Cвой векавы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Каменны Лог

Общество

У цудоўнае каталіцкае свята нараджэння Яна Хрысціцеля свой векавы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Каменны Лог Мар’яна Іванаўна Рачко. Добразычлівы і шчыры чалавек, ветлівая і спагадлівая маці, яна сама выйшла на ганак, каб сустрэць шматлікіх гасцей. Прыемна, што прадстаўнікі райвыканкама, міліцыі і грамадскасці раздзялілі з ёй вялікае свята.

IMG_4635

 

Твар Мар’яны Іванаўны асвятляла лагодная ўсмешка, гучалі цёплыя, а часам і цяжкія ўспаміны. Пражыўшы такое доўгае і сумленнае жыццё, яна кожны дзень дарыла любоў сваім сынам, унукам і праўнукам. Сёння Мар’яна Рачко з упэўненасцю можа сказаць, што ўсмешка на яе твары толькі ад таго, што яе любяць і цэняць родныя, паважаюць і памятаюць вяскоўцы і людзі, з якімі яна раздзяліла шчаслівыя моманты свайго жыцця.

У гэты дзень жанчына пачула шмат цёплых слоў і пажаданняў не толькі ад сваіх блізкіх і родных, але і ад гасцей. Не забываюць пра Мар’яну Іванаўну і яе сям’ю старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, старшыня Каменналогскага сельвыканкама Святлана Жалудкевіч, кіраўніцтва КСУП «Прыгранічны», калектыў сельскага клуба і яго загадчык Анастасія Віткоўская, якія і сёння адрасавалі жанчыне цёплыя пажаданні. Не засталіся ў баку ад віншаванняў раённыя арганізацыі і аб’яднанні, сярод іх — «Белая Русь» і «БРСМ».

IMG_4652

Уручыць прыемныя падарункі і пажадаць здароўя Мар’яне Іванаўне, якая шмат гадоў аддала працы ў сельскай гаспадарцы, прыехала старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай.

Мілагучнымі гукамі баяна і звонкімі спевамі напоўнілі дом імянінніцы супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Аксана Бітэль, Ларыса Сурынава і валанцёры.

IMG_4682

Віншавальную эстафету прыняў начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Дзяніс Якавец, які ўручыў жанчыне новы пашпарт. Ён пажадаў імянінніцы здароўя і выказаў надзею, што хутка мы ўсе разам збяромся на яшчэ адзін юбілей. Дай Бог!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *