Ветэрану вайны Браніславу Шагідзевічу – 95 год

Общество

Бог дае чалавеку столькі іспытаў, колькі ён можа вынесці: не больш і не менш. Гледзячы на ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Іванавіча Шагідзевіча, не верыцца, што гэты чалавек змог столькі перанесці ў жыцці і пры гэтым не страціць бляску ў вачах, не пакрыўдзіцца на ўвесь белы свет, а, наадварот, прадаўжаць жыць з верай у людзей, радавацца кожнаму пражытаму дню, не траціць аптымізму і пачуцця гумару. Гэты моцны духам чалавек жыве сціпла, не любіць гучных слоў у свой адрас, адчувае сябе няёмка, калі трэба нешта расказваць пра сябе. І не таму, што яму няма чаго сказаць. Вайна ніколі не сатрэцца з яго памяці, гэтак жа, як і пасляваенныя гады з рэпрэсіямі і грузам падазрэнняў, з турэмным зняволеннем амаль на сем год і рэабілітацыяй…

У дзень свайго 95-годдзя сустракаў юбіляр гасцей у добрым настроі і з удзячнасцю, што ў раёне памятаюць і паважаюць яго заслугі. Віншаванні прымаў Браніслаў Іванавіч ад дырэктара філіяла ААТ «Дражджавы камбінат” Ашмянскі дражджавы завод Міхаіла Яжэвіча (на гэтым прадпрыемстве Браніслаў Іванавіч працаваў электрыкам), старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыя Карповіча, вучняў СШ №2 і педагога-арганізатара Алены Абрамовіч, першага сакратара райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Вольгі Шыдлоўскай, старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміра Бельчанкі, які па даручэнні мясцовых органаў улады ўручыў юбіляру Падзячнае пісьмо ад раённага Савета дэпутатаў, намесніка старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталлі Ліпавой.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь утульная кватэра Шагідзевічаў поўнілася шматлікімі гасцямі. Цёплыя віншаванні прымаў ветэран ад сваіх родных і блізкіх, ад людзей, якія паважаюць і цэняць Браніслава Іванавіча найперш як чалавека жыццялюбівага, справядлівага, сціплага і мудрага.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *