У Ашмянах прайшла сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам

Образование События

Сустрэчы з Адамам Мальдзісам – беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам і публіцыстам ашмянцы чакалі даўно. Так атрымлівалася, што пэўныя  перашкоды  неспадзявана ўзнікалі на шляху і адцягвалі жаданую сустрэчу ў  аматарскім клубе цэнтральнай  раённай   бібліятэкі.   Магчыма,  ад гэтага  яна стала яшчэ больш жаданай  і цікавай.  Але, безумоўна,  прычына была ў чалавеку, які з’яўляецца сёння  сімвалам беларускасці, бо зрабіў і робіць важкі ўнёсак ў нашу духоўнасць, сваімі творамі і даследчыцкімі працамі   расказвае народам свету, хто такія беларусы і якая багатая ў нас культура і традыцыі. З’яўляючыся прэзідэнтам міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ён яднае беларусаў усяго свету, а іх ні многа, ні  мала – каля трох з паловай мільёнаў, даследуе, які плыў аказвалі

на беларусаў культуры іншых народаў,  у прыватнасці, палякаў і літоўцаў.

Нарадзіўшыся ў прыграніччы, у вёсцы Расолы Астравецкага раёна былога Ашмянскага павету, ён адчуў на сабе, на сваёй сям’і, як скрыжоўваюцца розныя ўплывы — нацыянальныя, рэлігійныя, культурныя.   Нягледзячы на тое, што сям’я жыла на  Беларусі і хадзіў Адам Мальдзіс у  школу спачатку ў Гудагай, а пасля ў Астравец,  бацькавы літоўскія, уперамешку з польскімі,  карані аказалі моцны ўплыў на іх род.   Менавіта таму  сваю першую дыктоўку на беларускай мове Адам напісаў на двойку, што стала падставай адкрыць для сябе яшчэ адну культуру.

Чытанне было для яго самым любімым заняткам.  Ён  і цяпер з хваляваннем успамінае, як адпраўляўся ў маёнтак  да праўнучкі  пані Эйніковай,  дзе яму дазвалялі карыстацца  бібліятэкай.  Жанчына  пры гэтым заўсёды  крытычна аглядвала хлопчыка і пыталася, ці чыстыя ў яго ручкі.  Тады, у дзяцінстве, у яго галаву запала думка прачытаць усё, што выдадзена на свеце. Гэта ідэя фікс суправаджала яго працяглы час, бо чытаў ён запоем. Яшчэ падчас вучобы ў школе ён пачаў друкавацца ў газетах “Піянер Беларусі” і “Зорька”, крыху пазней – у раёнцы. Напэўна, гэта і прымусіла яго  звязаць сваё жыццё з журналістыкай: пасля школы ён паступае на журфак БДУ, здрадзіўшы  дзіцячай мары  стаць астраномам.  Настойлівы хлапчук нават пісаў пісьмы вучонаму і даследчыку Отта Юльевічу Шмідту, дзе выказваў свае меркаванні наконт  пэўных касмічных з’яў.  Дзіўна, аднак яму прыйшоў адказ, праўда за подпісам іншага вучонага. Аднак дзіця пачулі і разгледзелі яго дзіцячыя разважанні.

Пасля заканчэння БДУ   Адам Мальдзіс працаваў адказным сакратаром у радашковіцкай газеце  “Сцяг Ільіча”. Ён і сёння, нягледзячы на  79-гадовы ўзрост, вядзе некалькі  рубрык у “СБ” (“Сокровища”, “Соотечественники”, “Усадьбы”) і  працуе ў  газеце “Голас Радзімы”, назва якой гаворыць сама за сябе. Гэты няўрымслівы чалавек  актыўна займаецца даследаваннямі ў вобласці гісторыі беларускай культуры і літаратуры ХVІІ —  ХVІІІ стагоддзяў, беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх літаратурных уплываў, перакладамі з польскай і балгарскай моў.  Доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс  з’яўляецца аўтарам шматлікіх  артыкулаў, рэцэнзій, даследаванняў, мастацкіх твораў і перакладаў. Ён складальнік зборнікаў Адама Міцкевіча  “Зямля навагрудская, краю мой родны” і “Пан Тадэвуш”. У мінулым годзе пабачыла свет кніга “Литературные сокровища за рубежом». На сустрэчу з чытачамі нашай бібліятэкі ён прывёз выданне, дзе змешчаны эсэ “Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі і аповесць “Восень пасярод вясны”. Кнігі з аўтографам аўтара імгненна разышліся сярод чытачоў.

Падчас пасяджэння творчай гасцёўні Адам Мальдзіс шмат расказваў пра свайго сябра Уладзіміра Караткевіча. Дасціпныя гісторыі, якія распавядаў стары(менавіта так называў Мальдзіса Караткевіч), яскрава характарызавалі геніяльнага беларускага пісьменніка і паэта, чалавека адкрытага, гаваруна і жартаўніка. Адам Мальдзіс не раз звяртаўся ў сваіх працах да творчасці сябра. Яму быў прысвечаны літаратурны партрэт “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”. Зараз Адам Мальдзіс выступае як адзін са складальнікаў дваццаціпяцітомнага збору твораў свайго сябра і аднадумца.

Ашмянцы, якія прыйшлі на сустрэчу з Адамам Мальдзісам, былі захоплены яго майстэрствам, працавітасцю і мэтанакіраванасцю, яго сціпласцю і тонкім пачуццём гумару. У яго шмат задумаў і праектаў. Адзін з іх – данесці  на перыферыю  беларускую кнігу. Бываючы ў розных кутках  Беларусі, Адам Восіпавіч прыйшоў да высновы, што ў раённых цэнтрах няма магчымасці знаёміцца з літаратурай  беларускіх аўтараў. І каб выправіць гэты недахоп, ён плануе праз бібліятэкі  разам з прыватнай сталічнай кнігарняй    распачаць свой праект з трох паўночных раёнаў Гродзеншчыны: Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага. Аб сваім намеры прапагандаваць айчынную літаратуру прафесар вёў гутарку з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам і атрымаў адабрэнне.  Даследчык літаратуры не траціць надзею, што калісьці пабачыць свет  цудоўнае выданне Чэслава Янкоўскага  ў чатырох тамах “Павет Ашмянскі” ў перакладзе на беларускую мову.  Яго перапаўняюць   грунтоўныя  ідэі па распрацоўцы  турыстычнага маршруту  Польшча — Літва – Беларусь.  Зараз даследчык заняты  пытаннямі адкрыцця на Астравеччыне краязнаўчага музея.

Ён ні хвіліны не сядзіць на месцы, імкнецца зрабіць як мага больш для сваіх нашчадкаў. Хаця, як адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна, сёння наўрад ці знойдзеш чалавека, які зрабіў большы ўнёсак у адраджэнне нашай гісторыі і літаратуры, чым   Адам Мальдзіс.  Таму  і ініцыятар сустрэчы Валянціна Лузіна, і вядучая Вольга Тарашкевіч, і ўсе прысутныя ў зале жадалі Адаму Восіпавічу найперш здароўя і доўгіх год жыцця, жыцця плённага і высакароднага, прысвечана нам, яго прадаўжальнікам.

Аліна Санюк.

Фота Святланы Муцянскай.



1 комментарий по теме “У Ашмянах прайшла сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам

  1. Вот так всегда. Кому это интересно, тот туда и не попал. Заведующая библиотеки так сердечно обещала позвонить и поставит в известность, соврала значит.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *