Акцыя “Наш паклон вам, ветэраны!” праходзіць у Ашмянскім раёне

Общество

Хутка бяжыць час. Далёкім рэхам адгукаюцца ў сэрцах землякоў падзеі ваеннага ліхалецця. На жаль, сыходзяць нашы ветэраны… Але мы, нашчадкі, ніколі не забываем гераічны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Вось і сёння кажам шчыры “дзякуй” за мірнае неба над галавой і вольнае жыццё.

Па традыцыі напярэдадні Дня Перамогі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна разам з дырэктарам Ліліяй Невяркевіч арганізавалі святочную акцыю “Наш паклон вам, ветэраны!”. Да іх далучыліся школьнікі і моладзь, а таксама наведвальнікі аддзяленняў цэнтра. Вялікай і дружнай кампаніяй яны завіталі ў госці да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

IMG_2599

Першымі гасцей прымалі пацыенты тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў раённай бальніцы –Уладзімір Уладзіміравіч Лашкевіч і Казімір Іванавіч Заблоцкі. Шмат цёплых слоў віншавання з надыходзячым святам, слоў удзячнасці за мірнае жыццё, пажаданняў моцнага здароўя гучала ад дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ліліі Невяркевіч, ад загадчыка аддзялення Станіславы Сырамалот, інспектара Дануты Бунар, актывістаў БРСМ – вучняў СШ №1. Дарэчы, дома ў ветэранаў на доўгую памяць застанецца фотаздымак, зроблены падчас леташняй сустрэчы з работнікамі цэнтра, які ветэранам уручыла Лілія Мікалаеўна.

IMG_2595

Не засталіся ў баку ад свята наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў – дзяўчыны сваімі рукамі зрабілі цудоўныя паштоўкі, у якія ўклалі часцінку свайго сэрца. Слухачы і валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўручылі мужчынам салодкі падарунак, які аздобілі самастойна.

IMG_2612

Падарункі, кветкі, паштоўкі, а галоўнае ўвага і клопат аб старэйшым пакаленні вельмі расчулілі і парадавалі ветэранаў, якім гэта было неабходна, знаходзячыся ў бальнічным пакоі. Юныя баяністы Уладзіслаў Корсікаў, Юрый Барташэвіч і Ганна Крыніцкая разам са сваім выкладчыкам Галінай Адамаўнай Крыніцкай выканалі некалькі кампазіцый на баяне. Ім дружна падпявалі і ветэраны Айчыннай вайны, якія хавалі ледзь прыкметныя слёзы. Каб пачуць гучныя і знаёмыя кожнаму чалавеку акорды ваенных песень “Смуглянка” і “Кацюша”, нават з іншых бальнічных пакояў і кабінетаў выходзілі хворыя, медсёстры і ўрачы.

IMG_2620

Пасля творчы дэсант наведаў ветэранаў вайны ў горадзе — Браніслава Шагідзевіча, Таццяну Мягкову, Зінаіду Заблоцкую і Станіслава Бралкоўскага, а таксама завітаў у вёску Гейстуны  і аграгарадок Гальшаны да Іосіфа Прыгодскага, Івана Гардзея і Эдуарда Сарокі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *