Адкуль з’явілася прымаўка «Слухай мяне – будзеш у Ашмяне»

Вельмі часта людзі з Ашмяншчыны, асабліва прадстаўнікі старэйшага пакалення, называюць наш раённы цэнтр не «Ашмяны», як прынята ў літаратурнай мове, а кажуць па-мясцоваму «Ашмяна» з націскам на апошнім складзе. Назва горада атрымлівае праз гэта жаночы род: «шумная, вялікая, прыгожая Ашмяна» і гэтак далей.

«Паеду ў Ашмяну, быў у Ашмяне на базары, а яго сват жыве ў Ашмяне», – часта можна пачуць ад жыхароў Ашмянскага раёна. Бытуе на Ашмяншчыне своеасаблівая прымаўка: «Слухай мяне – будзеш у Ашмяне». Занатаваў яе ў нашым раёне, у вёсцы Гродзі, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Аляксандравіч Даніловіч, змясціўшы яе ў сваёй публікацыі «Малыя фальклорныя творы, запісаныя на Гродзеншчыне». Навуковец, праўда, не апісвае кантэксту, у якім выслоўе ўжываецца ў маўленні. Як падаецца, прымаўку звычайна згадваюць у сітуацыі, калі хочуць некага пераканаць у сваёй рацыі, звярнуць увагу на свае словы: «Я ж табе благога не параю. Слухай мяне, то будзеш у Ашмяне». Часам нехта з іроніяй можа падкрэсліць гэтак сваю дасведчанасць: «Слухай мяне – будзеш у Ашмяне. А хто мяне не слухае, той у пальцы дзьмухае».

Літаратуразнаўца Уладзімір Содаль занатаваў у сваёй кнізе «Умей слухаць» наступную народную гісторыю з Ашмяншчыны: «Ехалі двое ў Ашмяну. Ехалі не гасцінцам, не бітым шляхам, а ўсё ляснымі ды блытанымі дарогамі. Адзін з іх трывожыўся, хваляваўся, а ці так яны едуць, ці ў тым накірунку. А другі суцяшаў-супакойваў:

– Не хвалюйся, не турбуйся! Слухай мяне – і мы будзем у Ашмяне!»

Падобны аповед мне даводзілася чуць у Жупранах, праўда, мае суразмоўцы, старэйшыя жыхары мястэчка, дадавалі, што апісаныя ў показцы людзі спяшаліся на суд. Гэта спарадзіла ў мяне здагадку, што, магчыма, гісторыя гэта і адпаведная прымаўка вядуць свой радавод з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Тады Ашмяны мелі вельмі важны статус судовага горада ў надзвычай разлеглым былым Ашмянскім павеце, у склад якога, да прыкладу, уваходзілі наступныя гарады і мястэчкі: Свянцяны (цяперашняя Літва), Паставы (цяпер Віцебская вобласць), Мядзель, Лебедзева (Мінская вобласць), Іўе, Юрацішкі (Іўеўскі раён), Канвелішкі (Воранаўскі раён) і гэтак далей. Для жыхароў з усёй гэтай тэрыторыі менавіта ў Ашмянах адбываліся тры суды: падкаморскі, земскі і гродскі.

Гэтыя суды разбіралі перш за ўсё справы шляхты – прадстаўнікоў дваранства. У Ашмянскім павеце шляхты было даволі шмат, але яна была дробная ды незаможная. Пра яе, як піша даследчык Чэслаў Янкоўскі, існавала нават іранічнае выслоўе: «Ашмянскі шляхціц – адна нага ў боце, другая ў лапці». Гэткая шляхта праз сваю беднасць часта насіла шэрую даматканую вопратку, таму яе і празывалі «шарачковай». Жыла яна ў невялічкіх селішчах – засценках, з-за чаго клікалі яе таксама «засцянковай». Хоць некаторыя шляхціцы і былі бедныя, але фармальна яны былі роўныя ў правах з найбагацейшымі магнатамі. Гэта давала ім падставу для вялікага гонару, які, між іншым, даводзілася бараніць у судах. Таму Ашмяны – цэнтр павета – сталі для іх асаблівым месцам, «судовай Меккай».

Чым жа адрозніваліся між сабою тры ашмянскія суды?

Падкаморскі суд называлі яшчэ часам межавым. Менавіта ён разглядаў спрэчкі наконт межаў зямельных уладанняў. Суд ажыццяўляла адна асоба – падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў. Падкаморы дасылаў позвы абодвум бакам з пазначэннем даты, калі яны мусілі прыехаць на спрэчную тэрыторыю. Справа разглядалася на месцы. Падкаморы асабіста вывучаў дакументы, аглядаў межавыя знакі, прыводзіў да прысягі і дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Сваё рашэнне (гранічны ліст) з уласным подпісам і пячаткай перадаваў у земскі або гродскі суд.

Земскі суд разглядаў крымінальныя справы шляхты: крадзяжы, рабаванні, забойствы і гэтак далей. У земскі суд маглі падавацца скаргі на бяспраўныя дзеянні службовых асоб павета. У склад суда ўваходзілі суддзя, падсудак і пісар. Усе яны выбіраліся шляхтай сярод прадстаўнікоў свайго саслоўя. Выбранымі маглі быць дваране, якія мелі маёмасць на тэрыторыі павета.

Судом не толькі для шляхты, але і для мяшчан, і для сялян быў гродскі суд. Ён дзейнічаў у двух складах – вышэйшым і ніжэйшым. Вышэйшы гродскі суд выконваў функцыі суда другой (г.зн. апеляцыйнай) інстанцыі ў адносінах да ніжэйшага складу гэтага суда.

Першапачаткова ў гродскім судзе разглядаліся амаль усе мясцовыя справы, але пазней, са з’яўленнем іншых судоў (земскага і інш.), у кампетэнцыі гродскага засталіся толькі «гарачыя справы» – аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаннях, падпалах, разбоях, згвалтаваннях, атручваннях, а таксама грамадзянскія справы аб вяртанні збеглых прыгонных сялян і чэлядзі.

Асноўнай задачай гродскага суда было ажыццяўленне правасуддзя адносна асоб, злоўленых «з ліцом» (гэта значыць на месцы ўчынку), а таксама затрыманых на працягу 24 гадзін пасля здзяйснення злачынства. Калі злачынец-шляхціц паспяваў цягам 24 гадзін схавацца ў сваіх уладаннях, яго належала выклікаць адмысловай позвай у суд на чарговае судовае пасяджэнне, але не пазней, чым праз 4 тыдні. Калі тэрмін быў прапушчаны, зацікаўлены бок мог звярнуцца ў земскі суд.

Судовых працэсаў было ў часы ВКЛ гэтак шмат, а Ашмянскі павет быў такі вялікі, што земскі і гродскі суды пачалі праводзіць у былым Ашмянскім павеце не толькі ў Ашмянах, але таксама і ў Мядзелі. Туды маглі звяртацца жыхары, якія жылі ў гэтак званай завілейскай частцы Ашмянскага павета – той, якая месцілася за ракой Віліяй. А з 1775 года гэтыя суды перанеслі з Мядзеля ў Паставы. У 1791 годзе з той часткі Ашмянскага павета вылучылі асобны павет – Завілейскі.

Прымаўка ж «Слухай мяне – будзеш у Ашмяне» жыве і дагэтуль. Напісаная на шыльдзе і ўсталяваная ў Ашмянах яна б выдатна адлюстроўвала мясцовы каларыт і гарманічна б упісвалася ў гарадскі ландшафт сучаснага раённага цэнтра. Цудоўна б глядзеўся адмысловы стэнд з прымаўкай на ўездзе ў Ашмяны, служачы пацешным і арыгінальным прывітаннем для гасцей горада.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля