У Барунах пасадзілі алею Маці

Общество

Ушанаванне жанчыны-маці ў нашай школе мае сваю традыцыю. У шэрагу шматлікіх свят, якія адзначаюцца намі, Дзень Маці займае асаблівае месца. У гэты дзень хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім матулям, якія дораць дзецям любоў, дабро, пяшчоту і ласку. І гэта цудоўна: колькі б добрых слоў мы не казалі нашым мамам, лішнімі яны не будуць.

15 кастрычніка школа гасцінна адчыніла дзверы для матуль, запрошаных на святочны канцэрт, які прайшоў у актавай зале. Жанчын павіншавалі не толькі іх дзеці, якія падрыхтавалі музычныя нумары, але і начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская і ксёндз Юрый касцёла Святых Пятра і Паўла ў Барунах. Затым свята прадоўжылася на прышкольным участку. Усе навучэнцы ўстановы ад дашкольнікаў да адзінаццацікласнікаў выйшлі на закладку алеі Маці.

Дружна, з энтузіязмам узяліся за справу мамы і дзеці. Прыемна было глядзець на дашкалят, якія стараліся, напэўна, больш за ўсіх: падносілі ваду, засыпалі лункі. Кожны клас і дашкольная група пасадзілі сваё дрэва, якое стане сімвалам любові да сваёй малой радзімы. Каля кожнага дрэўца паставілі таблічкі з інфармацыяй аб удзельніках акцыі. Пройдуць гады, вырастуць дзеці, разам з імі вырасце алея — цудоўны напамін пра свой уклад у развіццё ўстановы.

Алена БРАЖЫЦКАЯ, настаўніца нямецкай мовы Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *