Летнік «Алімпіец» працуе на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы

Культура

Бадай, у кожнага чалавека самыя прыемныя дзіцячыя ўспаміны звязаны з летнім адпачынкам. Канікулы — недатыкальны час для забаў, сонца, цікавай кніжкі, сустрэч з сябрамі, падарожжаў, захапленняў і здзяйснення самых неверагодных мараў. Як бавіць вольны час, вызначаюць самі дзеці і іх бацькі, для якіх на першым месцы стаіць здароўе і бяспека.

Гэтым патрабаванням цалкам адпавядаюць умовы, якія ствараюць для выхаванцаў летнікі — з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, працоўныя і інтэлектуальныя, спартыўныя і гістарычнага накірунку…

IMG_1889

Цікавую праграму прапануе дзецям спартыўна-аздараўленчы летнік «Алімпіец», які працуе на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы імя Андрэя Барбашынскага. Сёлета ў кожную з трох зменаў тут плануюць адпачыць па пяцьдзясят выхаванцаў.

— Канешне ж, важны акцэнт робім на спартыўныя трэніроўкі, якім адводзіцца некалькі гадзін у дзень, — расказвае начальнік лагера Пётр Сапронаў. — Хлопцы і дзяўчаты па выбары займаюцца гандболам, футболам або лёгкай атлетыкай.

IMG_1928

У кожнага атрада ёсць свой вопытны трэнер, які, па праўдзе кажучы, не дае спуску на занятках. Бо спорт — гэта сур’ёзная работа. Упэўніцца ў гэтым выхаванцы змаглі і падчас сустрэчы з нашым земляком, алімпійскім чэмпіёнам па гандболе Андрэем Барбашынскім. Незвычайны падарунак — квіткі на адборачны матч сярод мужчынскіх каманд Аўстрыі і Беларусі — атрымалі дзеці ад Беларускай федэрацыі гандбола. Трапіць на маштабнае спартыўнае спаборніцтва ім дапамагло упраўленне адукацыі.

Акрамя таго, штодзень хлопчыкі і дзяўчаты трымаюць курс у адзін з цікавых куточкаў Ашмяншчыны. У маршруце «алімпійцаў» першай змены ужо адзначаны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, кінатэатр, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і… дзіцячая Мека — возера! Ну які, скажыце, адпачынак у летнюю спёку без водных працэдур?! Са згоды бацькоў дзеці, што адпачываюць ў лагеры, разам з трэнерамі наведваюць возера ў квартале Будаўнікоў. І тады няма мяжы для шчаслівых усмешак і ўдзячнасці. Час тут ляціць імгненна. Не паспееш азірнуцца — падвячорак, трэба вяртацца. Але адчайвацца не варта — ласкавае сонейка заўтра ізноў пакліча на бераг.

IMG_1977

У летніку «Алімпіец» для выхаванцаў арганізавана ўзмоцненае трохразовае харчаванне. У разнастайным меню вы знойдзеце не толькі смачныя, але і карысныя стравы, ужо ад назваў якіх набягаюць слінкі. Нездарма дарослыя жартуюць, што самі з радасцю правялі б 18 дзён у такім маленькім раі. Вось толькі разлічаны летнік выключна на дзяцей ад 6 да 17 гадоў. Дарэчы, тых, хто яшчэ не вызначыўся, дзе правесці ліпень і жнівень, чакаюць другая і трэцяя змены «Алімпійца». Трэнеры абяцаюць, што шкадаваць не прыйдзецца.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *