Тэма дармаедаў і Дэкрэта №1 па-ранейшаму застаецца адной з найбольш абмяркоўваемых у нашым грамадстве. Вось і двое нашых чытачоў пажадалі выказацца па гэтым пытанні – праўда, папрасілі не называць сваё сапраўднае імя, кожны па сваёй прычыне.
А мо іх лячыць трэба?
— Зараз на кожным скрыжаванні толькі гавораць пра дармаедаў і пра дэкрэт, які павінен прымусіць іх працаваць. А я так лічу: дармаеды былі, ёсць і будуць. Бо мы іх самі і выхоўваем.
Вось у мяне сусед – малады хлопец, школу закончыў і нават нейкі каледж, а нідзе не працуе. Спачатку яго накіравалі на работу ў іншы горад, дык маці паехала, забрала. Сказала, што цяжка яму там: плацяць мала, а трэба кватэру здымаць і есці самому гатаваць. А тут, жаліцца, сынок нідзе не можа ўладкавацца. Туды, куды б ён хацеў пайсці працаваць, не бяруць, бо там вопыт работы патрэбен – а які ў яго вопыт? А куды бяруць, там за такія грошы маладому чалавеку проста сорамна працаваць – гэтак маці ягоная лічыць. А я вось, жыццё пражыўшы, ніяк не магу зразумець: як можа быць сорамна працаваць? Сядзець у маткі на шыі – не сорамна, а працаваць – сорамна?!
Суседку мне шкада. Яна сына адна гадавала, пылінкі здзьмухвала. Як малы быў, усё ў школу сварыцца бегала: то яму адзнаку не тую паставілі, то аднакласнікі пакрыўдзілі. Вось, выгадавала на сваю галаву дармаеда! Сядзіць зараз на шыі ў маці. Яшчэ і “нявестак” ёй час ад часу “падкідвае”. То адну дзяўчыну прывядзе.
“Мы, – кажа, – кахаем адно аднаго, разам жыць будзем”. Пажывуць паўгода, маці корміць, падарункі купляе, дагаджае “нявестцы”, а там, глядзіш, скончылася каханне – разбегліся. Праз нейкі час ужо з другой “каханай”, абняўшыся, ходзіць… Цяжка і палічыць, колькі іх было.
Не, афіцыйна хлопец гэты не дармаед: маці ўладкавала яго некуды на работу вартаўніком. Цяпер сама працуе на паўтары стаўкі, а па начах ідзе за яго дзяжурыць. Яшчэ і па выхадных бяжыць людзям то шпалеры клеіць, то сцены шпакляваць – сыночка ж трэба карміць, апранаць, тэлефон не горшы, чым у іншых, купіць, цыгарэты.
І ніхто маёй суседцы не дапаможа прымусіць сына працаваць: ні дэкрэт, ні камісія. Хіба што, крый божа, здароўе падвядзе, тады мо толькі яе дармаед адумаецца. Ды і то, як мой жыццёвы вопыт паказвае, наўрад ці. Такія матак не шкадуюць… Хіба што якая дурніца ўтрэскаецца ды замуж за яго пойдзе – тады ён з адной шыі на другую перасядзе…
Вось у савецкія часы за дармаедства ў турму садзілі. І правільна, лічу, рабілі, бо як гэта можна: жыць – і не працаваць?
Ці, можа, такіх лячыць трэба? Я думаю, гэта ў псіхіцы нейкае адхіленне… Нармальны здаровы чалавек не можа не працаваць, не імкнуцца да нечага…
Я вось усё жыццё працавала, з сямнаццаці гадоў, працоўнага стажу – сорак гадоў. Пенсія зараз, праўда, не нашмат большая, чым у тых, хто лайдачыў… Але ж большая! Мне хапае… Да таго ж я і зараз без справы не сяджу: агарод саджу, суседцы дзетак малых дапамагаю глядзець – а яна мне якую капейчыну падкіне ці падарунак да свята: і ёй добра, і мне. Не, без работы аніяк нельга! Без яе нуда да сэрца чэпіцца – а гэта горш за хваробу!
А дэкрэт гэты, напэўна, з добрымі намерамі прымалі – толькі, думаю, не прымусіць ён майго суседа працаваць. А вось маці яго, мусіць, доўга не працягне – за сябе і за яго гарбаціцца.
Пытаецеся, што я прапаноўваю? Ой, ды каб я ведала, што прапанаваць, то, напэўна, у Савеце Міністраў сядзела б, а не тут, на лавачцы.
Вы прозвішча маё не пішыце, а то сусед прачытае ды яшчэ хату падпаліць: як заняцца няма чым, то ўсялякае дурноцце ў галаву лезе…
Напішыце проста
Марыя Аляксееўна, пенсіянерка.
Ніколі ў жыцці я не быў дармаедам!
Нядаўна я даведаўся, што трапіў у базу так званых дармаедаў. Доўга смяяўся. Так доўга, што ажно на слязу прабіла…
Не, фармальна ўсё правільна: я, як і многія зараз, працую, як кажуць, “фуршчыкам”, вадзіцелем-“дальнабойшчыкам”, і фірма, што прыняла мяне на працу, знаходзіцца за мяжой. Два месяцы матаюся па дарогах Еўропы: у машыне мая спальня, сталоўка, месца працы… Затое потым месяц – дома, з сям’ёй. Так, падаходны падатак я плачу там, дзе працую, але ўсе астатнія грошы прывожу сюды і трачу ў нашай краіне. Так што сказаць, што я не прымаю ўдзел у фарміраванні дзяржаўнага бюджэту, напэўна, нельга.
Але гэта не галоўнае. Калі дзяржава лічыць, што гэты мой уклад у бюджэт недастатковы – я гатовы заплаціць! Што там з мяне патрабуецца? Гарачую ваду па сабекошце? Дык у мяне свой дом, калонка, газавае ацяпленне, бойлер – за ўсё плачу, і немалыя грошы. Трэба больш? Добра, заплачу больш. Бясплатная медыцына? Ну, гэта пытанне спрэчнае… Калі маёй жонцы спатрэбілася абследаванне, а затым – і аперацыя, я, каб не губляць часу ў бясконцых чэргах у паліклініках і бальніцах і не траціцца на “знакі ўдзячнасці”, адвёз яе ў Мінск, аплаціў усё, што трэба, з падаткам на дабаўленую вартасць – дзякаваць богу, дапамога была своечасовая, кваліфікаваная і ўсё абышлося. Адукацыя? Дачка заканчвае школу, збіраецца паступаць – нанялі рэпетытараў па двух прадметах: іх паслугі, скажу я вам, зусім не танныя. Ці плацяць яны падаткі са сваіх даходаў – пра гэта вы ўжо ў іх пацікаўцеся. Сын займаецца ў спартыўнай секцыі – таксама не бясплатна.
…Ва ўсёй гэтай сітуацыі мне больш за ўсё крыўдна чуць пра сябе – “дармаед”. Ніколі ў жыцці я не быў дармаедам, з маленства працаваў. Бацька нас пакінуў, калі я быў яшчэ малым. Мама хварэла. На ўсе свае “хачу” я заўсёды зарабляў сам. Захацеў мячык – пасвіў у бабулі ў вёсцы радоўку за ўсіх, хто папросіць. Спатрэбіўся камп’ютар для вучобы – пайшоў на лета памочнікам камбайнера. Захацеў новы тэлефон – дапамагаў суседу рамантаваць машыны. Я ўсё ўмею і ўсё раблю сваімі рукамі! Дом сам пабудаваў – пазыку, праўда, у банку ўзяў, заканчваю выплачваць. Калі б не мая работа, то цяжкавата б нам з жонкай прыйшлося: дом да ладу даводзіць трэба, двое дзяцей, крэдыт, хворай маці дапамагаць. Ды што там – упэўнены, што ўсё гэта мы б не асілілі.
Напэўна, праз нейкі час я пакіну сваю работу і вярнуся на радзіму – тады, калі пойдуць на свой хлеб дзеці, калі выплацім даўгі за дом… Не думайце, не мёдам там намазана, у той Еўропе – усяго хапае. І, калі б была магчымасць, я б з задавальненнем жыў са сваёй сям’ёй і вечарам вяртаўся ў цёплы ўтульны дом, на жончыны баршчы і катлеты, а не душыўся фаст-фудам.
Зразумейце: справа не ў тым, што я, такі-сякі, не хачу плаціць падаткі ў сваёй краіне. Справа ў тым, што мне пакуль не могуць прапанаваць работу і зарплату адпаведна маёй кваліфікацыі і, галоўнае, – надзённым патрэбам. Таму я і працую за мяжой, каб забяспечыць годнае існаванне сваёй сям’і.
Такі вось я “дармаед”.
Ігар К.