Як дастаецца жыхарам Ашмянскага раёна малако і колькі яно каштуе

Общество

Устойлівым выразам «белае золата» часта называюць бавоўну, бо менавіта яна з’яўляецца асновай эканомікі шэрагу сярэднеазіяцкіх дзяржаў. Але гэта дакладна не пра нас — клімат Беларусі не дазваляе вырошчваць гэту культуру. Не пашанцавала нам і з залежамі нафты — так званага чорнага золата.

Рабіць стаўку нам прыходзіцца на свой аграпрамысловы комплекс, які не толькі гарантуе харчовую бяспеку краіны, але і пастаўляе сваю прадукцыю за мяжу. Да папулярных экспартных тавараў айчыннай сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адносяцца малако і малочныя прадукты. Яго, калі разабрацца, можна смела лічыць беларускім белым золатам.

Падчас сустрэчы на ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц справядліва адзначыў, што малако зараз на вагу нафты. Калі адзін барэль (каля 159 літраў) нафты каштуе 82$, то такі ж аб’ём малака пры кошце 1,2 рубля за літр — 88$.

Як дастаецца беларусам, у прыватнасці жыхарам нашага раёна, гэта самае белае золата і колькі яно каштуе на самай справе, высвятляў наш карэспандэнт.

Статак скарачаецца

Зразумела, што асабістыя падсобныя гаспадаркі ў вытворчасці малака — не самае галоўнае звяно. І ўсё ж не браць іх у разлік — наўрад ці правільная пазіцыя. Магчыма, сучасныя малочнатаварныя комплексы справяцца са сваёй задачай, аднак і рагуля на падворку бабы Мані нічым ім не перашкаджае.

Вось толькі статкі людскіх кароў імкліва скарачаюцца. Так, згодна са статыстычнымі звесткамі, у 2007 годзе ў Ашмянскім раёне налічвалася 3357 кароў. На першага студзеня 2018 года — 1101. Калі зазірнуць яшчэ ў больш аддаленае мінулае, то заўважым, што лічба гэта скарацілася нават не ў тры разы. Гадоў дваццаць таму ў Жупранах, напрыклад, налічвалася пад 150 рагуляў, зараз 152 на ўвесь Жупранскі сельсавет.

Многія адмовіліся ад буйной рагатай жывёлы. Прычыны — розныя. Адным прыйшлося выехаць у горад на работу, другім стала цяжка трымаць вялікую гаспадарку, бо і гады ўжо не тыя, трэція сутыкнуліся з праблемай збыту малака: чалавеку, які працуе, няма калі гандляваць на рынку, а здача дзяржаве — тая яшчэ песня…

Гэта гараджанам, якія ніколі не трымалі ў руках падойніка, не пасвілі «кулейку», не сенавалі аж да паўночы, абы толькі дождж не змачыў высушанае сена, здаецца, што малочная справа — лёгкая. Вяскоўцы ж ведаюць ёй сапраўдную цану.

Тры каровы — не жарт

Стрыечныя сёстры Людміла Дорняк і Крысціна Ганусевіч з Баранцаў прысвяцілі малочнай справе ўсё жыццё. Для іх яна няцяжкая, хутчэй звыклая. Кароў трымалі іх бабулі, потым бацькі, ужо і ў жанчын па 25 гадоў «стажу».

Людміла Дорняк

— Усе каровы з аднаго гнязда, — адзначае Людміла Чаславаўна, даючы зразумець, што з пароды яны стараюцца не збівацца, бо ад гэтага ў многім залежыць «малочнасць» жывёлы.

Зараз на іх падворках па тры рагулі. Рамашка, Марта і Краса заўсёды даюць работу Крысціне, Белка, Зорачка і Рагуля трымаюць у тонусе сваю гаспадыню — Людмілу. З раніцы да позняга вечара жанчыны на нагах. Падаіць, вывесці на пашу, спарадкаваць малако — іх паўсядзённыя клопаты. Але імі не абмяжоўваецца сялянская праца, бо трэба загадзя падрыхтавацца да зімова-стойлавага перыяду.

Добры гаспадар ведае, што адным сенам не абыйдзешся.

— Сёлета вось прывезлі чатыры прычэпы сена, як звычайна, нарыхтоўваем буракі, бульбу, абавязкова муку, — расказваюць нашы гаваркія субяседніцы.

Каб сена ішло спарней, вяскоўцы дабаўляюць у сечку салому, а таму і пра яе трэба паклапаціцца — выпісаць у мясцовай гаспадарцы. Адзін рулон, кажуць, каштуе 20 рублёў, а каб у вус не дзьмуць, трэба іх дзесьці шэсць — што на корм, а што на падсцілку.

Нарыхтоўкай кармоў займаюцца ўсёй сям’ёй. Балазе, дэфіцыту сенакосу няма. На ўсе Баранцы засталося дзесяць кароў (а было каля шасцідзесяці), таму нават па вёсцы, абкошваючы ўчасткі, можна набраць, колькі трэба. Мужчыны выкройваюць час ад работы і выхаднымі або вечарамі косяць, жанчыны з дзецьмі сушаць, потым разам складаюць ва ўсе магчымыя паветкі і пунькі. Жартачкі, тры каровы!

Не толькі гаспадары, але і эканамісты

Размова з Людмілай і Крысцінай пераканала, што сялянам часцяком прыходзіцца быць не толькі руплівымі гаспадарамі, але і эканамістамі, спецыялістамі па збыце і закупках, сачыць за зменамі ў заканадаўстве.

Крысціна Ганусевіч

Так, некалькі гадоў таму ўзнікла неабходнасць прачыпіраваць рагуляў. За 2,50 рубля ў кожнай каровы з’явіліся жоўтыя «завушніцы» з асабістым нумарам. Толькі з гэтым «упрыгожваннем» жывёлу можна здаць на мясакамбінат ці ў сельскагаспадарчае прадпрыемства, малако толькі ад такой каровы дазваляецца прадаваць.

Яшчэ прыклад. Дзе вяскоўцу ўзяць збожжа? Пасеяць? Дык няма чым зжаць — мясцовыя гаспадаркі абы паспелі калгаснае прыбраць з палеткаў. Купіць? Дык па кішэні б’е. Кемлівыя сяляне ведаюць, што атрымаць зерне можна за цялят, калі іх здаць… напрыклад, у Гервяты. За 1 кілаграм цялушкі тут даюць 25 кілаграмаў зерня, за бычка — па 20. Да таго ж мае значэнне масць жывёлы. Лепш цэняцца чорна-белыя цяляты.

Так, Людміла Чаславаўна сёлета насыпала ў засекі каля пяці тон збожжа. Маючы ўласны млынок, можна зімаваць спакойна.

Што па чым?

Два разы на тыдзень жанчыны прывозяць сваю прадукцыю на рынак у Ашмяны. Калісьці вазілі ў Маладзечна, аднак пасля таго, як гандлёвыя рады там закрылі, перабраліся ў райцэнтр. У іх асартыменце малако, смятана, тварог, масла, некалькі відаў сыроў. На ўсё свой кошт: малако — па 1,20 рубля за літр, кілаграм тварагу і літр смятаны — па 5 рублёў, масла — па 12.

Цэны прыкладна як у магазіне, а вось якасць на парадак вышэйшая. Тлустасць дамашняй «малочкі», бадай што, галоўная прычына яе папулярнасці.

Дарэчы, за столькі гадоў у Людмілы Дорняк і Крысціны Ганусевіч склалася сваё кола пастаянных кліентаў. Жанчыны ўжо ведаюць, каму трэба літр малака і паўкіло тварагу, каму — кавалачак масла, а каму — плаўлены сыр. За якасць сваёй прадукцыі яны адказваюць рэпутацыяй, а ў канчатковым выніку — памерам выручкі. Аднак дзеля спакою пакупніка рэгулярна правяраюць тварог на лейкоз. Адпаведную спраўку пасля аналізу выдаюць супрацоўнікі ветэрынарнай станцыі. Дарэчы, гэта не адзіны дакумент, які дае права прадаваць сваю прадукцыю — трэба, акрамя таго, заплаціць за месца.

Гандаль раз на раз не прыходзіцца: у пачатку месяца, кажуць жанчыны, рынак горшы, потым крыху байчэйшы. Праўда, у любым выпадку варочацца дамоў з поўнымі клумкамі ім не даводзілася. Хіба што сыр часам застаецца.

Крыўдная арыфметыка

Каб завезці малочную прадукцыю на рынак, трэба добра папрацаваць. Ад малака аддзяліць смятану, сквасіўшы малако, зрабіць тварог, наварыць сыроў, са смятаны збіць масла. Калі ўлічыць, што летам тры каровы даюць больш за 80 літраў малака ў дзень, то можна ўявіць, колькі старання трэба прыкласці гаспадыні, каб своечасова і якасна яго перапрацаваць.

Канешне, Людміла і Крысціна ў многім аптымізавалі працэс. Яны карыстаюцца даільным апаратам, электрычнымі сепаратарам, маслабойкай. Тэхніка, зразумела, аблягчае жыццё, і ўсё ж нішто не заменіць чалавечых рук.

Чаму ж тады проста не здаць надоенае малако дзяржаве? Колькі вольнага часу засталося б! Такі варыянт да гэтага часу карыстаецца попытам у вяскоўцаў, больш, праўда, у тых, якія здаюць лішкі і не столькі зарабляюць на малацэ, колькі стараюцца яго не сапсаваць. Ну не на зямлю ж выліваць гэта белае золата!

Закупачная цана на малако, якое здае насельніцтва, — 51 капейка за літр (на рынку — 1,20 рубля, не танней і ў магазіне), гэта пры тым, што тлустасць яго 3,6. А нярэдка здараецца, што яе па пэўных прычынах заніжаюць, і тады здымаюцца літры. Крыўдная атрымліваецца арыфметыка.

Цікава ведаць

Карову можна купіць за 800 — 1100$.

Добры гаспадар надойвае летам 28 літраў малака, ці 28,8 кг, цяпер — 15 — 20 літраў, ці 15,45 — 20,6 кг.

Сярэдні надой на карову ў гаспадарках раёна на 29 мая — 13,2 кг; на 13 кастрычніка — крыху больш за 11,2 кг.

Кропля ў моры

Як паведамілі  спецыялісты Ашмянскага сыраробнага завода, за дзевяць месяцаў бягучага года на прадпрыемства з асабістых падворкаў нашага раёна паступіла 2172,9 тоны малака (да прыкладу за аналагічны перыяд 2012 года — 3685,3 тоны). Па мерках завода гэта кропля ў моры — 10 працэнтаў ад усяго аб’ёму, які паступае з нашага раёна на завод. Малако, якое здае насельніцтва, нават не дзеліцца па сартах і выкарыстоўваецца для сепарыравання і вытворчасці масла. Разам з тым патрабаванні да яго якасці стабільна высокія, лабараторыя не прапусціць ні шклянкі малака, якое не адпавядае нормам.

Здараецца, што бочкі з малаком заварочваюць назад — белае золата не вытрымлівае аналізу на наяўнасць антыбіётыку. Калі хтосьці адзін здаў такое малако, то, лічы, уся партыя сапсаваная.

Аляксей Прэдка

— У такіх выпадках прыходзіцца развозіць малако назад, — зазначае малаказборшчык Аляксей Прэдка.

Хто збірае малако?

Малако Аляксей збірае ў 25 населеных пунктах — вёсках Жупранскага і Гродзінскага сельсаветаў. З пяці раніцы да паловы адзінаццатай калясіць ён на сваім «Мэрсэдэсе» па акрузе. Летам — штодня, цяпер, калі малака стала менш, — праз дзень. Яго «надой» — ад 1,8 тоны ў самы разгар сезону да 1,3 тоны восенню і зімой.

З 9 да 9.30, напрыклад, малаказборшчыка можна сустрэць у Ягелаўшчыне. І хаця для аб’езду тут няшмат двароў, ля кожнага вядра трэба спыніцца. Так, літр за літрам адпраўляюцца ў невялікую пластмасавую бочачку, засцеленую белай цадзілкай. З гэтай ёмкасці малочная крыніца насосам качаецца ў большую. Дарэчы, у кузаве дзве ізаляваныя бочкі, уладкаваныя па прынцыпе тэрмаса — падтрымліваюць тэмпературу, не даючы малаку псавацца нават улетку. За адзін рэйс Аляксей можа даставіць на завод каля дзвюх з паловай тон малака.

Аўтамабіль у малаказборшчыка ўласны, а інтарэс — асабісты. Аляксей — індывідуальны прадпрымальнік (такіх у раёне сем). Сваю справу ён ведае добра. Два гады працаваў на прыватнага ўласніка, пасля вырашыў паспрабаваць самастойна. Ён, як і людзі, якія здаюць малако, зацікаўлены ў танажы, бо гэта і яго заробак. Разлікі і з насельніцтвам, і з малаказборшчыкамі вядзе завод. Астатняе — усё, што не падпадае пад інструкцыі, дырэктывы і тэхналагічныя рэгламенты, — на сумленні кожнага ўдзельніка малочнай справы, якім мы абавязаны багатым асартыментам у магазіне і на рынку.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *