Будынак сінагогі ў Ашмянах збіраюцца ператварыць у мультыкультурны цэнтр

Культура

Будоўля сінагогі ў Ашмянах пачалася ў другой палове ХІХ стагоддзя. А пачала працаваць прыкладна ў 1912 годзе. Яе пабудавалі з чырвонай цэглы. У сінагогі адметная архітэктура: высокі трох’ярусны дах, фасад, упрыгожаны аўтэнтычным акном-ружай і пілястрамі, паведамляе «Рэгіянальная газета».

image

У сінагозе захаваліся элементы інтэр’еру, часткова насценныя размалёўкі, купал, распісаны пад зорнае неба, і роспіс з элементамі знакаў Задыяка. Таксама захаваўся балкон-бабінец – спецыяльны балкон для жанчын.

Да нашага часу не дажылі такія важныя элементы сінагогі, як біма і арон а-кадзеш. Біма – ўзвышэнне, звычайна ў цэнтры сінагогі, дзе знаходзіцца спецыяльны стол для публічнага чытання скрутка Торы і адпаведнага ўрыўку з кніг прарокаў падчас набажэнства. Арон а-кадзеш – спецыяльнае сховішча для скруткаў Торы. Яны не захаваліся пасля Другой сусветнай вайны.

Цяпер сінагогу выкарыстоўваюць як аб’ект паказу. Сінагогу можна паглядзець і замовіць экскурсію ад супрацоўнікаў мясцовага краязнаўчага музея. Экскурсія ўключае наведванне Касцёла Святога Міхаіла Арханёла і Свята-Васкрасенскую царквы, якія знаходзяцца побач з сінагогай. Гэта ўсё – культавыя збудаванні гораду.

Ашмянская сінагога знаходзіцца пад аховой дзяржавы, але да мінулага года не рабілася ніякіх крокаў да аднаўлення гэтага аб’екта яўрэйскай спадчыны Ашмянаў.

Новае жыццё сінагогі

У 2018 годзе Беларускі камітэт Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ІКАМОС) і Ашмянскі краязнаўчы музей здзейснілі крок на шляху да змены становішча сінагогі. Яны сумесна рэалізавалі канцэпцыю «Распрацоўкі праекта аднаўлення былой Ашмянскай сінагогі», арыентаванага на патрэбы мясцовай супольнасці.

Сёлета развіццё гэтага праекта працягваецца. Ашмянская сінагога была аб’ектам вывучэння, а цяпер стала прыкладам, як даследаваць праблему, кансалідаваць супольнасці і захоўваць яўрэйскую спадчыну.

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт і ІКАМОС арганізавалі канферэнцыю «Сінагогі ў Беларусі: руіны і людзі». Удзельнікамі былі даследчыкі яўрэйскай архітэктурнай спадчыны з Беларусі і Літвы. Семінар уключаў трохдзённую адукацыйную паездку па Літве з мэтай вывучэння мясцовага досведу рэстаўрацыі былых сінагог і працы з яўрэйскай спадчынай. У семінары прыняла ўдзел дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея Анастасія Навіцкая.

ІКАМОС сумесна з ЕГУ распрацавалі сумесную канцэпцыю па разумным выкарыстанні будынка былой Ашмянскай сінагогі. Гэта азначае, што аднаўленне сінагогаў павінна мець значэнне і быць карысным для мясцовага грамадства.

Досвед літоўскага боку па аднаўленні і захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў важна пераймаць і Беларусі. Літва можа паслужыць прыкладам, як правільна выкарыстоўваць адноўленыя аб’екты.

Ужо ёсць і архітэктурны праект аднаўлення сінагогі. Вядуцца далейшыя працы па распрацоўцы дакументацыі.

– Міністэрства культуры зацвер­дзіла першачарговыя супраць­аварыйныя работы на будынку сінагогі. Цяпер можна рухацца далей, першы крок ўжо зроблены. Галоўная праблема – фінансаванне, – кажа Анастасія Навіцкая.

Сінагога мае культурнае значэнне для Ашмянаў

Палова насельніцтва ў Ашмянах да Другой сусветнай вайны – яўрэі. Там іх жыло каля 4 тысяч. Пасля вайны колькасць яўрэяў значна скарацілася. Цяпер у Ашмянах жыве некалькі яўрэйскіх сем’яў.

– У Ашмянах няма яўрэйскай абшчыны. У гэтым таксама ёсць праблема.
Яўрэйскае насельніцтва не зацікаўлена ў аднаўленні менавіта сінагогі. Таму вырашылі, што сінагога павінна функцыянаваць як мультыкультурны цэнтр. Такім чынам ён можа выконваць функцыі лекцыйнай і выставачнай залы, канцэртнай залы класічнай музыкі. Гэта памяшканне-трансформер, – распавядае пра магчымае выкарыстанне будынка дырэктар ашмянскага музея.

Анастасія Навіцкая адзначае, што ў той жа час павінны захавацца асноўныя элементы сінагогі, неабходна закансерваваць роспіс.

Паводле слоў Навіцкай, у Ашмянах ёсць актыўныя пласты грамадства, якія зацікаўленыя ў аднаўленні сінагогі:

– Мы сабралі мясцовых жыхароў, і яны апынуліся вельмі зацікаўленымі. Не было праблемы адчужэння, што «гэта не наша» і «мы не павінны клапаціцца».

Дзевяць фактаў пра сінагогу ў Ашмянах

1. Да Другой сусветнай вайны ў Ашмянах было 3 сінагогі і 4 малельных дома.

2. Будынак Ашмянскай сінагогі, які захаваўся, аддалены ад гістарычнага цэнтра горада, ад праваслаўнага і каталіцкага храмаў.

3. Будаўніцтва сінагогі доўжылася каля 50 гадоў. Функцыянаваць будынак пачатак у 1912 годзе.

4. Архітэктурная форма Ашмянскай сінагогі – куб.

5. Асноўныя элементы інтэр’ера ў савецкі час былі страчаны. Аднак захаваліся выявы знакаў задыяку ў 12 нішах з назвамі месяцаў на іўрыце.

6. У сінагогах абавязкова павінны быць вокны і круглае акно над Арон а-кодзеш – месцам захоўвання скруткаў Торы. Круглае акно захавалася. Па некаторых дадзеных, вокнаў павінна было быць не менш за 12. Людзі павінны бачыць неба ў час малітвы. Жыхары Ашмянаў сёння не могуць апісаць інтэр’ер сінагогі, паколькі яны туды проста не заходзілі.

7. Сінагога была цэнтрам Ашмянскага гета, у якім, па розных звестках, знаходзіліся і былі знішчаны каля 4 тыс. чалавек.

8. Пасля вайны ў будынку сінагогі былі склад прадуктаў, хлебакамбінат і вінна-гарэлачная крама.

9. У Ашмянскай сінагозе ёсць памяшканне, прызначэнне якога пакуль не ўстаноўлена.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *