Канцэртная праграма “Зямля з блакітнымі вачамі”, прымеркаваная да Дня Незалежнасці, прайшла ў Гальшанах

Культура

Вядучая Насця Акулевiч павiншавала ўсiх прысутных са святам і нагадала, што Беларусь — край легендаў, казак і паданняў. Каму, як не гальшанцам ведаць пра гэта?! Менавіта сюды едуць турысты з усіх куточкаў краіны, а таксама з замежжа, каб убачыць Белую панну і Чорнага манаха, каб дакрануцца да сівой даўніны, палюбавацца мясцовымі краявідамі.

Нашу краіну нездарма называюць зямлёй пад белымі крыламі, сінявокай Беларуссю. Яна славіцца сваімі лясамі, рэкамі, азёрамі, працавітымі і шчырымі людзьмі. Гэта думка чырвонай стужкай гучала на працягу святочнай праграмы, зладжанай у аграгарадку Гальшаны. А яшчэ да радасці вызвалення роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое мы адзначаем у гэтыя дні, абавязкова дадаецца памяць аб героях, якія падарылі нам мір.

Падчас канцэрта разам з артыстамі аддзела культуры і вольнага часу гальшанцы спявалі  песні, танцавалi. Да ўвагі вяскоўцаў была прадстаўлена выстава, якую падрыхтавала З.У. Сарокiна. Яе вышыванкі, сурвэткі і ручнікі выклікалі ў прысутных асаблівае замілаванне. У гэты дзень жыхары аграгарадка пабывалi таксама ў чытальнай зале пад адкрытым небам «Беларусь у маiм сэрцы», якую прадставiлi работнiкi бiблiятэкi.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *