Каманда футбольнай акадэміі Fair Play заняла другое месца на турніры ў Латвіі

Спорт

Каманда футбольнай акадэміі Fair Play 2007-2008 гадоў нараджэння заняла другое месца на міжнародным футбольным турніры ў Латвіі.

Нішто не радуе так настаўніка, як поспехі яго выхаванцаў, бо дасягненні дзяцей — гэта не проста рэзультат, гэта, перш за ўсё, узровень майстэрства настаўніка, вынік яго паўсядзённай працы.

DSC_7495

Трэнер і кіраўнік футбольнай акадэміі Fair Play Аляксандр Кушнер вярнуўся з міжнародных спаборніцтваў з выключна станоўчымі эмоцыямі. Яго маленькія выхаванцы паказалі на полі выдатную тэхніку гульні і ў чарговы раз даказалі, што з’яўляюцца зладжанай і дружнай камандай.

IMG-ce37dfe2605be26e554dfa94ae0bcac4-V

Вынікі гульні каманды 2007-2008 гадоў нараджэння наступныя: пройгрыш у гаспадароў турніра — каманды BFC Daugavpils-1 з лікам 2:7, перамогі над камандай Ilukstes FA (Латвія) з лікам 16:0, над футбольнай акадэміяй Rezeknes FA (Латвія) — 5:1, над камандай BFC Daugavpils-2 — 12:0. Дзякуючы такім вынікам юныя “акадэмікі” здолелі заняць 2 месца ў сваёй падгрупе і атрымалі магчымасць “падужацца” ў ½ фінала з камандай Рыжскай футбольнай акадэміі RFS. Гульня выдалася складанай, дынамічнай і прыгожай. Ашмянцы аддалі на полі ўсе сілы і, як вынік, перамаглі супернікаў з лікам 3:0. Перамога ў ½ фінала дазволіла камандзе футбольнай акадэміі паспрачацца ў выніку за золата. Ва ўпартай барацьбе нашы юныя футбалісты саступілі камандзе BFC Daugavpils-1 з лікам 1:6. Па выніках турніра ашмянскія хлопчыкі адзначаны сярод лепшых гульцоў: Максім Мацяйковіч — лепшы гулец каманды, Максім Капша — лепшы нападаючы турніра, Дзмітрый Кузьміч — лепшы абаронца!

IMG_20180415_132204042

Яшчэ адна наша каманда — 2005-2006 гадоў нараджэння — стартавала на турніры вельмі ўдала. Атрымаўшы дзве перамогі на групавым этапе, каманда саступіла гаспадарам BFC Daugavpils-1 з лікам 1:2. Ва ўсіх гульнях ашмянцы стварылі мноства галявых момантаў, але іх рэалізацыя была вельмі нізкай. Як вынік — 2-е месца ў падгрупе і выхад у 1/8 фінала. Там нашымі супернікамі стала каманда MOSP Bialystok White (Польшча). Пры выключна роўнай гульні і вялікай колькасці створаных галявых момантаў наша каманда прайграла з лікам 0:3. У гульнях за 5-8 месца, а потым за 7-8 месца каманда так і не здолела выбрацца з псіхалагічнай ямы і прайграла абодва матчы. На турніры лепшым гульцом каманды прызнаны Ілля Дэрвіс.

IMG-e7826a95e60edaa176d380f919f6c0a7-V

Падводзячы вынікі выступлення сваіх падапечных, Аляксандр Кушнер адзначыў:

– Гэта быў наш чацвёрты міжнародны турнір, два з якіх прайшлі ў Даўгаўпілсе. Каманды футбольнай акадэміі прадэманстравалі даволі прыстойны ўзровень гульні і на роўных, а часам і з перавагай змагаліся са сваімі супернікамі. Было цікава паглядзець на ўзровень падрыхтоўкі літоўскіх, латвійскіх і польскіх футбольных камандаў, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Турнір даў нам магчымасць набыць патрэбны футбольны досвед, а таксама паказаў слабыя бакі нашай гульні. Ад свайго імя хачу выказаць падзяку арганізатарам спаборніцтва, а таксама бацькам юных футбалістаў, якія падтрымлівалі “акадэмікаў” на працягу турніра. Перакананы, што ўдзел у міжнародных спаборніцтвах станоўча паўплывае на матывацыю юных спартсменаў і папоўніць іх футбольную скарбонку новымі ведамі, уменнямі і навыкамі.

IMG_20180415_132404720

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *