Ветэраны Ашмянскага раёна прымаюць віншаванні

Общество

Сёння на Ашмяншчыне жыве дзевяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.  Нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, яны ўсё ж маладыя душой і бадзёрыя аптымісты.

Напярэдадні вялікага свята Перамогі ў госці да ветэранаў завіталі старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Галіна Яшына і старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Юрый Карповіч. Павіншаваць ветэранаў, якія шмат гадоў аддалі працы ў гаспадарках раёна, прыехалі прадстаўнікі  раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса – старшыня Раіса Турлай і галоўны бухгалтар Аксана Людкевіч.

У гэты дзень прымаў віншаванні Станіслаў Бралкоўскі. Госці павіншавалі Станіслава Юльянавіча з надыходзячым святам, уручылі падарункі, запрасілі на майскую ўрачыстасць. Дзявяты майскі дзень адзначыць ветэран дома, разам з блізкімі і роднымі людзьмі. Ён жыве ў горадзе з нявесткай Вольгай Мікалаеўнай. Не абмінаюць дом па вуліцы Кальцавой і ўнучкі з сем’ямі. Увага родных, іх клопат, звонкі смех праўнукаў, які разносіцца па пакоях, сагравае вялікае сэрца мужчыны.

IMG_2667

Другім пунктам у “святочным” маршруце стала кватэра ветэраны вайны, сціслай жанчыны Таццяны Мягковай. Таццяна Сцяпанаўна шчыра прымала гасцей і напрыканцы сустрэчы падзялілася вершамі, што калісьці былі прысвечаны маладой дзяўчыне Таццяне, якая адправілася на вайну.

IMG_2689

Завіталі прадстаўнікі грамадскасці ў кватэры ветэранаў Браніслава Шагідзевіча і Зінаіды Заблоцкай. Уладзімір Бельчанка павіншаваў герояў, падзякаваў за подзвіг, мужнасць і гераізм, распытаў пажылых людзей аб іх надзённых справах і праблемах.

IMG_2694

У гэты дзень ветэраны пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў не толькі ад гасцей, але і ад сваіх блізкіх і родных. Акрамя слоў удзячнасці і кветак, ветэранам уручылі падарункі ад раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў і прадуктовыя пакеты ад мясакамбіната, сыраробнага завода і прадпрыемства “Белкава”.

Віншаванні ад органаў мясцовай улады прымалі таксама ветэраны, якія пражываюць на сяле.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *