Чатыры юбілеі Міхаіла Ханені

Общество

У бягучым годзе Гродзенскай вобласці спаўняецца семдзесят пяць гадоў. Самы вялікі і непаўторны скарб Гродзеншчыны – гэта не гарады, аграгарадкі і вёскі, нават не славутыя месцы і не вядомыя прадпрыемствы, а людзі. Людзі, якія прысвяцілі жыццё свайму раёну і вобласці, падымалі іх з кален пасля вайны, захоўвалі культурныя каштоўнасці і працавалі на карысць сваіх землякоў. Так, як і аднагодка нашага слаўнага краю – Міхаіл Аляксандравіч Ханеня.

Міхаіл Аляксандравіч нарадзіўся ў 1944 годзе, але разам з сям’ёй паспеў спазнаць цяжкасці ваеннага ліхалецця. Напачатку 1944 года маці і дзяцей немцы пагналі ў Германію. Канешне, аб вайне мужчына нічога не памятае, але захаваліся матчыны ўспаміны, абпаленыя вайной… Пасля вайны большую частку жыцця мужчына прысвяціў школе-інтэрнату – працаваў настаўнікам фізічнай культуры.

У свой жыццёвы летапіс Міхаіл Ханеня паспеў запісаць мноства цікавых і яркіх падзей, хвіліны ўзлётаў і падзенняў. На яго шляху было шмат выпрабаванняў, але нягледзячы на звілістыя дарогі лёсу, ён, як і раней, застаецца добрым, вясёлым і жыццярадасным. Разам з жонкай яны рыхтуюцца ў кастрычніку адзначыць важную дату – пяцідзясятую гадавіну сумеснага жыцця.

З днём нараджэння юбіляра на мінулым тыдні  павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Наталля Станкевіч і галоўны бухгалтар аб’яднання Алена Грышчанка. Не засталіся ў баку і калегі Міхаіла Ханені — намеснік дырэктара школы-інтэрната Зоя Арлоўская і педагогі навучальнай установы. Уручыць прыемныя падарункі і пажадаць здароўя Міхаілу Аляксандравічу, які шмат гадоў аддаў працы ў адукацыйнай галіне, прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч.

Ніколі не забываюць пра мужчыну і яго сям’ю старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка і адказны сакратар аб’яднання ветэранаў Ганна Някрэвіч. Мілагучнымі гукамі баяна і звонкімі спевамі напоўнілі дом імянінніка супрацоўнікі ТЦСАН Ларыса Сурынава,  Людміла Барабанава, Алена Каткоўская і валанцёр Ганна Грышан.

Шматлікія госці павіншавалі Міхаіла Аляксандравіча, уручылі падарункі і кветкі юбіляру. У гэты цёплы сакавіцкі дзень мужчына пачуў шмат цёплых і прыемных пажаданняў і ад самых родных і блізкіх, якія большую частку жыцця побач.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *