталіся да кіраўнікоў прадпрыемстваў, у сельскія Саветы, часта наведвалі дома. З цяжкасцю раздабывалі грошы на лячэнне (часам Міхаіл Мар’янавіч выдаткоўваў іх з уласнай кішэні). Таксама трэба было знайсці транспарт, каб завезці ў адпаведны дзень “пацыентаў” у Астравец, бо ў нашай бальніцы такое лячэнне не праводзілася, не мела школа тады і свайго аўтобуса.

Нягледзячы на ўсё гэта, наў на працу ў сваю навучальную ўстанову (тэхнічкамі, работнікамі сталовай, рамонтнымі рабочымі), а таксама дапамагаў іх працаўладкаванню на прадпрыемствах горада ці ў сельскай гаспадарцы. Прасачыць лёс кожнага з тых людзей немагчыма, бо дзеці многіх даўно скончылі школу, некаторыя сем’і змянілі месца жыхарства. Аднак з упэўненасцю можна сказаць, што больш паловы з іх сталі весці здаровы лад жыцця. У пацвярджэнне прывяду некалькі прыкладаў.

Амаль дваццаць гадоў адпрацавала ў школьнай сталовай адна з тых жанчын. Дзеці яе, сын і дачка, паспяхова скончылі школу, а затым — сталічныя ВНУ. Рабочымі па гаспадарчым абслугоўванні да сённяшняга дня працуюць у школе два мужчыны.

Аб лёсе яшчэ адной жанчыны раскажу больш падрабязна.

Пасля трагічнай смерці мужа яна пачала моцна злоўжываць спіртнымі напоямі, перастала клапаціцца пра сына-пяцікласніка. Была звольнена з працы. Вечары і нават ночы праводзіла ў кампаніі бамжоў. Не хутка, аднак усё ж удалося дабіцца яе згоды на лячэнне, пасля якога яна два ці тры гады працавала тэхнічкай у нашай школе. Сустрэла добрага чалавека, другі раз выйшла замуж. Сын скончыў 11 класаў, затым сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову, уладкаваўся на добрую працу.

Калі выпадкова сустракаеш цяпер гэтую жанчыну, такую ўсмешлівую, шчаслівую, прыгожа апранутую, вачам сваім не верыш! А яна пасля прывітання заўсёды гаворыць словы падзякі Міхаілу Мар’янавічу, пра мінулае нават успамінаць не хоча.

З цягам часу спіс выратаваных ад алкагольнага дурману прадоўжыўся. Аднак, на маю думку, прыведзеных прыкладаў дастаткова, каб паказаць, якую ролю адыграў былы дырэктар у лёсе многіх людзей, вярнуўшы іх разам з супрацоўнікамі СППС школы да нармальнага жыцця.

Наогул, аднымі з галоўных душэўных якасцей Міхаіла Мар’янавіча былі чуласць і ўвага да кожнага чалавека, будзь то настаўнік, тэхнічны работнік, вучань ці яго бацькі. Калі ў сям’і здаралася няшчасце, ён першым прыходзіў туды, каб аказаць неабходную дапамогу, сказаць суцяшальныя словы. Абавязкова наведваў у бальніцы тых, хто захварэў. I такая чуласць і ўвага ўдзялялася кожнаму не толькі ў выключных выпадках, але амаль паўсядзённа. Прывяду прыклад з асабістага жыцця.

Аднойчы, позна вечарам вярнуўшыся з паездкі ў Гродна, дырэктар патэлефанаваў мне і пацікавіўся, ці ўсё падрыхтавана да раённага семінара супрацоўнікаў сацыяльна-псіхалагічнай службы, які павінен быў адбыцца назаўтра ў нашай школе. Пасля размовы ён нечакана сказаў: “Штосьці ваш голас не падабаецца. Ці не захварэлі?” Я прызналася, што вельмі моцна баліць галава. — “Хуткую” выклікалі?” — “Ды не. Тэмпература і ціск нармальныя. Будуць папракаць, што дарма турбавала. Так адзін раз было ў суседкі”.

На гэтым мы развіталіся. А хвілін праз дваццаць, калі я ўжо збіралася класціся спаць, у дзверы пазванілі. На парозе стаяў фельчар “хуткай дапамогі”: “Расказвайце, што здарылася. Нам тэлефанаваў сам Гружэўскі”. (Тут трэба ізноў адзначыць, што Міхаіл Мар’янавіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод грамадскасці горада). А ціск у той вечар у мяне аказаўся высокім, напэўна, я недакладна яго змерыла.

Няма сумнення: амаль кожны супрацоўнік школы можа ўспомніць падобны выпадак увагі да сябе з боку былога кіраўніка.

Многа дапамагаў Міхаіл Мар’янавіч людзям і як дэпутат, ён тройчы выбіраўся дэпутатам раённага Савета, быў дэпутатам 25-га, 26-га, 27-га скліканняў Гродзенскага абласнога Савета.

Без перабольшвання яго можна назваць і наватарам, бо заўсёды новаўвядзенні найперш з’яўляліся менавіта ў нашай школе. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў навучальнай установе сталі праводзіцца конкурсы сярод настаўнікаў і класных кіраўнікоў, у 1994 годзе адбыўся першы дабрачынны кірмаш, у тым жа годзе быў абсталяваны камп’ютарны клас, у навучанні сталі шырока выкарыстоўвацца інфармацыйныя тэхналогіі. Такіх прыкладаў можна прывесці мноства.

Не забываў Міхаіл Мар’яна­віч і пра арганізацыю адпачынку настаўнікаў. З хваляваннем педагогі-ветэраны ўспамінаюць, якімі змястоўнымі і цікавымі былі заўсёды святочныя мерапрыемствы, у якіх непасрэдны ўдзел прымаў сам кіраўнік школы.

Цяжка ўявіць, як у яго на ўсё хапала часу. Аднаго разу прачытала ў “раёнцы” артыкул, у якім жыхары горада дзякавалі Гружэўскаму і другім людзям за выратаванне хворага бусла. Прачытала — і нават усміхнулася: “I тут без Міхаіла Мар’янавіча не абышлося”.

Між іншым, адзначу, што гэты таленавіты кіраўнік, працалюб, чалавек вялікай душы адносіўся да тыпу людзей, якіх называюць “жаўранкамі”. Вясной і летам уставаў у 4-5 гадзін, любіў працаваць у агародзе і вельмі любіў збіраць грыбы. Ледзь развіднее, садзіўся на веласіпед, на якім 30 гадоў кожны дзень прыязджаў на працу, ехаў у бліжэйшы лес. Часта спадарожнікам яго ў такіх паездках быў настаўнік музыкі Мікалай Паўлавіч Федарэнка. Ён успамінае, што калі грыбы не трапляліся, Міхаіл Мар’янавіч гаварыў: “Грыбоў няма. Давай будзем пець песні”. I бадзёрым голасам запяваў якую-небудзь песню.

Кожны дзень, зімой і летам, нават у час адпачынку, а сёмай гадзіне дырэктар заўсёды быў у школе. Абыходзіў школьную тэрыторыю, класныя памяшканні, рабіў паметкі ў блакноце, рыхтаваўся да “планёркі”, а потым пачына­ліся паўсядзённыя справы.

Няглядзячы на вялікую занятасць, Міхаіл Мар’янавіч заўсёды быў у курсе ўсіх навінак мастацкай літаратуры, а яшчэ (пра гэта ведаюць нямногія) сам пісаў песні і вершы. На жаль, толькі невялікая частка з іх папала ў друк. Большасць проста згубілася. Аднак каля дваццаці яго твораў усё-такі захавалася. Сярод іх — вершы і песні, прысвечаныя школе, прыгажосці і непаўторнасці прыроды роднага краю. Філасофская тэма-роздум аб сэнсе чалавечага жыцця, аб прызначэнні чалавека гучыць у вершах «И летят быстротечные годы», «Листва еще будет кружиться», «Уходила осень золотая».

Надзейным “тылам” для Міхаіла Мар’янавіча заўсёды была яго сям’я — жонка Вольга Пятроўна і дачка Ганна. Калі дачушка была зусім маленькай, бацька прысвяціў ёй верш “Калыханка”. У названым творы многа пяшчотных слоў: “дочанька”, “коцік”, “вочкі”, “ночка”, “мышка” і г.д. У гэтых словах — любоў і пяшчота да роднага чалавека.

Да далёкай гістарычнай тэмы звяртаецца аўтар у вершы “Еўфрасіння стаіць над Зямлёй”. Ён прысвечаны першай беларускай асветніцы і першай жанчыне на Русі, якая была прылічана да ліку святых. Беларусы называюць яе “Вялікай заступніцай зямлі беларускай”.

... “I сёння яна зберагае

Спакой Беларусі маёй.

Святая, святая, святая!

Еўфрасіння стаіць над Зямлёй”.

Мноства вершаў Міхаіл Мар’янавіч пісаў да юбілеяў, дзён народзін родных, сяброў і проста знаёмых. Так, верш “Не паспее птушка спіць вадзіцы” ён прысвяціў былому выпускніку школы, педагогу-ветэрану П.В. Шаколе. А вось віншаванне са святам Вялікадня — аднаго з найгалоўнейшых свят, якое нясе святло і радасць у кожную сям’ю і дуёшу кожнага верніка:

«Желаю я вам счастья много,

Улыбок, света, добрых дней.

Пусть все придет для вас

от Бога,

Придет с молитвою моей».

Толькі дзякуючы шчырым і глыбокім пачуццям паэта могуць з’явіцца такія пранікнёныя вершы.

Некаторыя творы Міхаіла Мар’янавіча сталі песнямі, прагучалі са школьнай сцэны. Музыку да іх напісаў М.П. Федарэнка.

Вось і падыходзіць да канца аповед пра чалавека, якога на пахаванні назваў незвычайным нават ксёндз. Загаловак “Незвычайны чалавек” мае верш, створаны педагогамі-школы ў памяць аб былым кіраўніку. Вось урывак з названага верша:

“Яшчэ пісаў ён песні, пісаў вершы пра дабрыню ў наш неспакойны век.

Такім ён быў, дырэктар школы першай.

Скажыце, ці звычайны чалавек?”

Смутак і боль у сэрцы выклікаюць успаміны аб Міхаілу Мар’янавічу. Аднак смутак гэты светлы, бо ён — аб надзвычай светлым чалавеку.

Хочацца спадзявацца, што праца нашага педкалектыву будзе такой жа паспяховай, як пры ім, і імя Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага назаўсёды застанецца ў гісторыі школы і ў памяці тых, хто яго ведаў.

Рамуальда АНУФРЫЕВА, загадчык

народнага музея гісторыі

сярэдняй школы №1

г. Ашмяны.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *